Што мы ведаем пра беларускую літаратуру? Блiцапытанне

БЛІЦАПЫТАННЕ

Што мы ведаем пра родную літаратуру

Наша класіка жанру

Купала, Колас, Багдановіч, Маўр, Гусоўскі -- гэтых аўтараў, напэўна, чыталі ўсе. А яшчэ? У Міжнародны дзень роднай мовы мы пацікавіліся ў прахожых, творчасць якіх пісьменнікаў ім падабаецца?

Юлія Касінец, студэнтка:


-- Важнае месца ў гісторыі беларускай нацыянальнай культуры належыць Вiнцэнту Дyнiну-Мapцiнкeвiчу. Вельмі таленавіты аўтар упісаў шмат яркіх старонак у тэатральна-мастацкую спадчыну нашага народа. Да прыкладу, “Пiнcкaя шляxтa”. Я з задавальненнем прачытала камедыю, а нядаўна хадзіла на спектакль паводле п’есы. Гэта cмeшнaя i aднaчacoвa вeльмi пaзнaвaльнaя гicтopыя пра жыццё бeлapycкaй шляxты. А наогул, я люблю родную мову. Чытаць кнігі, глядзець спектаклі. А яшчэ ж ёсць кіно! Нядаўна хадзіла з сябрамі на мультфільм “Шрэк” з беларускай агучкай -- было выдатна!

Руслан Хількевіч, спецыяліст у сферы дыстрыбуцыі:


-- У Васіля Быкава ёсць шмат годных твораў. Ён па-майстэрску раскрывае ўсю праўду пра людзей, якія перажылі пекла вайны. У яго апавяданнях паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця. Ёсць і аповесці пра сапраўднае каханне. Калі такія творы трапляюць у рукі, прагна глытаеш кожную старонку. Імі зачытваюцца і жанчыны, і мужчыны. “Альпійская балада”, напрыклад, -- вельмі яркі такі твор.

Анастасія Рэбік, студэнтка:


-- “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча -- гэта шэдэўр! Гістарычную аповесць з элементамі містыкі магу перачытваць бясконца. А яшчэ такі факт: мой айчым -- цёзка вядомага пісьменніка. Таму творы Караткевіча чытаем усёй сям’ёй, яны нікога не пакідаюць абыякавымі. А яшчэ любім наш тэатр. Гэта зусім іншыя эмоцыі -- там жыццё бурліць без спецэфектаў, шматлікіх дубляў. Усё па-сапраўднаму. Вельмі выдатна прачытаць беларускі твор, а потым атрымаць асалоду ад акцёрскай гульні.

Дзяніс Краўчанка, інспектар службы бяспекі:


-- З усіх кніг беларускіх аўтараў, якія я калі-небудзь чытаў, больш за ўсё запомніліся “Людзі на балоце” Івана Мележа. Аўтар апісвае перамены ў глухой вёсцы, якая адрэзана ад знешняга свету балотамі. Там раскрываюцца шматлікія праблемы адносін паміж сялянамі, ды і ўсяго соцыума ў цэлым. Нягледзячы на тое, што падзеі развіваюцца ў часы калектывізацыі, гэта кніга на ўсе часы. Падчас Тыдня роднай мовы, які зараз праходзіць у краіне, хочацца пажадаць усім больш чытаць нашых аўтараў. І размаўляць на роднай мове. Вельмі прыемна, што цяпер усё больш моладзі робяць гэта ў звычайным, будзённым жыцці.

Яўген Бычанаў, прадпрымальнік:


-- “Жаба ў каляіне”, “Дыпламаваны баран”, “Ганарысты парсюк”... Байкі Кандрата Крапівы ведаюць усе яшчэ са школы. Іх чыталі цэлыя пакаленні. Творчасць беларускага байкапісца і драматурга вельмі актуальна і па гэты дзень. Упэўнены, будзе цікава моладзі яшчэ праз многія гады. А наогул, я шмат чытаю і нашых, і замежных аўтараў. Нядаўна атрымліваў асалоду ад твораў Быкава, праўда, у рускамоўным выданні. Збіраюся набыць гэтыя ж кнігі на беларускай мове. Мы ўсе без выключэння павінны больш да яе цягнуцца.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter