Грибной квас — суп, а не напиток

Што ўяўляе сабой грыбны квас

Дзіўныя стравы можна сустрэць у старажытнай беларускай кухні. Адна з такіх — грыбны квас. Мы прывыклі, што квас звычайна п'юць. Аднак гэта страва не напітак, як можна было б падумаць. Гэта суп. Кіслы, востры і, як правіла, посны. Чаму ж ён называецца квасам?

pixabay.com

Раней у беларускай мове, як і ў польскай, слова «квас» азначала «кіслата». Грыбны квас у дадзеным выпадку нешта кіслае і з грыбамі. Як правіла, варылі яго на падкіслым хлебным квасе. Можа быць, для таго, мяркуе гісторык Алесь Белы, каб утылізаваць трохі сапсаваны напітак. Замест хлебнага квасу мог выкарыстоўвацца бураковы або ўвогуле воцат ці лімонная кіслата. Грыбы браліся як сушаныя, так і свежыя, а ў якасці дадаткаў часта выкарыстоўвалася сушаная рыба.

Своеасаблівы рэцэпт грыбнога квасу можна знайсці ў «Новай зямлі» Якуба Коласа:

І вось вячэра зачалася!

Спыніцца мушу я на квасе:

Ён колер меў чырванаваты;

Тут быў таран, мянёк пузаты,

Шчупак, лінок, акунь, карась,

Кялбок і ялец, плотка, язь, Яшчэ засушаныя з лета.

Але не ўсё яшчэ і гэта:

Аздоблен квас быў і грыбамі,

Выключна ўсё баравічкамі;

Цыбуля, перчык, ліст бабковы —

Ну, не ўясісь, каб я здаровы!

life.ru

А вось варыянт грыбнога квасу ад сучасных кухараў. Трэба замачыць каля 100 грамаў сухіх грыбоў у вадзе (каля 300 мл). Адціснуць, парэзаць на невялікія кавалкі. Да грыбоў дадаць дробна нарэзаныя цыбулю, сельдэрэй, свежую пятрушку, спецыі, соль, а таксама ваду, у якой замочваліся грыбы. Заліць усё літрам хлебнага квасу і варыць на слабым агні каля гадзіны. Астудзіць і падаваць са смятанай.

Такі суп выдатна падыходзіць не толькі для поснага перыяду, але і для гарачага лета.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter