Все больше предприятий страны переходят на системы безопасности и контроля доступа

Штучны iнтэлект бачыць наперад

Спакойна гуляць у любы час дня і ночы, не турбавацца за дзіця, якое адправілася ў школу ці забаўляецца на пляцоўцы, без праблем вярнуць згублены кашалёк або тэлефон, знайсці на месцы машыну з усімі рэчамі, якую забыліся закрыць, — гэта значыць, жыць у бяспецы. Дапамагчы дасягнуць высокага ўзроўню камфорту прызвана праграма «Бяспечны горад», якая паступова рэалізуецца ў нашай краіне. Сістэмы відэаназірання на дарогах, у шматлюдных месцах і проста на вуліцах, ахоўна-пажарная сігналізацыя – гэта яе састаўныя часткі, якія дазваляюць хутка прыняць меры рэагавання, вызначыць асобу злодзея, высветліць маршрут украдзенага аўто або чалавека, які згубіўся ці хоча схавацца. Да ідэальнага варыянта, які дазволіць трымаць пад кантролем абсалютна ўсё, шлях яшчэ няблізкі, але значныя крокі ў гэтым напрамку зроблены, а сістэмы бяспекі працягваюць развівацца. Карэспандэнт «Р» разбіралася, як сёння забяспечваюць абароненасць людзей на буйных прадпрыемствах. 
Камеры  відэаназірання  могуць не толькі здымаць падзеі, але і аналізаваць іх і адразу рэагаваць.,
axioma.by

Цвярозы падыход

Сучасныя сістэмы бяспекі неразрыўна звязаны з IT-тэхналогіямі. Так ствараецца адзіная інфармацыйная сістэма прадпрыемства, якая дапамагае скараціць выдаткі, узмацніць кантроль за вытворчымі працэсамі, павысіць эфектыўнасць працы. 

За такімі сістэмамі будучыня, і зараз іх актыўна выкарыстоўваюць вядучыя прадпрыемствы краіны, — сцвярджае Алена Мяшэчкава, намеснік дырэктара па развіццю кампаніі, якая прадастаўляе комплексныя паслугі ў вобласці сістэм бяспекі.

Бадай што самая сур’ёзная праблема і самы страшны кашмар кіраўніка любога вытворчага прадпрыемства – траўматызм. Нягледзячы на ўсе захады, якія прымаюцца, трагічныя выпадкі яшчэ не адышлі ў гісторыю. На жаль, нярэдка яны становяцца вынікам ужывання спіртных напояў. Пракантраляваць кожнага на ўваходзе цяжка, ды і не заўсёды вынікова: можа спрацаваць чалавечы фактар. А вось аўтаматызаваная сістэма праверкі работнікаў на цвярозасць літасці не ведае. 

Сістэма можа таксама фіксаваць час, калі супрацоўнік прыйшоў на працу і пакінуў яе, весці ўлік працоўнага часу, а галоўнае, правяраць на знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення, прычым гісторыя паказанняў прыбора захоўваецца, — расказвае Аляксандр Савіцкі, інжынер-праекціроўшчык. – Складаецца яна з двух невялікіх прыбораў – сканера для адпячаткаў пальцаў і алкатэстара. Навошта сканер? Каб адзін цвярозы чалавек не мог дыхнуць за калег. Работнік прыкладае палец да сканера, сістэма вызначае яго асобу, пасля чаго трэба дыхнуць у алкатэстар. Калі той зафіксуе пару алкаголя, доступ на аб’ект аўтаматычна забараняецца, а інфармацыя аб гэтым тут жа паступіць адказнай асобе – звычайна праз дадатак да мабільнага тэлефона.

Кантраляваць работнікаў такім чынам можна і на выхадзе. Зразумела, ахвотнікаў выпіць на рабочым месцы стане значна менш.

Разгледзець і зрабіць вывады

Камерамі відэаназірання сёння ўжо нікога не здзівіць, але адна справа здымаць падзеі, а другая – аналізаваць іх і адразу рэагаваць. Для гэтага створаны модулі відэааналітыкі. Па такім прынцыпе працуе дэтэктар адсутнасці касак. Сістэма «пазнае» чалавека, які трапіў у аб’ектыў відэакамеры, і вызначыць, ці ёсць у яго на галаве каска. Калі ахоўны галаўны ўбор адсутнічае, паведамленне аб гэтым паступіць у адміністрацыю — на тэлефон, манітор камп’ютара або на электронную пошту. Распрацоўшчыкі сістэмы спадзяюцца, што гэта дапаможа мінімізаваць колькасць траўм з-за парушэнняў патрабаванняў аховы працы.

Дэтэктар моцных гукаў аўтаматычна адпраўляе паведамленне і пачынае відэазапіс, калі фіксуе перавышэнне зададзенага праграмай узроўню гуку. Падчас працы на вытворчасці ціха не бывае, аднак форс-мажорныя абставіны могуць суправаджацца выбухам або надзвычайным грукатам, якія і ўловяць чуткія «вушы».  

Адзін  чалавек  можа  трымаць  пад наглядам вялікую тэрыторыю.
Фота Яўгена Колчава


Бытавыя аўтаномныя пажарныя апа­вяшчальнікі даказалі сваю эфек­тыўнасць у закрытых памяшканнях, а вось на вуліцы іх  не ставяць. На прадпрыемствах прымяняюць дэтэктары дыму і агню. Пры з’яўленні агню або дыму прыбор адразу падыме трывогу. Своечасовае апавяшчэнне работнікаў, якія знаходзяцца ў небяспечнай зоне, дапаможа ім хутка эвакуіравацца. Калі ж дэтэктар звязаны з сістэмай пажаратушэння, то аўтаматычна ўключацца насосы, гэта дазволіць хутка справіцца з узгараннем. Відэазапісы ж могуць дапамагчы пры расследаванні прычын узнікнення пажару. 

Нумары для парадку

Яшчэ адна праблема, якая існуе на прадпрыемствах, – крадзяжы прадукцыі, будаўнічых матэрыялаў, абсталявання, што вядзе да сур’езных страт.  Каб засцерагчыся ад іх, распрацаваны модуль трэкінгу: камеры «аглядаюць» кантрольную зону, напрыклад вакол агароджы ці каля варот, і ў выпадку ўзнікнення там падазронай актыўнасці адпраўляюць тэрміновае паведамленне ў адміністрацыю або службу аховы. Зняты відэаматэрыял захоўваецца ў архіве. 

Доступ на тэрыторыю прадпрыемства транспарту, які не мае да яе дачынення, забароніць модуль распазнавання аўтама­більных нумароў. 

Машына павінна прыпыніцца на стоп-лініі, каб камера вызначыла яе нумар. Калі ён унесены ў базу даных, шлагбаум падымецца. Выкарыстоўваецца і сістэма RFID-метак, якія наклейваюцца пад лабавым шклом. Шлагбаум не адкрыецца, пакуль яму не дазволіць кантролер, які счытвае радыёсігнал з меткі. Спыняцца, дарэчы, неабавязкова – счытвальнік дзейнічае на адлегласці больш за 10 метраў, — працягвае Аляксандр Савіцкі. 

Ёсць сістэмы, якія дазваляюць суаднесці аб’ём і вагу аўтамабіля. Так, празмерна цяжкая машына, якая павінна пакідаць тэрыторыю прадпрыемства пустой, абавязкова выклікае падазрэнні. 

Праводзіць для гэтых модуляў і відэа­камер дыверсіі марна: запісы пастаянна перадаюцца на сервер і захоўваюцца. Калі ж гэты сервер разам з камерамі, на якіх устаноўлены модуль, выйдзе са строю, камеры аўтаматычна пераводзяцца на рэзервовы. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter