У фондах Эрмітажа знаходзіцца кішэнны гадзіннік зроблены на «Фабрыцы Дубровенскай»

Штучны тавар фабрыкi Дубровенскай

Былі часы, калі славілася менавіта беларуская вытворчасць гадзіннікаў
Tissot, Romanson, Orient — сёння менавіта гэтыя брэнды дыктуюць моду на гадзіннікі ва ўсім свеце.  А былі часы, калі славілася менавіта беларуская вытворчасць. У фондах Эрмітажа і сёння знаходзяцца тры кішэнныя гадзіннікі ў адкрытых сярэбраных карпусах з белымі эмалевымі цыферблатамі, на адным з якіх значыцца: «Фабрыка Дубровенская».


Вытворчасць гадзіннікаў у нашай краіне ў XVIII стагоддзі непарыўна звязана з імем Пятра Нардштэйна. Што гэта за чалавек, пра гэта крыху ніжэй. Пакуль жа разбяромся, як у тыя часы такая фабрыка магла з’явіцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У перыяд праўлення Пятра I у Расіі павялічылася цікавасць да заходнееўрапейскай навукі і тэхнікі, у тым ліку і да вытворчасці гадзіннікаў. У 1757 годзе ў Пецярбургу адкрылася Акадэмія мастацтваў, у якой з 1769 па 1801 год механічнай майстэрняй загадваў Іван Пятровіч Кулібін — аўтар шматлікіх вынаходак. Механічныя майстэрні ў тыя гады з’яўляліся найбуйнейшым навуковым цэнтрам у галіне прыборабудавання. Шматлікія навукоўцы і вынаходнікі Захаду лічылі для сябе за гонар супрацоўніцтва з Расійскай акадэміяй, падносілі ёй свае працы, удзельнічалі ў абвешчаных ёю конкурсах.

У XVIII стагоддзі моцна ўзрасла патрэба ў бытавых гадзіннiках. Для задавальнення патрэб індывідуальнага карыстання ўрад у 1769 годзе арганізаваў дзве казённыя фабрыкі па вырабе гадзіннікаў — у Маскве і Пецярбургу. Маскоўская фабрыка праіснавала толькі да 1778-га. Яе сіламі ў 1770 годзе былі ўсталяваныя куранты на Спаскай вежы Крамля. Трэцяя гадзіннікавая фабрыка адкрылася ў 1784 годзе па ініцыятыве святлейшага князя Р.А. Пацём-кіна-Таўрычаскага — уладальніка Купавінскай шаўковай фабрыкі — у яго маёнтку Дуброўна Магілёўскай губерні.


Рыгор Аляксандравіч умеў шанаваць вытанчаныя рэчы і тэхнічныя навіны, таму для арганізацыі гадзіннікавай вытворчасці запрасіў у Дуброўна майстра-іншаземца Пятра Нардштэйна, немца па паходжанні, які нарадзіўся ў Швецыі. Гадзіннікавы майстар прыбыў у Расію ў пачатку царавання імператрыцы Кацярыны II з патэнтам Стакгольмскай акадэміі навук на кішэнныя гадзіннікі новай канструкцыі. Царыца хацела стварыць у Расіі ўласную прамысловасць і актыўна прыцягвала замежных майстроў. Да таго моманту гадзіннікі ў нашай краіне былі прадметам раскошы — складанымі па тым часе прыладамі маглі валодаць толькі самыя заможныя людзі. Каб скарыць рускую імператрыцу, прадпрымальны немец падарыў ёй унікальны пярсцёнак з уманціраваным гадзіннікавым механізмам. Кацярына была настолькі здзіўлена яго майстэрствам, што адразу ж прызначыла Нардштэйна кіраўніком гадзіннікавага класа ў Акадэміі мастацтваў, якая стала першай у свеце ўстановай, дзе давалі вышэйшую прафесійную адукацыю гадзіншчыкам. Неўзабаве пасля таго, як фаварыт імператрыцы Рыгор Пацёмкін задумаў у сваім маёнтку гадзіннікавую вытворчасць, Пётр Нардштэйн быў запрошаны на пасаду кіраўніка.

Трэба прызнаць, што пераезд на Магілёўшчыну, хай і на кіруючую пасаду, быў не самым лепшым варыянтам для іншаземца. Але, маючы ў Пецярбургу казённую кватэру з ацяпленнем і асвятленнем і прыстойнае жалаванне ў 250 рублёў у год, Нардштэйн умудрыўся займець мноства даўгоў. Яго пачалі пераследаваць крэдыторы, таму ён адразу прыняў прапанову графа Пацёмкіна арганізаваць у Дуброўне вытворчасць гадзіннікаў, на што атрымаў 12 тысяч рублёў на 10 гадоў.


У абавязкі майстра ўваходзіла навучыць 30—40 чалавек, прычым не з больш-менш пісьменных дзяцей з гарнізонных школ, а зусім непісьменных з прыгонных сялян. Не далі яму і права выпісваць з-за мяжы бяспошлінна машыны і інструменты, неабходныя для абсталявання фабрыкі. Акрамя таго, Пётр Нардштэйн увесь час павінен быў утрымліваць вучняў за свой кошт. Але, нягледзячы на ўсё гэта, менавіта фабрыка Нардштэйна аказалася самай жыццяздольнай і праіснавала ажно да пачатку вайны 1812 года.

Дасведчаны майстар і педагог за кароткі тэрмін навучыў 33 падлеткі справе і наладзіў вытворчасць розных тыпаў гадзіннікаў. Паводле сведчання самога Нардштэйна, яго дубровенскія вучні былі навучаны «майстэрству рабіць самыя розныя кішэнныя гадзіннікі, насценныя і вялікія баявыя гадзіннікі, карпусы, маляваць лічбы на цыферблаце і пакрываць яго эмаллю, вырабляць ланцугі для гадзіннікаў, гравіраваць, пакрываць пазалотай, апрацоўваць спружыны, вырабляць усякага віду пілы, геаметрычныя інструменты і г.д.».


Вытворчасць была наладжана па мануфактурным прынцыпе, з па-дзелам працы — кожны майстар выконваў асобную аперацыю, а потым ішла зборка і рэгуляванне. Кішэнных гадзіннікаў выпускалася да 10 штук у месяц. Праўда, пасля смерці Пацёмкіна мануфактура была выкуплена казной у яго нашчадкаў. Некалькі дзясяткаў юнакоў і дзяўчат у 1795 годзе па ўказе імператрыцы былі перавезены спачатку ў Маскву, а потым у падмаскоўную вёску Купаўна. Там мануфактура дзейнічала ажно да свайго канчатковага закрыцця — да снежня 1804 года. Нешматлікая прадукцыя паступала толькі для патрэб двара, а заснаваная на прыгоннай працы фабрыка не магла канкурыраваць з еўрапейскімі вытворцамі. Пры вырабе гадзіннiкаў у Купаўне выкарыстоўваліся дэталі і вузлы, прывезеныя з Дуброўна.

На гэтым можна было б паставіць кропку ў гісторыі дубровенскіх гадзіннікаў. Але з архіўных дакументаў вядома, што 30 мая 1793 года, за тры гады да сваёй смерці, Кацярына II выдала ўказ, згодна з якім «...сялянскія сямействы Дубровенскай суконнай, га-дзіннікавай і пазументавай фабрык і свечачных майстроў, па адкрыцці першага падножнага корму з ранейшага свайго жылля ў Екацярынаслаў адправіць». У той час гэты горад (цяпер Днепрапятроўск) актыўна будаваўся. Перасяленцаў (285 сем’яў — 1792 чалавекi) сабралі ў адным паселішчы, якое спачатку не мела назвы. Паміж сабой людзі называлі яго Дубровенскім, а затым — Слабадой Сурскай, па назве ракі Сура, якая ўпадае ў Днепр.


Сярод перасяленцаў былі першакласныя гадзіншчыкі — выпускнікі Дубровенскай фабрыкі-школы. Адным з такіх майстроў быў Фёдар Кавальскі, які адкрыў разам з таварышамі па працы ў Екацярынаславе гадзіннікавую майстэрню, якая ў пачатку XIX стагоддзя стала адным з цэнтраў вытворчасці гэтых прылад у Расіі. Тут выкарыстоўваліся прыёмы і метады вырабу і зборкі гадзіннікаў, адпрацаваныя ў Дуброўне.

     Аляксандра УДАЛЬЦОВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter