Што рабіць з блаславёнымі рэчамі?

Многія вернікі асабліва любяць прыходзіць на святую Імшу тады, калі нешта бласлаўляецца — хлеб, соль, вада, свечкі і гэтак далей.

Многія вернікі асабліва любяць прыходзіць на святую Імшу тады, калі нешта бласлаўляецца — хлеб, соль, вада, свечкі і гэтак далей. Аднак потым узнікае пытанне, на якое яны не могуць адказаць: што далей рабіць з усім гэтым?

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ

Калі мы ўдзельнічаем у абрадзе бласлаўлення нейкіх прадметаў, рэчываў, то варта ведаць, які ў гэтым сэнс. Звычайна непасрэдна перад блаславеннем святар або дыякан растлумачвае, для чаго гэта робіцца. Праз малітву Касцёла на прадметы зыходзіць Божае блаславенне, і такім чынам яны атрымліваюць новае значэнне. Яны становяцца знакамі Божай прысутнасці ў свеце.

Нельга прадаваць або выкідаць тыя прадметы, якія былі блаславёныя. Мы можам іх падарыць блізкаму або знаёмаму чалавеку. Калі блаславёныя рэчы былі пашкоджаныя і няма магчымасці іх аднавіць, то варта дэмантаваць ці спаліць тое, што гарыць. Напрыклад, вербачкі з Вербнай (Пальмовай) нядзелі спальваюць, а гэтым попелам потым пасыпаюць галовы ў Папяльцовую сераду (Папялец). Аднак гэта не датычыцца выпадкаў, калі пры блаславенні нейкага прадмета асвячаецца сама дзейнасць, якая адбываецца пры яго дапамозе, а сам ён не служыць Божаму культу, як, напрыклад, у выпадку блаславення транспартных сродкаў.

Вяртаючыся да абраду блаславення рэчаў, варта падкрэсліць, што сам гэты абрад часта падказвае, што нам з імі рабіць. Свечку мы запальваем як знак нашай малітвы і ахвяры, даём у руку паміраючаму і гэтак далей. Хлеб святой Агаты на нашых землях прынята браць з сабой у падарожжа або захоўваць у дамах, спалучаючы з гэтым малітву аб захаванні ад небяспекі. Калі ў нас узнікаюць сумненні, для чаго неабходныя тыя або іншыя блаславёныя рэчы і як іх захоўваць, варта проста запытацца ў аўтарытэтных асоб ці звярнуцца да правераных крыніц ведаў. Многія інтэрнэт-крыніцы і друкаваныя выданні падаюць непраўдзівую інфармацыю на гэты конт.

Неабходна асцерагацца ўспрыняцця блаславёных рэчаў як амулетаў — прадметаў, якія ў перакананні некаторых маюць таямнічую, магічную сілу, або талісманаў — рэчаў, якія нібыта прыносяць шчасце і поспех. Такія перакананні з’яўляюцца праяўленнем фетышызму — веры ў моц рэчаў, што адкрывае чалавека для дэманічнага ўплыву і з’яўляецца магічнай практыкай. Ілюстрацыяй гэтаму могуць быць, напрыклад, перакананні некаторых, быццам існуць свечкі, якія запальваюць толькі “за памерлых” і якія запальваюць толькі “за здароўе”. Вырашальнымі заўсёды з’яўляюцца намер чалавека і малітва, а не колькасць асвечанай вады, якая трапіла на прадмет, як думаюць некаторыя. Не самі рэчы дапамагаюць чалавеку, а Божая моц.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter