Пять из семи продавцов торгуют черемшой неизвестного происхождения: проверили, как краснокнижные первоцветы попадают на прилавок

Штраф у зялёных тонах

Каля Дому мэблі падчас рэйду сустракаем некалькі жанчын, якія гандлююць першацветам.
«Запахла вясной», — спяваў адзін вядомы выканаўца. І ў водар прыемна прымешваюцца аддаленыя ноткі зазелянелай травы і паспелых першацветаў. Дарэчы, сезон іх цвіцення ў гэтым годзе надта спазніўся — зацяжная зіма дала пра сябе ведаць. Але варта было крыху пацяплець — і прылаўкі афарбаваліся ў чырванакніжны колер. Адкуль такое багацце? «Р» разам з Мінскім гарадскім камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праверыла, як першацветы трапляюць у продаж.

Прад’явіце вашы дакументы

На адкрытай пляцоўцы Кама­роў­скага рынку багатая прапанова сезонных тавараў: вабіць свежая зелянушка, прадаўцы запрашаюць пакаштаваць часнок, саленні або закупіцца іншаземнай садавіной. Словам, бяры, чаго душы заўгодна. Упрыгажэнне прылаўка і свежая чарамша.

— Начынне для пірага, для салення або проста з соллю і хлебам. Прыдатныя сцябло, лісце і цыбуліны, — купляе тавар жанчына, якая стаіць ля прылаўка з першацветам.

Выбірае тоўсты букецік — на вагах амаль 300 грамаў. За такую порцыю — 4 рублі. Начальнік службы арганізацыі рыначнага гандлю Мінскага Камароўскага рынку Анжэла Барановіч тым часам правярае дакументы ў прадаўца. Жанчына выдае некалькі тоненькіх лісткоў. Першы — даведка ад сельсавета па месцы пражывання. У ёй «стройнымі радамі» пералічваецца ўвесь багаты ўраджай гаспа­дыні: што і ў якім памеры вырасціла на сваім агародзе. У доўгім спісе і чарамша.

— У даведцы звяртаю ўвагу на дату, павінна быць гэтага года. У пераліку — прадукцыя, якой гандлююць, — уважлівым позіркам вывучаючы дакумент, тлумачыць Анжэла Барановіч. — Акрамя таго, увесь тавар павінен даследавацца на радыяцыю. Такое заключэнне ў прадаўца таксама ёсць.

У даведцы ўказваюць і імёны, хто можа рэалізоўваць прадукцыю. У гэтай адно імя — бабулі 84 гадоў. Яна прызнаецца, што ўжо цяжкавата спраўляцца з гандлем.

— У наступным годзе ўпішу і сына. Тады змагу перадаць бізнес па спадчыне, — пацешна вымаўляючы мяккае «н», смяецца бабуля. — Унучка, гэта ж усё сваімі рукамі вырашчана. Самае цяжкае — на зямлі, а даведку атрымаць — гэта не праблема.

Ідзём углыб рынку, знаходзім там усмешлівую Людмілу. Гандлюе, як сама жартуе, здароўем — кансерваванае шчаўе, чарамша, трохі зеляніны і часнаку.


— Я з Асіповічаў, сюды прыязджаю на гандаль. Людзі добра ідуць. Вітамінаў усе хочуць, — спакусліва махаючы звязкай чарамшы, дзеліцца вопытам Людміла. — Звычайна бяру невялікі аб’ём прадукцыі — тры — пяць кілаграмаў. А як усё старгую — дадому. Здароўе ні к чорту, доўга стаяць не магу. А на пенсіі капейчыну выручыць самае яно.

Шпацыруючы па гандлёвых радах, заўважаю і свабодныя месцы. У сярэдзіне працоўнага тыдня іх тут каля 150. Для пенсіянераў арэнда бясплатная. Для астатніх — у залежнасці ад вагі рэалізуемай прадукцыі. Калі з уласнага ўчастка ўдалося сабраць менш за 20 кілаграмаў — 4 рублі 55 капеек у дзень, а калі пашчасціла выгадаваць больш за 20 кілаграмаў — 11 рублёў.

Благі прыклад заразлівы

З Мінскім гарадскім камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выходзім у рэйд на адну з самых гарачых па нелегальным гандлі першацветамі кропак — ля выхаду са станцыі метро «Плошча Якуба Коласа». Тут звязаная ў пучкі чарамша ляжыць прама на кардонных каробках. А з высокіх шурпатых сумак выглядае яшчэ некалькі зялёных «братоў», звязаных адной гумкай. Хто ведае, колькі там яшчэ першацветаў…

— Штогод у камітэце распрацоў­ваецца графік удзелу ў рэйдавых мерапрыемствах па месцах гандлю раслінамі, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Праблемных кропак у сталіцы дастаткова. Напрыклад, у Савецкім раёне — ля выхаду станцыі метро «Плошча Якуба Коласа», у Фрунзенскім — каля станцыі метро «Каменная Горка», у Завадскім — каля ўнівермага «Беларусь» і станцыі метро «Магілёўская», у Кастрычніцкім — станцыя метро «Інстытут культуры», — дзеліцца начальнік аддзела аператыўнага кантролю па Завадскім, Кастрыч­ніцкім, Савецкім раёнах Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Капач. — Сёння ў нас прафілактычная праца. Гэта не першы рэйд за сёлетні сезон. Звычайна гандаль першацветамі пачынаецца ў сакавіку і можа працягвацца да мая.

У адпаведнасці з артыкулам 24 Закона «Аб раслінным свеце» самавольныя выемка і перасадка дзікарослых чырванакніжных раслін забараняюцца. Па абноўленым Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях за такія дзеянні прадугледжаны штраф у памеры ад 20 да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй прылад і сродкаў здзяйснення ўказанага парушэння або без канфіскацыі, індывідуальны прадпрымальнік заплаціць ад 20 да 150 базавых велічынь, юрыдычная асоба — ад 35 да 500.

Начальнік аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, лясоў, жывёльнага і расліннага свету Мінскага гарадскога камі­тэта прыродных рэсур­саў і аховы нава­коль­нага асяроддзя Таццяна Шамянкова падыходзіць да вулічных пра­даў­цоў з веданнем справы. Спачатку, як звычайны пакупнік, удакладняе цану тавару, затым плаўна падыходзіць да пытання, ці ёсць даведка.

— Няма даведкі. Ведаю, што чарамша ў Чырвонай кнізе. Усё, больш не буду гандляваць. Бачыце ж, збіраюся, — незадаволена бухціць мужчына гадоў 35.

— Зрабіце даведку — і гандлюйце спакойна на рынку, — раіць галоўны спецыяліст аддзела гандлю і паслуг адміністрацыі Савецкага раёна Ганна Шаўчэнка.

— Не, там канкурэнцыя вялі­кая, — парыруе мужчына.

На Камароўскім рынку чарамшы няшмат. Мы знайшлі толькі некалькі раскіданых па вялікай плошчы кропак.

Справядлівасці дзеля ўдак­ладню: на Камароўскім рынку чарамшы няшмат. Мы знайшлі толькі некалькі раскіданых па вялікай плошчы кропак. Побач з мужчынам сустракаем яшчэ некалькі жанчын, якія гандлююць першацветам. Згледзеўшы нас, хутка пачынаюць збірацца. Тым часам спускаемся ў падземны пераход. І там сустракаем прадаўцоў чарамшы.

— Гэта мая, садовая, — апраўд­ваецца перад Ігарам Капачом жанчына і, збіраючы сумкі-баулы, працягвае размову: — Даведку не рабіла. А яна патрэбна? У сельскім Савеце, кажаце, можна атрымаць? Ну добра, схаджу абавязкова. Тады на рынку змагу працаваць? Ну добра-добра, зраблю.

За час нашага рэйду высвет­лілася, што ў пяці з сямі пра­даў­цоў чарамша аказалася неўста­ноўленага паходжання. Кажуць, купілі. Праўда ці не — не праверыш. Зберагчы чырванакніжнік ад вынішчэння можа кожны з нас: не купляйце расліны на вуліцы, тады і сэнс у такім продажы знікне!

tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter