Праз новую нумізматычную калекцыю гістарычнага музея можна прайсці шляхам Скарыны

Што ні манета — каштоўнасць

Нумізматычная калекцыя Нацыянальнага гістарычнага музея папоўнілася камплектам памятных манет серыі «Шлях Скарыны» — гэта адзін з найбольш знакавых набыткаў мінулага года. Яны прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і выпускаліся ў абарот Нацыянальным банкам на працягу трох апошніх гадоў.

На манетах прадстаўлены шэсць гарадоў: Полацк, Кракаў, Падуя, Венецыя, Прага, Вільня, — тых, што адыгрывалі вялікую ролю ў жыцці і дзейнасці Скарыны, звязанай з яго перакладам і друкаваннем Бібліі. Там не толькі старадаўнія малюнкі гэтых населеных пунктаў, але таксама знакі і сімвалы, якія ўвасабляюць сувязь з асветнікам. Да прыкладу, на манеце з пражскай тэматыкай як сімвал Прагі і знак найвышэйшага ўздыму творчых сіл Скарыны змешчана выява знакамітага ратушнага гадзінніка «Арлой». Для таго каб сканструяваць на манеце цыферблатныя дыскі з зададзенай гадзінай астранамічнага часу, становішчам Сонца і фазай Месяца на дзень 6 жніўня 1517 года (менавіта тады выйшла першая друкаваная кніга Скарыны), стваральнікі манеты звярнуліся да прафесійных астраномаў.

Акрамя гэтага, на манетах прадстаўлена і сама Кніга кніг у мастацкай і тэкставай інтэрпрэтацыі Скарыны: паказаны прыгажосць шрыфтоў, разнастайнасць гравюр, вытанчанасць дэкору. І ўсё гэта на невялікай па памеры манеце — сапраўды ювелірная работа!

У музеі расказалі: манеты юбілейнай серыі чаканіліся на Літоўскім манетным двары прафесіяналамі найвышэйшай кваліфікацыі. Выкарыстаная імі тэхналогія аксідзіравання — амаль ручная, таму кожную манету можна лічыць унікальнай. 

Наталля ІВАНОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter