Што за народ такі? Дык гэта ж землякі

ПРЫНАЛЕЖНАСЦЬ да малой радзімы робіць нас блізкімі па духу — землякамі. І гэтая супольнасць людзей вартая таго, каб ёй прысвяціць цэлы год, вырашылі на Любаншчыне і абвясцілі 2013-ты Годам земляка. Так што цяпер самы час успомніць, знайсці і сабраць іх разам. З такой нагоды запланавана шмат мерапрыемстваў і творчых сустрэч.

Месца нараджэння — не толькі адзнака ў пашпарце

ПРЫНАЛЕЖНАСЦЬ да малой радзімы робіць нас блізкімі па духу — землякамі. І гэтая супольнасць людзей вартая таго, каб ёй прысвяціць цэлы год, вырашылі на Любаншчыне і абвясцілі 2013-ты Годам земляка. Так што цяпер самы час успомніць, знайсці і сабраць іх разам. З такой нагоды запланавана шмат мерапрыемстваў і творчых сустрэч.

Першая адбылася ў абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна, куды запрасілі тых, хто, як кажуць, навідавоку, хто ўжо праславіў родны край. Між іншым там жа абмеркавалі, якія праекты можна ажыццявіць на працягу года: кожны выказаў прапановы і адзначыў, чым менавіта ён можа дапамагчы сваёй малой радзіме.

Напрыклад, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Анатоль Статкевіч-Чабаганаў, бізнесмен, даследчык і пісьменнік, складальнік шматтомнага летапісу беларускай шляхты «Я — сын Ваш», ужо аказвае фінансавую падтрымку ў ажыццяўленні некаторых праектаў. Так, 16 лютага ў Любані адбудзецца злёт перадавікоў народнай гаспадаркі, на якім ён падорыць раёну частку тыражу кнігі пра ўраджэнца вёскі Засмужжа, адкуль родам і сам, унікальнага мастака Паўла Марціновіча. А напярэдадні Анатоль Васільевіч запрасіў любанчан на тэатралізаваную прэзентацыю свайго шматтомніка, якая ладзілася падчас правя- дзення ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Максім Брагінец 19 лютага будзе іграць у спектаклі «Тры Жызэлі», у тым ліку і для сваіх землякоў. На юбілейнай вечарыне ўганаруюць яшчэ адну творчую асобу — самадзейнага кампазітара, музыканта і паэта Івана Раманчука. А малады эстрадны спявак Яўген Славіч ужо наведаў Любань з дабрачынным канцэртам.

Археолаг, кандыдат гістарычных навук Мікалай Крывальцэвіч мяркуе, што, калі будуць знойдзены сродкі, можна правесці раскопкі, напрыклад, ва Урэччы. Каб паспрабаваць знайсці тое, што засталося ад гуты, дзе выраблялася знакамітае рэцкае шкло. Мікалай Мікалаевіч абяцаў дапамагчы раённаму музею наладзіць археалагічную выставу.

Добра ведаюць жыхары раёна імя Івана Семянені, намесніка старшыні Беларускай федэрацыі гандбола. Ён неаднаразова арганізоўваў канцэрты і спартыўныя спаборніцтвы на малой радзіме, чым збіраецца займацца і надалей. Іван Георгіевіч прапанаваў стварыць у музеі экспазіцыю, прысвечаную спартсменам-любанчанам, паабяцаўшы дапамагчы з экспанатамі. Падтрымліваць родны раён, у тым ліку і матэрыяльна, гатовая бізнес-лэдзі і адначасова паэтка Людміла Несан.

Некаторыя землякі, якія працуюць у творчым рэчышчы, прызналіся, што даўно мараць прадэманстраваць свае здабыткі на роднай зямлі. «Таму, спадзяёмся, у хуткім часе ў нас адбудзецца выстава мастака Васіля Бурава, з канцэртам і майстар-класам прыедзе Марыя Булат, кіраўнік хору гімназіі імя І. В. Ахрэмчыка», — расказаў загадчык аддзела культуры райвыканкама Васіль Каткавец.

Кожны месяц мілыя сэрцу мясціны зноў і зноў пабачаць тыя, хто вылецеў адсюль у самастойнае жыццё. А збяруцца разам у горадзе дзяцінства на Дзень Незалежнасці.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter