Што за страва такая — кісель

Кісель — традыцыйная страва ўсходніх славян, якую гатавалі як у паўсядзённым жыцці, так і ў святочныя дні, у тым ліку і тады, калі ўшаноўвалі сваіх продкаў. Яго варылі з запаранай мукі, пазней крухмалу, з дабаўленнем соку або сушаных ягад. Некаторыя гаспадыні рабілі кісель такім густым, што яго можна было рэзаць нажом.

Разам з іншымі абрадавымі стравамі аўсяны кісель (жур) падавалі і на жалобны стол як адну з самых сімвалічных. У адных выпадках памінальная трапеза ім пачыналася, а ў другіх, наадварот, заканчвалася. Вырылі яго і ў дні ўшанавання продкаў на працягу года, у так званыя “радзіцельскія” суботы: перад Масленіцай, Тройцай, на Змітраўскую суботу і г.д., таксама на Радаўніцу.
Прыгатаванне кісялю было прымеркавана і да шэрагу святочных дзён. Напрыклад, яго варылі напярэдадні Раства Хрыстова, каб “задобрыць” Мароз. Страву ставілі на акно, выносілі да веснічак або вылівалі ў агародзе, пры гэтым прыгаворвалі: “Мароз, Мароз! Хадзі куццю (кісель) есці! Каб ты не марозіў ячмяню, пшаніцы, гароху, чачавіцы, проса, грэчкі і ўсяго, што мне Бог судзіць пасеяць!”
Кісель быў галоўнай сялянскай стравай на працягу Вялікага сямітыднёвага посту. Таму зусім невыпадкова ён мог з’явіцца і на святочным стале на Вялікдзень: “Даволі часта разгаўленне пачыналася не са скаромнай, а з поснай ежы: з аўсянага кісялю, прыгатаванага ў Чысты чацвер”.
Беларусы варылі кісель на Узнясенне, а таксама ў дзень святога Юр’я. У народзе верылі, што разам з парам да Нябёсаў узнясуцца самыя патаемныя думкі і пажаданні людзей. Цікава і тое, што ў дзень пачатку і заканчэння збору аўса абавязкова варылі аўсяны кісель.
Зразумела, што пераважная прымеркаванасць кісялю да абрадаў ушанавання продкаў ставіла яго па-за кантэкстам перш за ўсё радзіннай абраднасці. Лічылася, што кісель на святочным (хрэсьбінным) стале прынясе жывому чалавеку — імянінніку —  непрыемнасці, беды, нястачы. У некаторых рэгіёнах да гэтага ставіліся даволі жорстка: лічылі, што гэта можа прывесці нават да смерці нованароджанага.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter