«Што раблю, каб стаць лідэрам? Працую без стомы...»

Працаваць на зямлі, любіць яе і берагчы Юрыя Жоліка з малых гадоў вучыў бацька — Іосіф Іосіфавіч. 35 гадоў адпрацаваў Жолік-старэйшы механізатарам. Ды і маці ўсё жыццё аддала сельскай гаспадарцы: была загадчыцай зернясховішча. Кажуць, моцна трымаюць людзей родныя карані. І сапраўды...

Шчучынскі раён дэлегаваў механізатара Юрыя Жоліка на Усенародны сход.

Працаваць на зямлі, любіць яе і берагчы Юрыя Жоліка з малых гадоў вучыў бацька — Іосіф Іосіфавіч. 35 гадоў адпрацаваў Жолік-старэйшы механізатарам. Ды і маці ўсё жыццё аддала сельскай гаспадарцы: была загадчыцай зернясховішча. Кажуць, моцна трымаюць людзей родныя карані. І сапраўды...

— Сэрца радуецца за ўмовы жыцця і працы ў нашым ААТ “Васілішкі” Шчучынскага раёна. Мой дом — у Лычкаўцах. Побач у новых кватэрах жывуць яшчэ больш за 30 маладых сем’яў, — гаворыць механізатар Юрый Жолік, адзін з самых вопытных і добрасумленных работнікаў гаспадаркі.

Не аднойчы даводзілася бачыць яго ў рабоце, захапляцца яго спрытам. Толькі вось пагаварыць, як заўсёды, часу не хапала. Кожны сезон для яго — ударны. Вясной — ворыва глебы і сяўба яравых, летам — нарыхтоўка траў і ўборка збожжавых, восенню — уздым зябліва і падкормка пасеваў. А зімой, калі крыху больш вольнага часу, усё адно клопаты — рамонт тэхнікі і падрыхтоўка яе да вясны.

Стомы і перакураў у Жоліка няма. Калі ўжо ўзяўся за справу, зробіць яе ад душы. І гэта не раз знаходзіла высокую ацэнку. Двойчы Юрый быў у ліку перадавікоў жніва Гродзенскай вобласці і пабываў на рэспубліканскіх “Дажынках” — спачатку ў Пружанах, а потым у Ваўкавыску.

— Тады, каб стаць лідарам, хапіла намалаціць тысячу з гакам тон збожжа, — успамінае Юрый. — Цяпер жа і трох з паловай тысяч тон не хапае, каб увайсці ў лік лепшых. І гэта не дзіва: з кожным годам абнаўляецца тэхніка. На змену адным агрэгатам прыходзяць яшчэ больш дасканалыя, эфектыўныя.

Зразумела, што новая тэхніка патрабуе і іншага падыходу, сучасных ведаў. Адукаваны і адказны работнік цяпер у пашане. Юрый Жолік менавіта з такой кагорты! Звычайна працуе на трактары “Беларус-1221”, а на жніве яго ўбачыш за штурвалам камбайна “Джон Дзір-9640”.

З работы Юрыя заўжды з нецярпеннем чакаюць жонка Наталля і дзве дачкі-блізняткі — Гражына і Агнета. Яны — выдатніцы. Вучацца ў дзявятым класе Галавічпольскай сярэдняй школы, вышываюць, займаюцца спортам.

Юрыя Іосіфавіча Жоліка калектыў ААТ “Васілішкі” нядаўна вылучыў на чацвёрты Усебеларускі сход як маладога, добрасумленнага і працавітага работніка. Яму давяраюць, на яго спадзяюцца.

— Гэта вельмі адказная місія — прадстаўляць калектыў нашай гаспадаркі, увесь раён на такім форуме, — працягвае мой суразмоўца. — І я ўпэўнены, што моладзь, якая прыедзе ў сталіцу, выкажацца ў падтрымку распрацаванага накірунку развіцця нашай краіны. Мы ўмеем працаваць, рабіць наша жыццё прыгожым і дастойным. У маіх дзяцей ёсць будучае. Мне хочацца, каб наша Беларусь развівалася так, што кожная з гаспадарак была б не горшай за нашы “Васілішкі”.

Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК

НА ЗДЫМКУ: Юрый ЖОЛІК з сям’ёй.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter