Якімі разынкамі могуць пахваліцца нацыянальныя меншасці Беларусі

Штрыхі да партрэта

Традыцыі кожнага народа багатыя і разнастайныя. І як бы яны ні пераклікаліся між сабой, абавязкова знойдуцца рэдкія адметнасці, якія выклікаюць здзіўленне, захапленне і жаданне абавязкова ўбачыць іх ужывую або нават стаць іх часткай. У многіх такая магчымасць будзе на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, а калі больш дакладна, — на нацыянальных падвор’ях, дзе яго ўдзельнікі пастараюцца як мага больш падрабязна прадставіць культуру свайго народа. Але, на жаль, не ўсе змогуць даехаць да Гродна і асабіста прысутнічаць на свяце, таму знаёмцеся з найбольш унікальнымі традыцыямі этнічных меншасцей Беларусі на старонках “НГ”.


Фота БелТА


АЗЕРБАЙДЖАНЦЫ


А на дэсерт — цукровая галава

Немагчыма ўявіць азербайджанца без традыцыі чаяпіцця. Першая фраза пасля прывітання, якую прамаўляе муж жонцы, вярнуўшыся дадому, гучыць як “Чай вар?” (“Чай ёсць?”). А жонка адказвае: “Вар, вар” (“Ёсць, ёсць”). Чай прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці разліваюць у спецыяльныя шклянкі — армуду, або багмалы, якія сваёй формай нагадваюць фігуру жанчыны з тонкай таліяй.

Армуду ніколі не напаўняюць да краёў, пакідаючы каля сантыметра. Гэта адлегласць называецца “додаг йері” — месца для вуснаў. Да гарбаты падаюць злёгку абсмажаныя фундук, міндаль, грэцкія арэхі і сухафрукты. А яшчэ — “кялля ганд”, што ў перакладзе з азербайджанскага азначае “цукровая галава”. Калісьці кялля ганд сапраўды нагадваў круглую галаву, якую секлі на часткі.

ГРУЗІНЫ


За мір і не толькі

Ніводнае грузінскае свята не абыходзіцца без застолля, а ніводнае застолле — без тостаў. Пра гэту традыцыю складзены не адзін анекдот. Грузінскія тосты вельмі мудрыя, гаворацца яны абавязкова да месца і ў пэўным парадку.

Першы традыцыйны грузінскі тост падымаецца за мір на зямлі, другі — за радзіму, трэці — памінальны, за тых, каго няма побач. Далей гучаць тосты за працяг жыцця і дзяцей, за бацькоў, за вытокі роду, за родныя мясціны, за тых, хто сабраўся за сталом. Прычым за кожнага госця п’юць асобна, пачынаючы з самага паважанага. Перадапошні тост заўсёды падымаецца за суседзяў, якіх грузіны лічаць вельмі блізкімі людзьмі і якія заўсёды гатовы падзяліць і радасць, і бяду. Апошнім падымаецца тост яшчэ раз за мір.

КАРЭЙЦЫ


Варажба для немаўляці

У любой карэйскай сям’і выконваецца такая традыцыя: калі дзіцяці спаўняецца адзін год, бацькі спрабуюць вызначыць, які лёс яго чакае. З раніцы дзіця купаюць і апранаюць у новае адзенне, пасля чаго бабуля ці дзядуля ставіць перад дзіцём столік. На стале раскладваюць розныя прадметы: нажніцы, кнігу, сшытак, ручку, грошы, кубак з рысам і іншае. Лічыцца, да чаго першага рука дзіцяці пацягнецца, такі лёс яго і чакае. Да прыкладу, калі немаўля возьме нажніцы, значыць, ён будзе добрым краўцом, калі кнігу, сшытак або аловак — будзе добра вучыцца, калі кубак з рысам — будзе багата жыць.

ЛАТЫШЫ


Скокі на Ligo

Адно з самых любімых і рамантычных свят у латышоў — Ligo, або Янаў дзень. Яно адзначаецца ў дзень летняга сонцастаяння — з 23 па 24 чэрвеня. Свята вельмі нагадвае беларускае Купалле. Латышы, гэтак жа, як і беларусы, выязджаюць на прыроду, распальваюць вогнішчы — сімвал перамогі Сонца. Затым танцуюць, спяваюць і, загадаўшы жаданне, скачуць праз вогнішча. Галоўны пачастунак на свята — латышскі сыр, круглыя галоўкі якога сімвалізуюць Сонца, і ячменнае піва.

МАЛДАВАНЕ


Бутаньеркі на ўдачу

Ёсць у малдаван цудоўная традыцыя — на свята сустрэчы вясны Мэрцышор, 1 сакавіка, дарыць каханым бутаньеркі ў выглядзе дзвюх кветак, кропелек, квадрацікаў ці нечага падобнага. Галоўнае правіла — бутаньерак павінна быць дзве, прычым адна белага колеру, а другая — чырвонага.

Гэты падарунак, які, як і само свята, носіць назву “мэрцышор”, лічыцца сімвалам вернасці і кахання. Па традыцыі бутаньеркі трэба насіць на левым баку грудзей увесь сакавік, а калі пачынаюць расцвітаць кветкі на дрэвах, мэрцышоры развешваюцца на іх галінках. Лічыцца, што дзякуючы гэтаму абраду людзям круглы год будзе спадарожнічаць удача.

ТУРКМЕНЫ


Картэж са ста машын

Адной з самых важных падзей у жыцці прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці лічыцца вяселле. У ранейшыя часы яго адзначалі ўсёй суполкай. Застолле доўжылася тры дні. Пасля гэтага яшчэ тыдзень частавалі сваякоў і суседзяў. Раней на вяселле прыязджалі на конях, цяпер — на машынах.

Вясельны картэж, як правіла, складаецца са 100—200 машын. Па традыцыі гаспадар машыны, якая прыехала на вяселле першай, атрымлівае прыз, таму ўсе імкнуцца абагнаць адзін аднаго. Жанчыны і мужчыны на вяселлі сядзяць за рознымі сталамі, таму што слабаму полу піць спіртное нельга. Падчас вяселля праходзіць шмат традыцыйных туркменскіх конкурсаў і гульняў. Раней, напрыклад, на кожным вяселлі ладзілі скокі і праводзілі спаборніцтвы па нацыянальнай барацьбе гёрэш.


Фота Аляксандра Шаблюка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter