Што шукалi навукоўцы ў заказнiку Сiньша?

Навуковая экалагiчная экспедыцыя Вiцебскага дзяржаўнага унiверсiтэта iмя П.М.Машэрава падчас летнiх палявых работ правяла грунтоўныя даследаваннi стану азёр верхняга цячэння ракi Дрысы. У Расонскiм раёне выяўлены i дэталёва абследаваны цiкавыя ландшафтныя ўтварэннi: астравы азёраў Сiньша, Валоба, Астраўцы, Дрыса, мысы i прылеглыя ўзбярэжныя комплексы. Адзначаны рознай ступенi антрапагенныя ўздзеяннi на iх.

У вынiку атрыманы новыя даныя аб раслiнным i жывёльным свеце заказнiка Сiньша. Асаблiвая ўвага была нададзена даследаванню унiкальнай для паўночнай Беларусi папуляцыi рэлiктавай раслiны даледнiковага перыяду — вадзянога арэха. На Вiцеб-шчыне вядомы толькi два месцы яго “пражывання” — у азёрах сярэдняга цячэння ракi Аўсянкi (Гарадоцкi раён) i вярхоўя ракi Дрысы на Расоншчыне. Папуляцыя вадзянога арэха ў азёрах верхняй Дрысы займае плошчу каля 100 гектараў, з якiх амаль 10 гектараў складаюць участкi, суцэльна занятыя гэтай раслiнай. У асобных месцах шчыльнасць вадзянога арэха дасягае 100—110 лiставых разетак на 1 квадратны метр. Праведзены назiраннi за яго бiялогiяй, цвiценнем, плоданашэннем. Сабраны гербарныя ўзоры.
Вадзяны арэх занесены ў
I—III выданнi Чырвонай кнiгi Рэспублiкi Беларусь. Разам з тым ён уяўляе вялiкую цiкавасць як надзвычай каштоўная харчовая раслiна, перспектыўная для ўвядзення ў аквакультуру.
Новыя звесткi аб азёрах верхняй Дрысы i iх бiяразнастайнасцi, а таксама аб распаўсюджанасцi, бiялогii i стане папуляцыi вадзянога арэха лягуць у аснову навуковых рэкамендацый па дыферэнцыяваным рэжыме аховы асобных прыродных комплексаў заказнiка Сiньша.
Поспех экспедыцыi стаў магчымым дзякуючы актыўнай дапамозе ў яе арганiзацыi начальнiкаў абласной i раённай iнспекцый аховы жывёльнага i раслiннага свету В.Лемешава i В.Алешнiкава, старшынi Краснапольскага сельсавета А.Мацулевiча, дырэктара турыстычна-паляўнiчай гаспадаркi “Бабровая хата” У.Салаўёва, егера Г.Лазарэнкi, студэнтаў-завочнiкаў ВДУ I.Гарэцкага i А.Васiльева, гаспадара сядзiбы А.Крола.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter