«Што ні сям'я ў нашай вёсцы – амаль паўкласа вучняў»

СХАВАНАЯ сярод густых садоў і вялікіх агародаў палеская вёска Вялікае Маляшава Столінскага раёна ўпэўнена заявіла пра сябе як сапраўдная кузня таленавітых педагогаў, і ў большасці філолагаў. Амаль усе яны — вучні Надзеі Іванаўны КАВАЛЕЦ. У гэтую глыбінку яна была накіравана выкладаць рускую мову і літаратуру. Адразу так апантана ўзялася за справу, што за ўсе гады настаўніцтва не было ніводнага выпадку, каб нехта па яе прадмету не паспяваў.

Заслужаны настаўнік Беларусі, выдатнік народнай адукацыі, Герой Сацыялістычнай Працы Надзея Кавалец і ёсць Тытан, Калумб, Мудрэц, Трыбун, Мастак, Чалавек

СХАВАНАЯ сярод густых садоў і вялікіх агародаў палеская вёска Вялікае Маляшава Столінскага раёна ўпэўнена заявіла пра сябе як сапраўдная кузня таленавітых педагогаў, і ў большасці філолагаў. Амаль усе яны — вучні Надзеі Іванаўны КАВАЛЕЦ. У гэтую глыбінку яна была накіравана выкладаць рускую мову і літаратуру. Адразу так апантана ўзялася за справу, што за ўсе гады настаўніцтва не было ніводнага выпадку, каб нехта па яе прадмету не паспяваў.

– НЕ БЫВАЕ няздольных вучняў, проста не ўсім шанцуе на настаўнікаў, — пераканана ў свае амаль дзевяноста гадоў заслужаная настаўніца БССР, выдатнік адукацыі, Герой Сацыялістычнай Працы Надзея Іванаўна Кавалец. — Мне асабіста пашчасціла на педагогаў у нашай Тураўскай сярэдняй школе. На ўсё жыццё запомніла словы настаўніка Івана Ільіча Ніцэвіча, што да кожнага ў жыцці павінна дакрануцца цёплая настаўніцкая рука. Ён на ўроках рускай літаратуры зачароўваў багатай вобразнай мовай, цікавымі прыкладамі з твораў класікаў. З якім азартам распавядаў Іван Ільіч пра вызваленне ад нямецка-фашысцкіх акупантаў вядомага пушкінскага сяла Міхайлаўскае на Пскоўшчыне. Падчас баёў ваеннае камандаванне вырашыла не прымяняць там цяжкую артылерыю, і такім чынам захавалася гэта святыня. А наш Тураў ворагі звар’яцела знішчылі. Будынак школы спалілі, як і многія іншыя грамадскія пабудовы. Мы вымушаны былі вучыцца ў прыстасаваных памяшканнях.

А як мяне падтрымаў школьны дырэктар Фёдар Паўлавіч Лешчанка. Усе аднакласнікі, акрамя мяне — дачкі «ворага народа» —  былі камсамольцамі. Мой бацька быў першым старшынёй калгаса ў нашай вёсцы. У 1938 годзе яго арыштавалі, і з таго часу крута змяніўся лёс нашай сям’і. Больш бацьку мы ніколі не бачылі. Маці працавала даяркай у калгасе. За працоўныя поспехі Хрысціна Іванаўна ўдзельнічала ў рабоце І з’езда калгаснікаў- ударнікаў у сакавіку 1933 года ў Маскве. Яе партрэт упрыгожыў першую старонку часопіса «Работніца». Але пасля арышту бацькі яе выгналі з працы. Арыштавалі дзядзьку Рамана. Бацькаву сястру Адарку выключылі з інстытута, майго брата Фёдара — з камсамола, а мяне — з піянераў, ды так, што на ўсё жыццё запомнілася. Прыехала ў нашу вёску прадстаўніца раённых улад і публічна перад усім класам сарвала з мяне піянерскі гальштук і абвясціла, што я — дачка «ворага народа». Я, дзесяцігадовая дзяўчынка, ледзьве вытрымала такі здзек. А калі вучылася ў старэйшых класах Тураўскай сярэдняй школы, настаў час уступлення ў камсамол. Патрэбны былі дзве рэкамендацыі ад сяброў-камсамольцаў ці адна ад камуніста. Усе баяліся мець справу са мной. Фёдар Паўлавіч выклікаў мяне да сябе ў кабінет. Мы доўга гутарылі пра мае жыццёвыя планы, а ў канцы размовы дырэктар сказаў, што ён, як камуніст, дасць мне рэкамендацыю для ўступлення ў камсамол. У вызначаны дзень у воінскай часці наладзілі ўрачыстасць, і калі падышла мая чарга, адзін з членаў бюро райкама камсамола азнаёміўся з маёй біяграфіяй і з’едліва спытаў: як мне ўдалося пралезці ў камсамол? Я ледзьве сябе стрымала. Але ўсё ж дзякуючы прынцыповаму камуністу Фёдару Паўлавічу Лешчанку стала камсамолкай.

Такія духоўна багатыя, добрыя людзі выхоўвалі нас, пасляваенных сялянскіх дзяцей. Для мяне гэта і паслужыла асноўным аргументам у выбары прафесіі, было на каго раўняцца, з каго браць прыклад. Многія мае аднакласнікі сталі спецыялістамі сельскай гаспадаркі, інжынерна-тэхнічнымі работ- нікамі, медыкамі, а я цвёрда вырашыла стаць настаўніцай і пасля вучобы абавязкова вярнуцца ў родныя мясціны.

— Надзея Іванаўна, пасля сярэдняй школы вы маглі паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову, а чамусьці абралі двухгадовы Пінскі настаўніцкі інстытут?

— З нашых глухіх палескіх мясцін у тыя першыя пасляваенныя гады нікуды нельга было дабрацца — дарог аніякіх. Аўтобусаў яшчэ ў вочы не бачылі. А па Прыпяці курсіраваў цеплаход ад Пінска да Мазыра. Таму я пасля атрымання атэстата пешшу дабралася да Давыд-Гарадка і адтуль на цеплаходзе накіравалася ў Пінск. З Чырвонага Крыжа мяне як выпускніцу сярэдняй школы апранулі ў пышную з вялікімі гузікамі сукенку і далі абодва на адну нагу галёшы. Бо іншых не засталося. Маці пашыла мне буркі, і такой я адправілася на вучобу. Хто як мог тады апранаўся. Разам з намі, пасляваеннымі выпускнікамі школ, вучыліся франтавікі. Без правай рукі па плячо Табуноў, знявечаны вайной Лахтычкін. Пасля заняткаў усёй групай разбіралі гарадскія завалы. Увесь час хацелася есці. Аднойчы маці прыслала пасылку вагой шэсць кілаграмаў. З нецярпеннем мы адкрылі яе. А там сухое прасмажанае мяса. Усёй групай варылі з яго суп. Як я потым даведалася, карова ў вёсцы ўдавілася і яе дарэзалі. Маці падсмажыла ялавічыны і прыслала ў пасылцы. Два гады вучылася ў Пінскім настаўніцкім інстытуце, дзе за паспяховую вучобу стала кандыдатам на атрыманне Сталінскай стыпендыі. Але калі кіраўніцтва інстытута даведалася, што мой бацька рэпрэсіраваны, у гэтай стыпендыі адмовілі. Балюча было, але ўсё гэта не стрымлівала прагу да ведаў. На выдатна закончыла інстытут і прыехала ў Вялікае Маляшава, што ў некалькіх кіламетрах ад маіх родных Хільчыц, выкладаць рускую мову і літаратуру. Вышэйшую адукацыю потым завочна атрымала ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце.

— Канешне, не параўнаць сённяшніх умоў працы вясковага настаўніка і тых пасляваенных гадоў.

— Сёння наша сярэдняя школа нічым не горшая за любую гарадскую. Прасторныя светлыя кабінеты з усім неабходным тэхнічным арсеналам. Выдатна падрыхтаваныя педагогі, усебакова развітыя школьнікі. Толькі за апошнія пяць гадоў у нашым Столінскім раёне за дзяржаўныя сродкі ўзведзены тры вясковыя тыповыя сярэднія школы. Яны поўнасцю аснашчаны ўсім неабходным. А ў тыя мае першыя гады працы настаўніцай рускай мовы і літаратуры вучні яшчэ ў лапцях хадзілі. Па раскіслых вясковых вуліцах у нашым сяле не прабрацца было. У сем’ях панавала бедната. Многія школьнікі да позняй восені не хадзілі на заняткі: спраў ім хапала па хатняй гаспадарцы.

Наша вёска вялікая. У тыя пасляваенныя гады — што ні сям’я, то амаль паўкласа школьнікаў, і цяпер гэтай традыцыі многія ў нас прытрымліваюцца. Два дзіцячыя садкі перапоўнены дзецьмі вяскоўцаў. І ў сярэдняй школе колькасць навучэнцаў не падае. Амаль усе настаўнікі з вышэйшай адукацыяй. Калі ж я прыйшла працаваць у гэту вясковую школу, адукаваных педагогаў не хапала. Пачынала з таго, што імкнулася кожнага вучня нечым захапіць. Які радасны быў наш вучань Паўлік Васюхневіч касцюмчыку, што нашы настаўнікі купілі яму ў складчыну. Бацька яго пас калгасных кароў, а маці цяжка хварэла. Хатка ў два акенцы. Паўлік разам з брацікам Іванам у дзесяць гадкоў за бараной па полі хадзілі. Як ні цяжка было, а хлапчукі школу закончылі. Павел вывучыўся і доўгія гады ўзначальваў вялікі саўгас у Наўгародскай вобласці. Запаў мне ў душу і Віця, таксама з гаротнай сям’і, які так стараўся прыгожа пісаць у сшытку, але чамусьці яго чарніліца, якую ён зладзіў з бутэлечкі з-пад лекаў, часта падала ў палатнянай школьнай торбачцы і залівала сшыткі. Хлапчук нерваваўся. Я звязала спецыяльны футлярчык, у які мы з Віцем прыладкавалі тую чарніліцу. З якой радасцю ён потым даставаў з торбачкі свае акуратныя сшыткі!

— Вы атрымалі Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы...

— Я ніколі не спадзявалася, што так высока будзе ацэнена звычайная праца вясковай настаўніцы. Так, напэўна, лёсам мне было наканавана не шукаць лёгкіх шляхоў, а ісці па абраным сэрцам — настаўнічаць. Я жыву тут па вясковаму статуту. Як і ўсе не цураюся аніякіх гаспадарчых заняткаў. Ра- зам з мужам Аляксеем Аляксеевічам трымалі карову, свіней, хатніх птушак. Сеяла агарод і палола яго разам з дачкой Ганначкай і сынам Валодзяй. Дачакаліся чатырох ўнучак. Любачка і Ярынка сталі юрыстамі, а Наталля і Танюша настаўнічаюць у маёй школе, дзе пасля мяне настаўнічала і дачка мая, а іх маці, Ганна Аляксееўна Карпцова. Цяпер і яна на пенсіі. Сын Валодзя стаў інжынерам. З сям’ёй жыве ў суседніх Жыткавічах. Не адзін раз дружна выпраўлялі мяне ў Брэст, Мінск, Маскву на розныя канферэнцыі, з’езды. Асабліва запомнілася, як у 1978 годзе я была абрана дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў. Я вельмі хвалявалася перад тым, як ехаць у Маскву. Там, у Крамлі, мне ўручылі Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Памятаю, як міністр асветы СССР Міхаіл Пракоф’еў назваў маё імя, зала выбухнула апладысментамі, я не ведала куды мне падзецца, так усхвалявалася. У выступленні я закранула праблемы вясковых школ. У тыя гады быў кніжны голад, нам не хапала літаратуры. Мы арганізоўвалі пасляўрочныя чытанні праграмных твораў. Усё гэта я расказвала перад настаўнікамі краіны. А ў перапынку да мяне падышоў Пётр Міронавіч Машэраў і падзякаваў за выступленне. Адзначыў, што ён таксама быў настаўнікам, і спытаў, як жывецца вясковаму настаўніку. Яго цікавілі самыя злабадзённыя педагагічныя пытанні.

— Надзея Іванаўна, прабачце, а з мужам вам пашанцавала?

— Мо нават яшчэ і болей. Пачалося ўсё з таго, што на пабыўку ў родную вёску прыехаў статны салдат. У яго пяць братоў было. Тады пра тэлевізары мы яшчэ і не чулі, нават радыё ў нашай вёсцы не правялі. Пасля працы ці ў святы сяляне на вуліцы гуртамі збіраліся, заводзілі спевы. Якія цудоўныя галасы былі ў яго братоў. І ў працы на ўсе рукі здатныя. Дырэктар школы даручыў мне запрасіць былога выпускніка на сустрэчу з вучнямі. Ён пагадзіўся і вельмі цікава расказваў пра службу ў Закарпацці. Праз год ці два дырэктар школы выклікаў мяне і кажа, каб я выйшла на ганак, там нейкі малады чалавек чакае. Я выйшла, перада мной стаяў больш узмужнелы той салдат. Адслужыў і вярнуўся дамоў. Неўзабаве зрабіў мне прапанову. Запрэглі белага каня і паехалі ў суседнюю вёску Альгомель рэгістраваць шлюб. Амаль шэсцьдзясят гадоў пражылі ў згодзе і шчасці з Аляксеем Аляксеевічам. Сваімі рукамі прасторны дом узвялі, сад пасадзілі. Цяпер побач унучка мур завяршае будаваць. Мне ад гэтага на сэрцы весялей.

— Надзея Іванаўна, у адным з дакументаў, напісаным інспектарам Столінскага раённага аддзела адукацыі Зінаідай Пракопаўнай Зайцавай, ёсць такія радкі: «…яе ўрокі не паддаюцца акадэмічнаму аналізу. Яны, як добрая песня, якая прымушае перажываць, хвалявацца, радавацца».

— Кажуць, што з песні слова не выкінеш. Вось так і кожны ўрок павінен быць прыгожай песняй, каб за душу браў, заставаўся ў памяці. Можа, я надта строга падыходжу, але хацела б, каб мае ўнучкі больш пранікнёна жылі настаўніцтвам. Ды ўвогуле сёння так неяк склалася ў нашым грамадстве — упаў да немагчымага статус вясковага настаўніка. У педагагічныя ўніверсітэты паступаюць выпадковыя людзі, апошнія гады нават бывае недабор, у школах працаваць становіцца непрэстыжна. А гэта ўжо моцны сігнал, што настаў час неадкладна прымаць кардынальныя меры на ўзроўні дзяржавы. Нацыя павінна быць адукаванай. Без настаўніка няма ні палкаводца, ні паэта, ні ўрача. Калісьці ў ХІХ стагоддзі канцлер Германіі Бісмарк віншаваў свайго караля з бліскучай перамогай над Францыяй і пачуў у адказ: «Павіншуйце школьнага настаўніка, які сумеў выхаваць патрыёта краіны».

Наша дзяржава шануе лю- дзей працы. Самыя лепшыя атрымліваюць ўзнагароды, іх імёны заносяцца на Дошкі пашаны. А ў кожнага такога паважанага чалавека быў самы звычайны школьны настаўнік. У савецкі час адна з цэнтральных газет пісала, што настаўнік — гэта Тытан, які трымае ў руках повязь вякоў; Калумб, што адкрывае ў бяспечнай краіне дзяцінства сілу, розум, талент будучага грамадства; Мудрэц, які ўмее даступна патлумачыць усё складанае; Трыбун, чыё патрыятычнае слова нараджае прагу да подзвігу; Мастак, што стварае жывую прыгажосць свету; Чалавек, якому вядомыя ўсе душэўныя рухі, у якім патрабавальная строгасць роўная ўцяшальнай пяшчоце. Удумайцеся: Тытан, Калумб, Мудрэц, Трыбун, Мастак, Чалавек — у адной асобе, сапраўдным настаўніку.

Уладзімір СУБАТ 

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter