ШУКАЕМ СЯБЕ ў бабулькiным куфэрку

Кожны музей час ад часу рыхтуе для сваiх наведвальнiкаў падарункi. Музей старажытнабеларускай культуры Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору Нацыянальнай акадэмii Беларусi — не выключэнне. Сёння, у Міжнародны дзень музеяў, у iм адкрываецца выстава нацыянальных убораў, што насiлi беларусы ў канцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя.

Калекцыя нацыянальных убораў магла бясследна знiкнуць. Яна належала страхавому таварыству, якое распалася. I, як на шчасце, правы на збор унiкальных строяў выкупiла ААТ “Беларусбанк”.
 — Прыкладна 230 убораў збiралiся з пачатку 90-х гадоў у раёнах брэсцкага Палесся, а таксама ў цэнтральным рэгiёне Беларусi, — расказаў дырэктар музея Барыс Лазука. — Рэдкiя ўборы некаторы час належалi ААТ “Беларусбанк”, а два месяцы таму калекцыя была перададзена нашаму музею, за што мы вельмi ўдзячны старшынi праўлення Надзеi Ермаковай. Збор беларускiх строяў пакуль што не ўведзены ў навуковы зварот, але зусiм хутка мы пачнём больш падрабязнае даследаванне такiх элементаў касцюма, як намiтка, панёва-плахта, гарсэт i iншых. Спадзяюся, што калекцыя гэтых шыкоўных убораў прывабiць у наш музей нямала наведвальнiкаў.
Мне пашчасцiла ўбачыць шыкоўныя льняныя ўборы яшчэ да адкрыцця выставы. Скажу па сакрэту, ад iх немагчыма было адарваць вачэй!1a.jpg Чырвона-белыя спаднiцы, кашулi, фартухi, бялюткiя намiткi быццам свяцiлiся срэбным бляскам. Так i хацелася памераць касцюм, каб хоць на хвiлiнку вярнуцца ў мiнулае сваiх прабабуль.
Як адзначыў намеснiк мiнiстра культуры Рэспублiкi Беларусь Валерый Гедройц, музей сёння — гэта ўстанова, якая пастаянна ўдасканальвае сваю работу, развiваецца. У нашай краiне нямала музеяў. Прыкладна 135 належаць Мiнiстэрству культуры i больш за адну з паловай тысячы iснуюць на грамадскiх пачатках. Свае музеi маюць i мiнiстэрствы аховы здароўя, па надзвычайных сiтуацыях i iншыя. З кожным годам iх становiцца ўсё больш. У наступныя дзесяць гадоў плануем адкрыць яшчэ 24 музеi. Асаблiвасць iх у тым, што яны будуць падкрэслiваць адметнасцi свайго краю. 
Сёння ў музеях захоўваецца больш за 3 мiльёны 800 тысяч розных экспанатаў. Значную дапамогу ў гэтым аказвае дзяржава. Штогод у музеi прыходзiць усё больш людзей. У мiнулым годзе колькасць наведвальнiкаў склала тры мiльёны чалавек. Беларускiя музеi супрацоўнiчаюць з музеямi Расii, Украiны, Лiтвы, Латвii, Польшчы i iншымi. 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter