Мы праверылi дарункi лесу на радыёнуклiды

Што ў лісічкі пад шапачкай

Сезонны «грыбапад» у самым разгары. Ягад таксама шмат на прылаўках. Аматары паласавацца свежымі чарніцамі, буякамі, лісічкамі, чырвонагаловікамі штурмуюць рынкi і мага-зіны. А калі часу зусім не хапае, пакупнікі набываюць лясныя дарункі ў бабулек пры выхадзе з метро ці спыняюцца на трасе, дзе таксама шмат месцаў як стыхійнага, так і арганізаванага гандлю дзікімі «прысмакамі». Карэспандэнт «Р» праверыла грыбы і ягады на радыенукліды і высветліла, у якіх месцах іх лепш набываць, а якіх — пазбягаць.



Сярэднія, але па сем рублёў

Для чысціні эксперымента вырашаем закупіцца грыбамі і ягадамі ў розных гандлёвых кропках. Самае простае – аддзел садавіны і агародніны бліжэйшага гіпермаркета. Тут знаходзім толькі свежыя шампіньёны.

— Проста тэрмін захоўвання ў іх даўжэйшы, чым у астатніх, — адрэагавала прадавец, убачыўшы мае разгубленыя ад небагатага выбару вочы.

Прабягаемся па некалькіх мас-маркетах. Вынік адзін – паўсюль толькі шампіньёны. Дарэчы, за кілаграм з лішкам аддаём 7 рублёў 50 капеек.

Пасля магазінаў ідзём штурмаваць «аванпосты» кірмашу. Тут вока чапляюць сонечныя лісічкі, раскіданыя высокімі пірамідамі па ўсіх прылаўках. Кошт  іх вагаецца ад 6 да 8 рублёў. Мы бяром кіло сярэдніх – па 7.

— Бярыце-бярыце, не пашкадуеце. Смачныя, чысценькія. Што яшчэ патрэбна? – хутка напаўняе пакет прыветная прадаўшчыца. – Сама везла з Брэсцкай вобласці.

Кошт рыначных чарніц вагаецца ад 7 да 8 рублёў за кілаграм.
Вось і праверым, наколькі яны «чысценькія». З такімі думкамі шукаю вачыма чарніцы. Сярэдні кошт кілаграма ажно 8 рублёў. Нічога не зробіш, прыходзіцца браць. Жанчынка сярэдніх гадоў, якая прывезла ягады з Баранавічаў, нават зніжку зрабіла на 50 капеек.

Далей задача больш складаная – вылавіць лясныя дарункі пры дарозе. Але ў разгар сезона і гэта не праблема: бабулі і дзядулі гандлююць ягадамі і грыбамі штодзённа з ранку да вечара (пакуль усё не разбяруць) каля выхадаў з метро і буйных гандлёвых кропак. Купляю лісічкі па 8 рублёў у сясцёр з Асіповічаў. А смаргонскія чарніцы з трасы па 7 рублёў мне «па спецзамове» прывозіць сябар.

Фаніць ці не фаніць?

Цяпер крочым у лабараторыю з мэтай правесці незалежную экспертызу. Праверыць грыбы і ягады на радыенукліды можна ў лабараторыях лясгасаў, якія базіруюцца на забруджаных тэрыторыях, у цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, а таксама ў лабараторыях радыяцыйнага кантролю Белкаапсаюза. Выбіраем найпрасцейшы шлях і выпраўляемся ў лабараторыю ветэрынарна-са-нітарнай экспертызы Камароўскага рынку.

Каля акна, дзе праводзяць адбор проб на даследаванне расліннай прадукцыі, чаргі няма. Гэта не дзіва для 9 гадзін раніцы – усе прадаўцы, хто хацеў атрымаць запаветны «сертыфікат на годнасць», зрабілі гэта ўжо з самага ранку.

Зранку на рынку можна знайсці лісічкі па 6 рублёў за кілаграм. Пазней кошт падскоквае аж да 8 рублёў.

— Дзяўчына, у мяне час ляціць, калі ўжо будуць вынікі? – злуецца ў суседнім акне бабуля, якая прывезла на продаж мяса. Я цярпліва чакаю, калі прымуць маё 5-кілаграмовае дабро.

Для даследавання спецыялісты лабараторыі патрабуюць па кілаграму прадукцыі кожнай пробы. Пачынаем з асіповіцкіх лісічак. Урач-радыёлаг лабараторыі Юлія Абрамчук старанна здрабняе грыбы і ўкладвае ў спецыяльны кантэйнер. Каб вынік атрымаўся больш дакладны, пасудзіну напаўняем па максімуме.

— Каб выявіць узровень забруджвання, трэба крыху пачакаць, — Юлія пстрыкае кнопкамi гама-радыёметра, настройваючы яго на работу. – Дзякуючы гэтаму прыбору мы памераем узровень цэзію-137. Норма для грыбоў – 370 Бк/кг, для ягад – 185.

Часцей у лабараторыю рынку зазіраюць прадаўцы, каб атрымаць запаветны талон. Загадчык лабараторыі Кацярына Дубікоўская ўзгадвае добрым словам ахвотнікаў праверыць дарункі «для сябе». Аднак такіх, на жаль, зусім няшмат:

— На мінулым тыдні толькі адзін такі наведвальнік быў. У гэтым годзе найбольш забруджанымі аказаліся буякі і лісічкі. За летні перыяд мы выявілі ў лабараторыі 10 выпадкаў забруджвання грыбоў і 8 «непрыемнасцей» з ягадамі.

Дзесяць хвілін – і атрымліваем лічбавае значэнне ўдзельнай актыўнасці радыенуклідаў цэзію-137. У асіповіцкіх лісічках ён склаў 20,8 плюс-мінус 10 Бк/кг. Гэты грыб чысты. А што наконт астатніх?

Урач-радыёлаг лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы Камароўскага рынку Юлія АБРАМЧУК перад тым, як змераць узровень цэзію-137, старанна ўзважвае грыбы.

У межах дапушчальнага

За паслугу праверкі грыбоў на прысутнасць шкодных рэчываў аддалі 18 рублёў з капейкамі. Сума гэтая вылічваецца ў залежнасці ад вагі прадуктаў. Найбольш чыстымі сярод правераных ягад і грыбоў аказаліся баранавіцкія чарніцы (менш за 5,2 Бк/кг) і магазінныя шампіньёны (менш за 10 Бк/кг). Шампіньёны не здзівілі: грыбы-дыскрымінатары амаль не назапашваюць радыенук-ліды. Значна большы ўзровень цэзію-137 знойдзены ў смаргонскіх чарніцах з трасы (78,3 плюс-мінус 17,3 Бк/кг) і брэсцкіх лісічках з кірмашу (94,3 плюс-мінус 21,2 Бк/кг). Аднак усе гэтыя лічбы – у межах дапушчальнага.

Вынікі экспертызы ўзрадавалі: усе паказчыкі — у межах дапушчальнага.
Зусім бясплатна грыбы і ягады можна праверыць на радыенукліды ў буйных цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі.

— Такое даследаванне праводзіцца нядоўга – ад 5 да 30 хвілін. Вынікі паведамляем у той жа дзень. Гэтым летам у наш цэнтр звярнуўся 41 чалавек з просьбай праверыць грыбы і ягады: выяўлена 7 выпадкаў забруджвання лясных дарункаў, — робіць няхітрыя падлікі ўрач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Іван Цэйцін. – Забруджаныя віды былі прывезены з Чэрыкаўскага, Бялыніцкага, Лельчыцкага і Валожынскага раёнаў.

Вяртаючыся з масіўным пакункам грыбоў і ягад дадому, падыходжу да бабулі з лісічкамі, якая сумуе ля выхада з метро:

— Па колькі грыбы?

— Аддам шкляначку за тры рублі.

— А талон з лабараторыі маецца?

— Які талон?! Яны ж і так чысценькія, сама збірала…

ГЭТА ФАКТ

Радыяцыя ў грыбах можа перавышаць норму ў 20 разоў. Каб знізіць узровень радыенуклідаў, варта адварыць грыбы ў салёнай вадзе. Таксама пажадана дабавіць у яе воцат або лімонную кіслату. Падчас сушкі колькасць шкодных рэчываў у грыбах толькі ўзрастае.

veronulas@sb.by

Фота аўтара і Антаніны ХАТЭНКА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter