Археалагічны музей Нацыянальнай акадэміі навук — унікальная экспазіцыя не толькі для Беларусі

Што застаецца?

Археалагічны музей Нацыянальнай акадэміі навук — унікальная экспазіцыя не толькі для Беларусі: аналагаў ёй няма і ў іншых краінах Еўропы
У пару, калі чарговы, 2014-ы год ужо стаў гісторыяй, прапаную паглядзець на беларускую мінуўшчыну вачыма археолагаў. Бо менавіта яны штогод знахо­дзяць тое, што засталося ад прадаўніх часоў у нашай зямлі, яе культурным слаі. Усе, бадай, ведаюць: на ствалах дрэваў штогод утвараецца новы круг-прырост. Гэтаксама і на паверхні зямлі з кожным годам з’яўляецца слой адкладанняў. Прынесеных ветрам і вадою, пакінутых расліннасцю і людзьмі. А як хутка расце гэты “слоены пірог”, у якім шукаюць сляды мінулага археолагі? У выданні “Археалагічная навукова-музейная экспазіцыя НАН Беларусі” (2009), якое падрыхтавалі гісторыкі Юры Заяц і Вольга Ляўко, ёсць цікавыя звесткі на гэты конт. Пішучы пра раскопкі ў старажытных гарадах Полацку, Друцку (цяпер — аграгарадок у Талачынскім раёне Віцебшчыны) і Віцебску, аўтары нагадваюць: даследаванні там праводзяцца шмат гадоў вучонымі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, а раней і іх расійскімі калегамі. А магут­насць культурных адкладанняў у тых знакавых месцах дасягае 3-6-11 метраў. Можна ўявіць сабе маштабнасць пошукаў на прыкладзе найбольш вывучанага старажытнага Віцебска, дзе стацыянарныя раскопкі праведзены больш чым на 17 тысячах квадратных метраў.


Больш за 3000 артэфактаў знойдзена пад час археалагічных раскопак Быхаўскага замка на Магілёўшчыне

Што, здавалася б, нам да таго, якія прадметы, знаходкі “ўсплывуць” з глыбіняў гісторыі ў сучаснасць? Аказваецца, яны могуць кардынальна карэктаваць нашы погляды на мінулае. Вось сенсацыя ў інтэрнэце: аўтарытэтныя ізраільскія вучоныя-археолагі Ізраэль Фінкельштэйн ды Ніл-Ашэр Зільберман у выніку 70-гадовых раскопак прыйшлі да высновы: на тэрыторыях Палесціны, Егіпта і дзе б там ні было побач няма ніякіх важкіх доказаў існавання патрыярхаў, вялікага царства Ізраіль, маштабнага зыхода з Егіпта, заваявання “зямлі абяцанай”… Пра тое вучоныя напісалі ў кнізе “Раскапаная Біблія”. І ўзнікае пытанне: а ці не фэнтэзі і сама “кніга кніг”? Мне, дарэчы, гадоў пяць таму ў Егіпце пашчасціла пабываць на экскурсіі ў Луксоры, вядомым у старажытнасці як Фівы. Цяпер там — сусветны цэнтр археалогіі, а паселішча дзеліцца на дзве часткі: “Горад жывых” на правым і “Горад мёртвых” на левым беразе Ніла. У апошнім ёсць Даліна цароў — месца пахавання фараонаў (больш за 40 грабніц). Там я ўпершыню даведаўся: знакамітыя егіпецкія піраміды больш за 4000 гадоў таму будавалі не рабы, як раней лічылася, а вольнанаёмныя рабочыя. Такі вывад зрабілі егіпецкія вучоныя на падставе матэрыялаў раскопак пахаванняў будаўнікоў непадалёк ад Вялікай піраміды Хеопса. Рабам, лічаць вучоныя, там было б не месца. Інтэрнэт падказвае, што раскопкамі кіраваў Захі Хавас, гендырэктар Вярхоўнага савета па пытаннях старажытнасцяў. 

А ў беларускай гісторыі археолагі, напрыклад, “дакапаліся” да таго, што гатовы сцвярджаць: Мінск пачынаўся не на рэчцы Свіслачы, як прынята лічыць, а на рэчцы Мена (Менка). Знаёмячыся з экспазіцыяй у Інстытуце гісторыі, я звярнуў увагу: у трэцяй частцы залы там ёсць матэрыялы з раскопак раннегарадскога цэнтра, праве­дзеных паблізу прымінскай вёскі Гарадзішча (Шчомысліцкі сельсавет), непадалёк ад рэчкі Пцічы. Знойдзены цэлы комплекс помнікаў! Пададзены фотаздымак і план гарадзішча на рэчцы Мена з прылеглым паселішчам. Па тым часе яно немалое: на 35 гектараў. У экспазіцыі ёсць арнаментаваныя накладкі з баявых паясоў ваяроў, дэталь кніжнай зашчапкі, нават арабскі дырхем 893 года ды іншыя старажытныя рэчы. “Усе гэтыя знаходкі адпавядаюць узроўню гарадской культуры і гавораць на карысць першапачатковага размяшчэння Мінска на рэчцы Мена,” — сцвярджаюць аўтары вышэйзгаданай кнігі.

Гаршчок з гарадзішча мілаградскай культуры. Экспанат з Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі
Гаршчок з гарадзішча мілаградскай культуры. Экспанат з Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі

Не будзем, аднак, гаворачы пра мінулае, забягаць далёка наперад, бо трэцяя частка залы — гэта ўжо, па календарах археолагаў, класічнае сярэдневякоўе: ІХ-ХІІІ стагоддзі. Пачнем і не са стаянак першабытнага чалавека, выяўленых на поўдні Беларусі, а з гісторыі самога музея ды айчыннай археалогіі. Дарэчы, два гады таму часопіс змясціў тэкст “На вагах гісторыі” (№12, 2012). Перад тым інтэрв’ю акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя і запрасіў мяне ў Археалагічны музей. Няцяжка было зразумець, чаму ён асабліва дарагі для Аляксандра Аляксандравіча: экспазіцыя стваралася ў яго бытнасць дырэктарам Інстытута гісторыі (з кастрычніка 2004-га). Адкрыўся ж музей у 2007-м, пад час Першага з’езда вучоных. Хоць падобная задума была ў айчынных гісторыкаў яшчэ ў 30-я гады, калі разгортваў работу Інстытут беларускай культуры, папярэднік Акадэміі.

Крыж. Медзь, эмаль.  ХVІ ст. Знойдзены  ў могільніку Снядзін Петрыкаўскага раёна (Гомельшчына).  Раскопкі Алега Іова
Крыж. Медзь, эмаль. ХVІ ст. Знойдзены ў могільніку Снядзін Петрыкаўскага раёна (Гомельшчына). 
Раскопкі Алега Іова

Гэта было невялікае, але надзвычай цікавае падарожжа ў беларускую мінуўшчыну, прычым з такім аўтарытэтным экскурсаводам, як сам прафесар, ды яшчэ археолагам Андрэем Вайцяховічам. Нагадаю, навукова-музейная экспазіцыя “Развіццё археалагічнай навукі ў НАН Беларусі”, якую называюць Археалагічным музеем, разгорнута ў акадэмічным Інстытуце гісторыі. Прычым гэта ўнікальная, адзіная спецыялізаваная экспазіцыя ў Беларусі, аналагаў якой, па словах Аляксандра Аляксандравіча, няма ў ніводнай з Акадэмій навук іншых еўрапейскіх краін. Уразіла мяне, як разумна там усё зладжана: на невялікай плошчы прадумана, з добрым мастацкім густам прадстаўлена ўсё найлепшае і найцікавейшае, каштоўнае для навукі, што знайшлі ў нашай зямлі пад час раскопак і збераглі беларускія археолагі. Вось таму пра музей і варта расказаць асобна.

Ад аматарства да навукі 

З першых крокаў па музеі, які ўмоўна падзелены на чатыры часткі-секцыі, адчуваеш: ён ствараўся для тых, хто ўсур’ёз цікавіцца гісторыяй. Таму і бачым на стэндах партрэты шэрагу людзей, пераважна археолагаў-аматараў, што рухалі айчынную археалогію ад першых раскопак (ХVІІІ стагоддзе) да навукі. Сярод іх гісторык Зарыян Даленга-Хадакоўскі, які першым атрымаў дазвол на пошукі і збор прадметаў старыны, графы-браты Яўстафій ды Канстанцін Тышкевічы — яны заснавалі свой першы прыватны музей старажытнасцяў на Лагойшчыне. Можна даведацца, дзе і як праводзіліся першыя раскопкі. А даўнія археа­лагічныя дзённікі каштоўныя ў тым ліку і як навучальны матэрыял. Увогуле ж айчынная археалогія як навука “ўзаконеная” была ў 1927 годзе, з апорай на краязнаўцаў і грамадскасць працавала Археалагічная камісія Інстытута беларускай культуры. 

Кафля з выявай герба роду Радзівілаў. Гліна, паліва. 1670 год. Глускі замак (Магілёўшчына). Раскопкі Ірыны Ганецкай
Кафля з выявай герба роду Радзівілаў. Гліна, паліва. 1670 год. Глускі замак (Магілёўшчына). Раскопкі Ірыны Ганецкай

У музеі ёсць магчымасць праглядваць слайды, фотаздымкі з даўніх экспедыцый. Там жа мапа краіны, на якой бачны важнейшыя археалагічныя помнікі Беларусі. Адны — ужо даследаваныя, другія — у стадыі вывучэння. “Тут праводзяцца не проста экскурсіі, а паўнацэнныя заняткі для студэнтаў, старэйшых школьнікаў, гімназістаў, ліцэістаў, — Аляксандр Каваленя паказвае, як зручна з рухомых стэндаў можна браць і дадатковую, вельмі наглядную інфармацыю. — Увогуле ж мы і арыентаваліся на тое, каб экспазіцыя была і вучэбна-асветніцкай, прыдатнай для навучання, выхавання моладзі. Не выпадкова гавару пра выхаванне: калі знаёмішся з самаадданымі людзьмі, што працавалі ў археалогіі, з гісторыяй ад сівой мінуўшчыны і часоў мамантаў — разумееш, які вялікі шлях прайшоў наш народ, колькі ўсяго пераадолеў... Тады і больш цэніш усё тое, што мы, беларусы, сёння маем”.

Шпора. ХV ст. Могільнік Ашмянец Смаргонскага раёна (Гродзеншчына). Раскопкі Эдварда Зайкоўскага
Шпора. ХV ст. Могільнік Ашмянец Смаргонскага раёна (Гродзеншчына). Раскопкі Эдварда Зайкоўскага

На вялікі жаль, здабытыя цяжкай працаю першых айчынных археолагаў знаходкі з часам аказаліся ў замежных зборах ці былі ўвогуле страчаны. У прыватнасці, у музеі дэманструецца грунтоўная кніга археолага Леаніда Побаля “Старажытнасці Беларусі ў музеях Польшчы” (1979). Сур’ёзны ўдар па навуцы, што дынамічна развівалася, нанеслі і неабгрунтаваныя рэпрэсіі 1930-х гадоў: большасць тагачасных археолагаў былі высланы за межы краіны ці фізічна знішчаны. І пра тое таксама расказваюць стэнды. Пазней, пад час Вялікай Айчыннай вайны, калекцыі, што зберагаліся ў розных музеях БССР, акупанты вывезлі ў Германію. І далёка не ўсё вярнулася пасля Перамогі менавіта ў Беларусь. Таму, засяроджвае ўвагу Аляксандр Каваленя, сапраўднымі рэліквіямі можна лічыць нешматлікія ацалелыя знаходкі з раскопак і збораў Аляксандра Ляўданскага (ён быў вучоным сакратаром і ўзначальваў секцыю археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР у 1931-37 гадах), Ісака Сербава ды некаторых іхніх паплечнікаў.


Пярсцёнак. Серабро 
з пазалотай. Канец Х ст. Могільнік Ізбішча Лагойскага раёна (Міншчына). Раскопкі Валянціна Казея

Рарытэты з “эпохі мамантаў” ў канцэнтраваным выглядзе

Другая частка залы-музея — самае што ні на ёсць глыбокае пагружэнне ў “эпоху мамантаў” і першабытных людзей-пасяленцаў на тэрыторыі Беларусі. Той перыяд археолагі называюць верхнім палеалітам, а яшчэ: каменны, бронзавы і ранні жалезны век. Цікава, што ў музеі сама прагісторыя падаецца з унікальнымі дагістарычнымі экспанатамі ды аповедам пра тое, як, хто, што, дзе і калі адкапаў. У прыватнасці, аддаецца даніна павагі вучонаму Канстанціну Палікарповічу, які ў 1920-30-я гады адкрыў і сабраў звесткі пра шэраг паселішчаў каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі БССР. Гэта ён адкрыў у 1927 годзе і даследаваў стаянку людзей эпохі палеаліту каля вёскі Бердыж (Чачэрскі раён Гомельшчыны) на беразе рэчкі Сож. 

Вісочнае кальцо,  бляшкі-накладкі ад налобнага венчыка. Каляровы метал. Могільнік Малевічы Вілейскага раёна (Міншчына).  Раскопкі Людмілы Дучыц
Вісочнае кальцо, бляшкі-накладкі ад налобнага венчыка. Каляровы метал. Могільнік Малевічы Вілейскага раёна (Міншчына). Раскопкі Людмілы Дучыц

А другая стаянка, каля вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёна (там недалёка і Прыпяць) адкрыта ў 1931 годзе, даследавалася доўгі час і тым вучоным, і іншымі. Уражвае фотаздымак з моманту раскопак 2006 года: на ім бачны вялікі чэрап маманта. Самой знаходкі ў музеі няма: надта вялікая, мусіць, памерамі. Да таго ж цяпер у Юравічах, пісалі ў СМІ, ствараецца першы ў краіне Музей эпохі палеаліта, і ў гэтай цікавай справе навуковым кансультантам выступае доктар гістарычных навук, археолаг Алена Калечыц. А прадстаўлена Юравіцкая стаянка ў музеі і здымкамі з розных ракурсаў, і вынікамі раскопак. “Калі вы ў Луўры, напрыклад, ці ў вядомых музеях Санкт-Пецярбурга бывалі, то бачылі: такія каштоўныя экспанаты звычайна падаюць там на аксаміце, — звяртае ўвагу прафесар Каваленя. — А ў нас: з зямлі ўзялі — на пясочак і палажылі. І гэта таксама творчы падыход. Тут мастак кампазіцыю рабіў, і пясок прамыты, каб не пылеў.. Уявіце сабе: 24,5 тысячы гадоў таму жылі людзі на Беларусі. Магчыма, і раней, бо знойдзены рэшткі ляснога слана, які пасвіўся на тэрыторыі Беларусі 100 тысяч гадоў таму. Аднак прадметаў прысутнасці чалавека ля яго астанкаў не знойдзена. А гэта мог быць, напрыклад, апалены камень, ці нейкая прылада працы. Тады бачна было б, што сканаў ён у прысутнасці чалавека, і мы маглі б ужо з тых часоў весці гісторыю даледавіковай прысутнасці тут людзей. А так — не маем фактаў”.

А ці чулі вы пра шахцёраў эпохі неаліта і ранняй бронзы? Эфектна глядзіцца ў Археалагічным музеі рэканструкцыя-макет адной з шахтаў, у якой здабывалі крэмень, на рэчцы Рось — гэта паблізу пасёлка Краснае Сяло ў Ваўкавыскім раёне Гродзеншчыны. Аб’ект унікальны: на тэрыторыі Еўропы, сцвярджаюць навукоўцы, усяго некалькі падобных. Вертыкальныя калодзежы-шахты ў вапнавых адкладаннях былі да 8 метраў у глыбіню, а капалі іх, здабываючы крэмень у гарызантальных штрэках, старажытныя шахцёры. Карысталіся рагавымі ды касцянымі прыладамі. “Тыя людзі ў шахтах здабывалі крэмень, а вось археолагі — шукалі, чым яны працавалі, — тлумачыць Андрэй Вайцяховіч. — Тут ляжаць арыгінальныя прылады, напрыклад, з рагоў аленя. Гэта ўсе натуральныя рэчы: знаходкі археолагаў”. 

Студэнты  Марыя Іванковіч  і Раман Галынскі працавалі  на археалагічных раскопках у Быхаўскім замку
Студэнты Марыя Іванковіч і Раман Галынскі працавалі на археалагічных раскопках у Быхаўскім замку

Уражвае і помнік сярэднедняпроўскай археалагічнай культуры — гэта паселішча і могільнік эпохі бронзы. На пясчаным стылізаваным доле бачым перавернутыя керамічныя гаршкі. Адзін — з круглым яшчэ дном, другі — з плоскім: кажуць, такія з’явіліся ў даўніх жытлах разам са сталамі. У такім выглядзе іх і знайшоў каля падняпроўскай вёскі Прорва (Рагачоўскі раён Гомельшчыны) пад час раскопак археолаг Мікалай Крывальцэвіч. Аказалася: гэта сведчанні старажытнага пахавальнага абраду. У тую пару, дарэчы, нябожчыкаў па старажытным абрадзе спальвалі — крэміравалі, скажам на сучасны лад. І косці-астанкі ссыпалі ў такія своеасаблівыя урны. А гаршкі ў могільніку перавернутыя, пэўна, як знак заканчэння жыцця.

Косць-лапатка мядзведзя з абломкам крэмневай стралы, што засеў у ёй,  і рог тура. Селішча Асавец ІІ Бешанковіцкага раёна (Віцебшчына). Позні неаліт і бронзавы век. Раскопкі Максіма Чарняўскага
Косць-лапатка мядзведзя з абломкам крэмневай стралы, што засеў у ёй, і рог тура. Селішча Асавец ІІ Бешанковіцкага раёна (Віцебшчына). Позні неаліт і бронзавы век. Раскопкі Максіма Чарняўскага

Што ні экспанат, то падстава для роздумаў. “Бывае, у экспазіцыях на адзін квадратны метр выстаўляецца адна рэч, — разважае Аляксандр Каваленя. — У нас — іншы падыход. Канцэнтраваны. Крышталізаваны. Гэтая экспазіцыя мае навуковае прызначэнне. Мы не проста прадметы паказваем — мы ілюструем, як развівалася грамадства. Глядзіце: гэта старажытная майстэрня. Археолагі знайшлі месца, дзе была наладжана вытворчасць вырабаў з каменя.У майстэрні працаваў, напэўна, больш дасведчаны, абазнаны спецыяліст. Ён — штукар, ведаў справу. І тым, пэўна, здабываў сабе ежу. І яго супляменнікам, відаць, ужо лягчэй было паляваць на звера. Наканечнікі стрэл рабілі. А вось кручкі для рыбнай лоўлі. Глядзіце: вялікія ёсць. То і рыбы нямала было вялікай, каб такія заглынуць”. 

У раскопках пад Гродна (кіраўнік Вадзім Лакіза) удзельнічала шмат валанцёраў. 2010 г.
У раскопках пад Гродна (кіраўнік Вадзім Лакіза) удзельнічала шмат валанцёраў. 2010 г.

Археолагі, можна сказаць, мысляць глабальна, “эпохамі”, аналізуючы тое, што знайшлі. Часам, аднак, і знаходкі вельмі красамоўныя — гавораць самі за сябе. Напрыклад, Максіму Чарняўскаму, які паспяхова вядзе пошукі на беларускіх тарфянікавых стаянках Крывіна і Асавец (Бешанковіцкі раён Віцебшчыны), пашанцавала знайсці костку мядзведзя, лапатку, а ў ёй засеў кавалачак крэменя: наканечнік кап’я ці стралы. Непаўторны “аўтограф” ад нашых даўніх продкаў — таксама ў музейнай экспазіцыі. Спецыялісты адносяць стаянкі да Паўночнабеларускай культуры, і гэта апошняя чвэрць ІІІ — сярэдзіна ІІ тысячагоддзя да нашай эры. “Асавец — гэта на сёння самая ўнікальная стаянка неаліту і бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі, — тлумачыць Андрэй Вайцяховіч. — Там у пластах торфу — бо гэта балота, тарфянік — нібы закансервавалася і таму добра збераглася арганіка, гэта значыць арганічныя астанкі. Знайшлі амулеты, розныя вырабы з бурштыну, з дрэва і костак. Там гадоў 15 калегі паспяхова капаюць. Знойдзены і творы мастацтва, якія зберагаюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі: выявы розных жывёл, у тым ліку і з тварам чалавека”. З першабытных стаянак у Бешанковіцкім раёне “здабыты” і шыкоўны рог тура. Дарэчы, калі распрацоўвалі новую канцэпцыю Музея прыроды ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча”, то мастак Пётр Лабковіч узяў той рог ды пры дапамозе творчай фантазіі “аднавіў” жывёліну. Ну цікава ж уявіць, якая галава магла насіць такія рогі! Тур — толькі адзін з відаў жывёл, знішчаных чалавекам, і яго лічаць родзічам зубра. Дзякуючы знаходцы археолагаў чорны тур, экспанат-рэканструкцыя, “адноўлены” ў пушчанскім музеі ў сваім дагістарычным выглядзе — там створана цэлая сцэна-кампазіцыі старажытнага палявання.

Фібула з белага метала. Кіеўская культура,  канец ІІ-пачатак ІІІ ст. — сярэдзіна V ст. Паселішча каля в. Тайманава Быхаўскага раёна (Магілёўшчына, Падняпроўе). Раскопкі Леаніда Побаля
Фібула з белага метала. Кіеўская культура, канец ІІ-пачатак ІІІ ст. — сярэдзіна V ст. Паселішча каля в. Тайманава Быхаўскага раёна (Магілёўшчына, Падняпроўе). Раскопкі Леаніда Побаля

Беларуская тэрыторыя — прарадзіма славянства?

Вось мы падыходзім і да жалезнага веку. На нашай зямлі, як вядома, выяўлена некалькі археалагічных культур з тае пары. Значыць, жылі тут прадстаўнікі плямёнаў, лад жыцця якіх, звычаі, культура істотна адрозніваліся. Гэта, варта ўдакладніць, другая палова І тысячагоддзя да н. э. — І тысячагоддзе нашай эры. Самыя раннія матэрыялы з усіх накапаных на тэрыторыі Беларусі, кажуць экскурсаводы, прадстаўлены скіфскімі матывамі. А мілаградская культура (ІХ ст. да н.э. — І ст. н.э.), пашыраная па Прыпяці, гэта самая ранняя з вядомых. Ад тых людзей дайшлі да нас наканечнікі стрэлаў, завушніцы ў выглядзе скіфскага круга. А вы ведаеце, што знакамітая гліняная фігурка каня, знойдзеная пад час даследавання гарадзішча Гарошкаў (Рэчыцкі раён Гомельшчыны) натхніла пісьменніка Уладзіміра Ліпскага на стварэнне аповесці “Мілаградскі конік”? У творы цесна пераплецены старажытная гісторыя і сучаснасць. Сам той невялічкі конік зберагаецца цяпер у Археалагічным музеі-лабараторыі пры Гомельскім дязржуніверсітэце імя Францыска Скарыны.
У жалезным веку на поўначы Беларусі панавала культура штрыхаванай керамікі. “Там жылі продкі сучасных літоўцаў, і ўплывалі на фармаванне беларускай нацыі і скіфы, і балты, — робіць выснову прафесар Аляксандр Каваленя. — Нам тое вядома, а замежныя гісторыкі — у захапленні: у вас, кажуць, так многа ўсяго! У нашай экспазіцыі адлюстраваны ўсе культурныя сутыкненні. Мы ж — на памежжы, на абменніку культур, на геапалітычным і геакультурным разломе. Паміж усходам і захадам, поўначчу і поўднем. Скажам, ёсць у нас знаходкі з паселішчаў днепрадзвінскай культуры, да якой належалі продкі сучасных латышоў. А вось знаходкі на рубяжы эраў з поўдня Беларусі, дзе быў тады вельмі моцны ўплыў Рымскай імперыі. І гэта “прачытваецца” па тагачасным рымскім імпарце: знаходзім на Палессі фібулы, пацеркі, кераміку высокай якасці, якая розніцца з керамікай іншых тэрыторый. Шмат цікавых знаходак дае прыдняпроўская Лоеўшчына. Увогуле на тэрыторыі Усходняй Еўропы гэта адзін з эталонных комплексаў: з тым, што на Палессі знойдзена, мы параўноўваем усе іншыя археалагічныя знаходкі”. 

Гербавая кафля.  80-я гады ХVІ ст. Заслаўскі замак (Міншчына). Раскопкі Юрыя Заяца
Гербавая кафля. 80-я гады ХVІ ст. Заслаўскі замак (Міншчына). Раскопкі Юрыя Заяца

Цікава пабачыць у музеі карту знакамітага гісторыка Герадота, які гаварыў пра мора на Палессі. Што ж, яно і сапраўды ўтвараецца там увесну, калі Прыпяць усё залівае. А на Брэстчыне археолагі знаходзяць сляды готаў — паўночнагерманскіх плямёнаў, што рухаліся са Скандынавіі да Паўночнага Прычарнамор’я, і на стэндах прадстаўлена вяльбаркская культура. Лічыцца, тыя плямёны мігравалі з поўначы Польшчы, часткова аселі-прыжыліся на Брэстчыне. Ёсць на стэндах матэрыялы кіеўскай, пражскай, калачынскай археалагічных культур — носьбітамі іх лічацца славяне і праславяне. Дарэчы, Аляксандр Каваленя заўважыў, што ўсё больш прыхільнікаў набывае думка: славяне зарадзіліся менавіта на нашай тэрыторыі. Дзе? Паміж Прыпяццю і Пціччу — у гэтым міжрэччы. 

“Гіпотэзы, вядома, могуць быць рознымі, аднак мы паказваем канкрэтныя знаходкі і гаворым пра свае меркаванні на гэтай падставе, — разважае ў адказ на маё пытанне пра магчымыя вытокі славянства з Індыі Аляксандр Каваленя. — Ёсць рэчавыя доказы. Заўсёды стаяла пытанне: адкуль раннія славяне ўзяліся? А мы знайшлі ў нашай зямлі салярныя знакі славян са свастыкай. І тэрыторыя Беларусі можа лічыцца адной з прарадзім славянства. Гэтая думка, вядома, патрабуе навукова-матэрыяльнага абгрунтавання. І калі выспельвалі тут людзі славянскую культуру, то адкуль прыйшлі сюды іх продкі? Важна разумець: сёння амаль палова тэрыторый Беларусі — лясы, а ў часы, пра якія мы гаворым, яны займалі і 90 працэнтаў. Дарог не было, таму па рэках ішлі працэсы рассялення. І ўсе старажытныя паселішчы стаялі якраз на берагах рэк, азёр. Сёння патрэбны сумесныя даследаванні балтаў, беларусаў, украінцаў, рускіх, палякаў: трэба збліжаць нашы навуковыя погляды, навукова асэнсоўваць мінулае, каб кожны не цягнуў “коўдру гісторыі” ў свой бок. Аргументы ў спрэчках — рэшткі нашай матэрыяльнай культуры, якія даюць магчымасць дакладна пра нешта гаварыць і нешта сцвярджаць”.

Пра ўсе цікавыя экспанаты Археалагічнага музея нават не бяруся расказваць: бадай, пра кожны можна пісаць артыкул. Ці нават аповесць... Там прадстаўляюцца і новыя знаходкі з археалагічных экспедыцый. Матэрыяламі актыўна карыстаюцца студэнты і выкладчыкі. У музеі праводзяцца заняткі, у тым ліку і з музейнымі работнікамі з рэгіёнаў краіны: каб і там экспанаты падаваліся “па навуцы”. “Без такой выставы, ёмкага і сістэмнага прадстаўлення гісторыі рыхтаваць спецыялістаў больш складана, — гаворыць Аляксандр Каваленя. — Выкладчыкі праводзяць тут са студэнтамі цэлы цыкл заняткаў, а гісторыкі з ВНУ праходзяць у музеі практыку. Дарэчы, у нас багацейшая археалагічная калекцыя знаходзіцца і ў падвалах, і там усё ўпарадкавана. Гэта — яркае сведчанне, што Беларусь клапоціцца пра сваю гістарычна-культурную спадчыну. Мы робім вялікую справу, і яе ацэняць наступнікі. Скажуць: дзякуй, што змаглі зберагчы каштоўнасці, асэнсаваць знаходкі. Сёння, дарэчы, мы капаем на ўсіх новабудоўлях, дзе ёсць магчымасць. Праводзім навукова-археалагічныя даследаванні — каб выхваціць помнікі ад наступу цывілізацыі. Бо, як кажуць мудрыя людзі, без мінулага — няма і будучыні”. 
Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter