Што нясуць дні высокай вады

Марозны сакавік, здавалася, скаваў традыцыйнае вясновае разводдзе, аднак узровень рэк працягвае расці. Інтэнсіўнасць розная — ад 1 да 17 сантыметраў за суткі. Па прагнозах гідролагаў, каля 140 населеных пунктаў будуць нязначна  падтопленыя — гэта звыш 6 тысяч дамоў. Але ёсць і небяспечныя тэрыторыі, такiя, як  Палессе. Тут Прыпяць з прытокамі рыхтуе сюрпрыз, запасы снегу абавязваюць. Аднак першай у паводкавай статыстыцы стартавала Міншчына. У пачатку тыдня за суткі Нёман затапіў у Стаўбцоўскім раёне 36 падворкаў.


Нераўнамернасць раставання лядовага покрыва Нёмана — адна з прычын вады ў дварах і агародах жыхароў Стоўбцаў і вёскi Новы Свержань. У вярхоўях ракі — ужо вада, у нізоўях — лёд.

Уважліва гідролагі сочаць за Палессем. Тут “беларуская Амазонка” — Прыпяць — ускрылася ад лёду і дадае па 4 сантыметры за суткі. Пакуль гучаць невялікія “званочкі”. Напрыклад, дарога паміж вёскамі Лучыцы і Хвойня ў Петрыкаўскім раёне ператварылася ў раку — буяніць Прыпяцкі прыток Пціч.


Чырвоная кропка на карце — вёска Чэрнічы Жыткавіцкага раёна, побач размешчана дамба. Узровень вады тут перавышае небяспечную адзнаку на 16 см. На чарзе палескія вёскі Снядзін і Мардвін, нават у бясснежныя зімы прыпяцкая паводка ператварае іх у выспы. Традыцыйна сыходзяць пад ваду некалькі вуліц у раённым Петрыкаве.

Былы аграном петрыкаўчанiн Аляксандр Каваленка да паводкі ставіцца спакойна:

— Для лугоў, агародаў, палёў рачная вада — дадатковая крыніца ўгнаення. У глебе асядае глей, розныя жывыя мікраарганізмы, зямля напітваецца вільгаццю. Ведаеце, як добра пасля паводкі расце трава? А тыя, хто жыве ў зоне падтаплення, — гатовыя да “вялікай вады”. Маёмасць застрахавана, лодкі адрамантаваны, ратавальнікі побач. Вопыт у палешукоў — вялікі.


Разлівы рэк у гэтым годзе прагназуюцца больш, чым у папярэднія чатыры гады, паведамляюць у Белгідрамеце. Гэта тлумачыцца значнай колькасцю ападкаў зімой і восенню. Напрыклад, на Гомельшчыне ў лютым  выпала 1,5 нормы ападкаў у выглядзе снегу, а за першую дэкаду сакавіка — уся месячная норма. Дзе можа быць небяспечна, распавяла начальнік аддзела гідралогіі “Гомельаблгідрамета” Вольга Калугіна:

— Рака Прыпяць з прытокамі Случ, Убарць, Пціч — на дадзены момант самая небяспечная. Пачынаючы ад вёскі Ленін Жыткавіцкага раёна да Нароўлі — гэта той участак, на якім чакаюцца ўзроўні вышэй за сярэднія шматгадовыя значэнні. Другая небяспечная зона — нізоўі Дняпра ў Лоеве. Пакуль паводзіць сябе спакойна Сож, але ён дэманструе свой характар традыцыйна пазней астатніх рэк.


Калі ўсё ж такі “вялікая вада” ў гэтым годзе “пагарэзіць”, ратавальнікі і мясцовыя ўлады ўжо склалі план выратавання. Органы ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, сілы і сродкі Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый знаходзяцца ў рэжыме пастаяннай гатоўнасці. Сфарміраваны 16 зводных атрадаў шасцігадзіннай гатоўнасці прыбыцця ў любы пункт краіны. Для правядзення неабходных мерапрыемстваў па ўскрыцці рэк ад лёду маюцца тры групы выбуховатэхнічнай службы МНС. Па ўсёй краіне вызначаны месцы часовага адсялення эвакуіраваных людзей, у асноўным гэта школы.



Добрае ўзаемадзеянне МНС, мясцовай улады і розных службаў было прадэманстравана пасля закрыцця аварыйнага моста паміж Туравам і Жыткавічамі праз раку Прыпяць. Былі арганізаваны рэйсавыя маршруты аўтобусаў да новай пераправы. На ёй у залежнасці ад умоў надвор’я функцыяніруе часовы пантонны мост або перавоз людзей ажыццяўляецца на катарах. Як толькі завяршыцца крыгаход, тут збіраюцца запусціць паром.



Спецыялісты тлумачаць, што, калі пацяпленне будзе плаўным, “вялікая вада” сыдзе паступова ў зямлю. Небяспечна рэзкае павышэнне тэмпературы, тады адталая вада, сцякаючы па мёрзлым грунце, напоўніць рэчышчы рэк і нізіны. Па максімальна негатыўным сцэнарыі ў гэтым годзе з улікам бягучай гідраметэаралагічнай абстаноўкі і таго, якой будзе паводка, найбольш верагодныя затапленні ў 43 раёнах краіны.

sb_gomel@mail.ru

Фота аўтара, Аляксандра Стадуба і 112.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter