Не проходите мимо бело-желтых коробочек-полочек в столичных кафешках: там вас ожидает много сюрпризов

Што такое мовабокс

Калі ў якой з кавярняў ці ў іншай арт-прасторы Мінска або другіх абласных гарадоў вы заўважыце бела-жоўтыя скрынкі-палічкі, смела падыходзьце і цікаўцеся. Гэта мовабоксы. У іх ляжаць кніжкі сучасных беларускіх аўтараў на роднай мове. Смела можна ўзяць упадабаную, каб пачытаць. Але не забудзьцеся пасля вярнуць. Таксама ў скрыню можна дадаць беларускамоўныя кнігі са сваёй дамашняй бібліятэкі, якімі захочацца па­дзяліцца з іншымі чытачамі.


Так выглядаюць мовабоксы для пераможцаў праекта і ўдзельнікаў буккросінгу

Буккросінг стартаваў разам з пачаткам новага сацыяльна-культурнага праекта MOVABOX, абвешчанага кампаніяй velcom з мэтай даказаць, што беларуская літаратура зусім не такая, якой мы яе сабе ўяўляем, і зацікавіць ёю падлеткаў і моладзь.

Дарэчы, увага арганізатараў скіравана і на дзяцей малодшага ўзросту. Працягваецца папярэдні праект, які знаёміць вучняў 1—3-х класаў з родным словам, пісьменнікамі і іх творамі. Да канца бягучага навучальнага года ён ахопіць усю краіну і каля 20 тысяч вучняў малодшых класаў.

Цяпер вось наступны крок, каб далучыць і больш дарослую аўдыторыю. Зрабіць яго вырашылі, спалучыўшы магчымасці інтэрнэта з чытаннем друкаваных кніг.


Вобразамі нашай сучаснай літаратуры большасці чытачоў бачацца звычайны беларус, вясковы жыхар і змагар з абставінамі

 Праект будзе працягвацца каля паўгода. У цэнтры яго ўвагі па чарзе будуць знаходзіцца чатыры творы сучасных аўтараў. Самі ж кнігі ра­зам з наборам сімвалаў-артэфактаў — розных прадметаў, звязаных з сюжэтамі, стануць напаўненнем 20 спецыяльных скрынак-мовабоксаў, якія, мяркуецца, прыцягнуць увагу чытачоў і будуць разыграны сярод удзельнікаў праекта.

Далучыцца да яго можна пасля праходжання адпаведнага тэста на сайце www.movabox.by. Прычым, перш чым адказаць на шэсць пытанняў, саму кнігу чытаць зусім не абавязкова. А вось даведацца, кім з яе персанажаў вы маглі б быць, — можна. А пасля і пачытаць захочацца, цікава ж, што там пра гэтага героя аўтар напрыдумваў, — так разлічваюць арганізатары.

Першы мовабокс прысвечаны раману Людмілы Рублеўскай «Авантуры студыёзуса Вырвіча» — адной з частак серыі яе твораў у жанры гістарычнага фэнтэзі. Разам з кнігай у мовабоксе — набор для стварэння крышталя, мяшочак з манеткай, карта падарожжаў з налепкамі, нататнік з чорнымі старонкамі разам з белай ручкай, магніт з мястэчка Дракошчын, рэцэпт верашчакі — словам, усё тое, што звязана з героямі рамана — маладым шляхціцам Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацка і іх прыгодамі ў XVIII стагоддзі.


Людміла РУБЛЕЎСКАЯ — адна з самых вядомых і тыражных сучасных пісьменніц

На прэзентацыі праекта спадарыня Рублеўская ўпершыню ўбачыла прысвечаны сваёй кнізе мовабокс, яго напаўненне і была вельмі ўзрушана:

— Асаблівасць нашага часу — кліпавае мысленне і патрэба ў візуалізацыі. Я шчыра ўражаная новым увасабленнем маёй кнігі, яно выдатна адлюстроўвае асаблівасці твора і разам з тым інтрыгуе, каб зацікавіць чытача. І, канечне, мне прыемна ў якасці першага аўтара ўдзельнічаць у гэтым унікальным і патрэбным праекце, які бярэцца разбурыць стэрэатып, быццам наша літаратура нецікавая і ўсё ў ёй толькі пра вёску ды вайну. На самой справе гэта не так. Беларуская літаратура сёння — рознажанравая, паўнавартасна еўрапейская. Адзінае, мусіць, чаго не хапае, — піяру, рэкламы, можа, нейкага пасрэдніка паміж кнігай і чытачом.

Уладальнікі мовабоксаў, прысвечаных першай з чатырох кніг, стануць вядомы пасля 24 снежня. Далей на сайце прадставяць наступны твор. Які — пакуль трымаецца ў сакрэце.

ДАРЭЧЫ

Праекту папярэднічала інтэр­нэт-апытанне з мэтай выявіць вобраз беларускай літаратуры. Графічная выява атрымалася такой: звычайны беларус, вясковец, змагар з абставінамі. Так уяўляе сёння нашу літаратуру большая частка ўдзельнікаў.

Праз шэсць месяцаў апытанне паўтораць, каб высветліць, ці паўплываў за гэты час на думкі чытачоў праект MOVABOX.

Дарэчы, па выніках даследавання значная частка апытаных — 63,4% — ведаюць імёны і творы сучасных беларускіх пісьменнікаў, 63% адказалі, што чыталі больш за 2—3 творы сучасных беларускіх аўтараў, а 72,6% удзельнікаў чытаюць кнігі беларускіх пісьменнікаў перыядычна.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter