Што рабiць з елкай?

Што зрабіць з ёлкай пасля свят?
Памятаеце, як выглядаюць смеццевыя бакі каля нашых дамоў, калі навагоднія святы заканчваюцца, яшчэ на працягу некалькіх месяцаў? У іх і навокал на снезе раз-пораз з’яўляюцца «шкілеты» ўчарашніх навагодніх прыгажунь. Што рабіць, ссечаная елка з часам ператвараецца ў смецце. Можна, вядома, замяніць яе штучным дрэўцам, а то і нафантазіраваць сабе што-небудзь у стылі поп-арт, калі ролю навагодняй прыгажуні можа ўзяць на сябе і ўпрыгожаная гірляндамі драбінка. Але ж так хочацца, каб у навагоднія і калядныя святы ў доме пахла сапраўднай хвояй, а не яе штучнымі заменнікамі!



Што ж, рынак сёння такі, што кожны згодна з патрэбамі можа выбіраць сабе тавары па гусце. Гэтак жа і з елкай. Прыхільнікі старых традыцый купляюць натуральную, больш практычныя — штучную. Аматары ўсё рабіць сваімі рукамі і зусім ствараюць святочную атмасферу з падручных матэрыялаў. Да прыкладу, згортваюць асаблівым чынам глянцавы часопіс або выкладваюць ялінкай кнігі. Дарэчы, у ідэале, кажуць яны, гэта калі пасля свят усе рэчы можна раскласці па сваіх месцах, нічога не адпраўляючы ў смеццевае вядро.

Ідэя добрая, але так паступаюць не ўсе, а значыць, звалкі пасля свят актыўна папаўняюцца ўчарашнімі навагоднімі прыгажунямі. Улічваючы, што кожны год лясгасы краіны прадаюць насельніцтву больш за 150 тысяч дрэў, гэта вялізныя елачныя горы смецця. Зрэшты, як адзначаюць у службах ЖКГ у рэгіёнах, у прыватнасці ў Мастоўскім раёне, ніякіх праблем з гэтай катэгорыяй адходаў няма. Ды і якія праблемы, калі смецце арганічнае, шкоды навакольнаму асяроддзю не наносіць, ды і Новы год здараецца штогод, так што праца наладжана.

Хоць, шчыра кажучы, пытанне пра шкоду для прыроды неадназначнае. Зразумела, ведамства, якое нарыхтоўвае елкі для продажу, сячэ не бяздумна, а толькі там, дзе гэтыя высечкі прадугледжаны. Але елкі ж не клануюцца, і за год-два новыя пасля гэтага на іх месцы не вырастуць. Навукоўцы кажуць, што за год сеянец адарвецца ад зямлі ўсяго сантыметра на чатыры. А каб падняцца да 1—2 метраў, дрэўцу спатрэбіцца наогул гадоў дзесяць.

Канешне, не ўсе дрэвы сякуць. Новы подых — елка ў кадцы — актыўна набірае папулярнасць. Як адзначаюць у Мінлясгасе, у параўнанні з 2013-м, калі рэалізавалі толькі 130 такіх елак, у 2014-м попыт на іх вырас у 7,7 раза. І ўсё ж аб’ёмы продажу не такія ўжо вялікія, як хацелася б, і вылічаюцца адной-дзвюма тысячамі штук. Магчыма, таму, што не ўсе пра гэтую паслугу ведаюць. Ці таму, што далёка не кожны гатовы несці далейшую адказнасць за жывую елку.

А сапраўды, што з ёй рабіць пасля свят? Гэта не хатняя расліна, якую дастаткова паставіць бліжэй да святла і рэгулярна паліваць. Дрэва патрабуе догляду, пра які мы ведаем няшмат. Акрамя таго, зразумела, што рана ці позна з дрэўцам, якое займае нямала месца, прыйдзецца развітацца. Добра, калі ёсць уласны прысядзібны ўчастак, які елачка толькі ўпрыгожыць. А калі не? Высадзіць дрэва каля ўласнага пад’езда самавольна мы не маем права: лічыцца, што азеляненне прадугледжана забудоўшчыкам пры будаўніцтве дома. Адсутнасць спецыяльнага дазволу караецца адпаведным артыкулам адміністрацыйнага кодэкса і штрафам да дваццаці пяці базавых велічынь. Таму апынуцца ў смеццевым баку і ў такой ялінкі шанцы вельмі вялікія.

Выкінуць нельга перапрацаваць. Коску ў гэтым сказе можна паставіць там, дзе хочацца. Напрыклад, у Германіі з непатрэбных елак робяць нацыянальныя драўляныя нажы для масла, якія за немалыя грошы прадаюць турыстам. У Швецыі навагоднія дрэвы ды некаторыя віды святочнай папяровай і драўнянай ўпакоўкі пасля перапрацоўкі спальваюць у невялікіх гарадскіх кацельнях, атрымліваючы дадатковае цяпло. У Вене пасля навагодніх свят ва ўсіх раёнах горада кругласутачна працуюць спецыяльныя пляцоўкі па прыёме елак — у гэтым годзе іх каля 500. У далейшым дрэвы таксама перарабляюць у паліўныя брыкеты.

Аказваецца, ёсць і іншыя карысныя рэчы, якія можна атрымліваць з елкі. Напрыклад, удабрэнні, як гэта робяць на некаторых спецыялізаваных міні-заводах у Мехіка. Дарэчы, там за кожную здадзеную елку грамадзянін атрымлівае гаршчок з кветкай. Або тэхналагічную дранку на падсцілку скаціне, як гэта робяць іспанцы. У расійскім Томску трэці год праходзіць акцыя «Елкі для рагулі», у рамках якой старыя навагоднія дрэвы збіраюць, перапрацоўваюць і адпраўляюць на мясцовыя фермы ў якасці прыкорму для буйной рагатай жывёлы. Аказваецца, галіны іглічных дрэў утрымліваюць карацін, жалеза, марганец і аскарбінавую кіслату, якія карысныя для кароў, а значыць, утрымліваюцца і ў малацэ. Акрамя таго, па словах спецыялістаў, малако кароў з «іглічным» рацыёнам мае асаблівы смак. І томскія фермеры такой прапанове толькі рады.

Дзе можна з карысцю прымяніць елку ў нас? Калі дома або на дачы ёсць печ або камін, то для распальвання. Зрэшты, можна, вядома, папярэдне дамовіўшыся, адвезці ялінку ў мясцовы заапарк. Напрыклад, як распавялі ў Мінскім, ігліцу ахвотна ядуць капытныя, у тым ліку зубры. Толькі вось прыняць дрэвы ад усіх жадаючых немагчыма: жывёлам столькі не трэба.

Вера АРТЭАГА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter