Селянін жыве са свайго мазаля і аднолькава церпіць ад выбрыкаў прыроды

Што ў Польшчы, што ў Беларуси

Селянін жыве са свайго мазаля і аднолькава церпіць ад выбрыкаў прыроды


У САЦЫЯЛІСТЫЧНЫМ лагеры Польшча была адзінай краінай, дзе побач з дзяржаўнымі прадпрыемствамі на зямлі гаспадарылі і аднаасобнікі. На Балтыйскім узбярэжжы ў былых маёнтках прускіх бюргераў дзейнічалі кааператывы. У такім невялікім вытворчым калектыве пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума пачаў працаваць механікам сялянскі сын Ян ЯЦЫЎ (на здымку). 


На пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя пасля ўступлення Польшчы ў Еўрасаюз у выніку аграрнай рэформы кааператыў расфарміравалі і на базе яго пайшчыкі стварылі таварыства з абмежаванай адказнасцю “Палюзы”, якое даверылі ўзначаліць земляробу-механіку Яну Яцыву. Амаль чвэрць стагоддзя кіруе ён гаспадаркай. І свайго адзінага сына Анджэя з малых гадоў рыхтаваў да працы на зямлі. 

Таварыства аснашчана сучаснай энерганасычанай тэхнікай, на якой дваццаць пяць высакакласных механізатараў апрацоўваюць звыш двух тысяч гектараў зямлі. Вырошчваюць тут  у асноўным збожжавыя і рапс. 

— У першыя гады, акрамя раслінаводства, займаліся і жывёлагадоўляй, — адзначае Ян Яцыў. — Дойны статак і свінаферма давалі прыбытак. Але з цягам часу былі вымушаны ліквідаваць малочна-таварную ферму. З двух тысяч галоў свіней засталося ўсяго 200, якіх плануем да зімы прадаць і больш жывёлагадоўляй не займацца. Наш спажывецкі рынак насычаны мясной і малочнай прадукцыяй еўрапейскіх краін, і мы такую канкурэнцыю не вытрымліваем. 

— А прадукцыя раслінаводства канкурэнтаздольная?

— Азімая пшаніца і рапс дзякуючы дакладнаму выкананню комплексу тэхналагічных працэсаў штогод даюць стабільна высокія ўраджаі. Намалочваем з кожнага гектара не менш чым па 75 цэнтнераў зерня і амаль па 50 цэнтнераў насення рапсу, што дазваляе мець прыбытак.

— Каб атрымліваць такія ўраджаі, неабходна пастаянна падтрымліваць урадлівасць глебы. Была жывёла —  была арганіка, а цяпер як?

— Нашым глебам  без угнаенняў ніяк. Купляем і ўносім па распрацаваных нормах. Для вызначэння неабходнай колькасці ўгнаенняў яшчэ да сяўбы выязджаем у поле і абсталяваннем, аснашчаным сістэмай GPS , бяром на пробу глебу ў розных мясцінах. Вынікі аналізу ўносім у камп’ютар, і спецыяльная праграма ў залежнасці ад велічыні ўраджаю, які плануем атрымаць, вызначае норму фосфарных і калійных удабрэнняў. Дарэчы, іх набываем у Беларусі. 

Як і беларускія аграрыі, мы знаходзімся ў зоне рызыкоўнага земляробства. Пасяўныя плошчы абавязкова  страхуем, і калі здараюцца стыхіі, Еўрасаюз пакрывае страты. 

Вось і мінулай зімою масава вымерзлі пшаніца і рапс. За атрыманую кампенсацыю аператыўна закупілі насенне і перасеялі ўсё. І што? Перад жнівом прайшоў буран з градам і знішчыў пасевы. 

І сёлета стыхія, як і ў вас, нарабіла бяды. Эксперты вызначылі памер кампенсацыі, чакаем выплат.

— Наколькі я ведаю, Еўрасаюз не толькі грошы плаціць, але і патрабуе строга прытрымлівацца распрацаваных ім правілаў? 

— Даводзіцца, да прыкладу, квота на мінімальныя і максімальныя пасяўныя плошчы пад асноўныя культуры. Кантралюючыя органы пільна сочаць за гэтым і пры самым нязначным адхіленні строга караюць. Цвёрда вытрымліваем тэхналогію вырошчвання культур. Хімічную праполку і барацьбу са шкоднікамі праводзім у вызначаныя тэрміны. 

За вырошчванне збожжавых і кармавых культур атрымліваем субсідыю звыш ста еўра на гектар, а калі выдаюцца неспрыяльныя ўмовы — дадаткова выдзяляецца яшчэ да 60 еўра. 

Пры перадачы ў спадчыну фермерскіх гаспадарак асобам да саракагадовага ўзросту выдаецца беззваротная фінансавая дапамога ў памеры 13 тысяч еўра. І ўсё ж стаіць праблема маладых кадраў у сельскай гаспадарцы. Не ўсе выпускнікі аграрнага ўніверсітэта працуюць на зямлі. Большасць аднакурснікаў майго сына ўладкоўваюцца ў гарадах. 

— Ці хвалюе вас рэалізацыя прадукцыі?

— Вельмі стараемся атрымаць высакаякасную прадукцыю, якую можна рэалізаваць на экспарт. Ураджай звозім у сховішчы і сучаснымі высокаэфектыўнымі машынамі даводзім да неабходных кандыцый. Па традыцыі дзве трэція часткі сабранай пшаніцы экспартуем, а астатнюю рэалізуем мясцовым перапрацоўшчыкам. Сусветны рынак дыктуе закупачныя цэны. Некалькі гадоў таму тона пшаніцы каштавала 1800 долараў, а летась патаннела ў тры разы. Як будзе сёлета — час пакажа. Жніво толькі пачынаецца. 

Адносна стабільная цана трымаецца на насенне рапсу. З яго вырабляем алей. Заробленыя грошы  ідуць на аплату працы, разлікі за дзяржаўныя падаткі і развіццё вытворчасці. Пры неабходнасці можам узяць  у дзяржаўным банку пазыку пад 3 працэнты гадавых. Калі мы толькі арганізоўваліся ў таварыства, у краіне  віравала інфляцыя, і дзяржаўныя банкі выдавалі пазыкі пад высокі працэнт. Але  як толькі фінансавая сістэма стабілізавалася, патаннелі і пазыкі, што станоўча ўплывае на сабекошт прадукцыі.  

  — Вядома, што калі польскі гаспадар аддае свае землі пад пасадку лесу, дзяржава плаціць яму грошы. Мо і вам так лепш зрабіць, чым займацца рызыкоўным земляробствам?

— Многія ў нас гэтым карыстаюцца. Нават гараджане скупляюць зямлю ў правінцыі і аддаюць яе пад лес, атрымліваючы адпаведна дзяржаўныя дывідэнты, за якія і жывуць. У апошнія гады актыўна стала развівацца садоўніцтва, паўстала нават праблема рэалізацыі прадукцыі. Модным і даволі прыбытковым стала на прыватных землях заводзіць арэхавыя плантацыі.

— А ў вашым таварыстве не ўзнікала такая думка? 

— Пакуль я здольны цягнуць воз і весці рэй,  будзем займацца сельскагаспадарчай вытворчасцю. З дзяцінства выхаваны працаваць на зямлі, іншага занятку не ўяўляю. Такі мой жыццёвы прынцып. У таварыстве кожны член мае пэўную колькасць акцый, якія можа прадаць ці перадаваць нашчадкам. Жонка свае акцыі перапісала на сына. Спадзяюся, што ў будучым Анджэй заменіць мяне, і таксама аддам  яму свае акцыі. Праз некалькі гадоў збіраюся на пенсію. Дзяржава субсідзіруе пенсіённы фонд. Калі звычайны польскі прадпрымальнік плаціць у фонд штомесячна 800 злотых, то мы  250 злотых раз у квартал. Думаю, што і на пенсіі буду дапамагаць сыну.

— Які штат кіруючых спецыялістаў у вашай гаспадарцы?

— Дырэктар і намеснікі па раслінаводству і жывёлагадоўлі. Увесь улік вядзе бухгалтар праз камп’ютарную сетку. Платныя кансультацыйныя службы,  куды пры неабходнасці звяртаемся, дапамагаюць парадамі. 

— Якія пытанні часцей за ўсё хвалююць?

— Тэхналагічныя, асабліва ахова раслін, прымяненне хімічных сродкаў. Кансультуемся і па выбары лепшых сартоў сельгаскультур, і па нормах унясення ўдабрэнняў. Дапамагаюць кансультанты афармляць дакументы на атрыманне і выкарыстанне еўрасаюзных субсідый. 

— Улада лімітуе аб’ёмы выпуску сельгаспрадукцыі?

— Мы падпарадкаваны Еўрасаюзу, адкуль паступаюць указанні па аб’ёмах. Але  што сеяць — вызначаем самі. Дзякуючы даплатам з Еўрасаюза маем магчымасць набываць больш сучасную тэхніку, мінеральныя ўдабрэнні, сродкі аховы раслін, перспектыўнае насенне. 

Польская сельская гаспадарка сёння самая канкурэнтаздольная з усіх галін эканомікі. Сельгаспрадукцыя заваёўвае еўрапейскі рынак. Але яшчэ даволі адчувальна і дыстанцыя паміж узроўнем эканамічных магчымасцей польскіх і заходнееўрапейскіх сельгасвытворцаў, дзе галоўнае не рост аб’ёмаў,  а якасць прадукцыі.

Уладзімір СУБАТ

Польшча 

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter