В Минске в январе-марте на производстве погибли 16 человек

Што хаваецца за фасадам

Як маніторынгі профільных спецыялістаў дапамагаюць папярэджваць няштатныя сітуацыі на будпляцоўках краіны

На пачатку сезона актыўнага вядзення будаўнічых работ спецыялісты Дэпартамента па кантролі і наглядзе за будаўніцтвам Дзяржстандарту і яго інспекцый, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама будаўнічых арганізацый абмеркавалі пытанні ўтрымання будпляцовак.
Ігар ГУСЕЎ.

Дырэктар Дэпартамента па кантролі і наглядзе за будаў­ніцтвам Дзяржстандарту Ігар Гусеў паведаміў, што інспекцыі дэпартамента летась наведалі 7496 будаўнічых пляцовак ва ўсіх рэгіёнах краіны. У 68 працэнтах былі выяўлены парушэнні:

— У першым квартале 2021 года лічбы такія: інспекцыі наведалі больш за 2700 будпляцовак. Устаноўленым патрабаванням па іх утрыманні не адпавядала 62 працэнты. Па фактах выяўленых пару­шэнняў выдадзена больш за 2000 прадпісанняў і каля 280 рэкамендацый. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 180 службовых асоб.

Найбольш праблем­нымі пытан­нямі па ўтрыманні будпляцо­вак, па словах кіраў­ніка дэпартамента, з’яўляюцца парушэнне патрабаванняў па агароджы месцаў правядзення работ, складзіраванні матэрыялаў, несвоечасовая ўстаноўка сігнальных агародж, адсутнасць на аб’ектах пастоў мыйкі колаў будаўнічай тэхнікі і транспарту, незабеспячэнне кантэйнерамі для збору адходаў вытворчасці.

Ігар Гусеў назваў прадпрыемствы, якія маюць высокую культуру арганізацыі будаўнічай вытворчасці і могуць быць прыкладам — гэта МАПІД і «Мінскметрабуд».

— Мы адразу стараемся арганізаваць будпляцоўку так, каб у органаў, якія нас кантралююць, не ўзнікала пытанняў. Надаём увагу падрыхтоўцы тэрыторыі, водаадвядзенню, арганізацыі пастоў мыйкі колаў, пракладцы часовых дарог з цвёрдым пакрыццём, — акцэнтаваў увагу галоўны інжынер ААТ «МАПІД» Аляксей Маслаў.

Адзначаючы склада­насці пры стварэнні будпляцоўкі і ўладкаванні бытавога гарадка пры будаўніцтве аб’ектаў у Мінску, абумоўленыя шчыльнай гарадской забудовай, начальнік інспекцыі Дэпартамента па кантролі і наглядзе за будаўніцтвам Дзяржстандарту Мінска Аляксандр Чэрнікаў сказаў, што заказчыкам і падрадным арганізацыям рэгулярна накіроўваюцца рэкамендацыі. Асаблівая ўвага надаецца наяў­насці пастоў мыйкі колаў, спраўнасці агародж, наяўнасці банараў на магістральных вуліцах горада.

Галоўны інжынер МАПІД Аляксей МаслАў і начальнік інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па г. Мінску Аляксандр Чэрнікаў на аб’екце ў Лошыцы.
Фота Аляксандра Кушнера

Занепакоенасць пытаннямі ўтрымання будпляцовак у воб­ласці выказаў першы намеснік начальніка інспекцыі Дэпартамента па кантролі і наглядзе за будаўніцтвам па Мінскай вобласці Павел Мацельскі, яшчэ значная іх колькасць знаходзіцца ў нездавальняючым стане:

— На ўсіх будпляцоўках павінен быць парадак. Ад гэтага залежаць эфектыўнасць працы і бяспека работнікаў. Больш за палову правераных за першы квартал гэтага года аб’ектаў мелі парушэнні. Для параўнання: за аналагічны перыяд мінулага года такіх аб’ектаў было больш за 70 працэнтаў.

У студзені — сакавіку ў Мінску на вытворчасці загінула 16 чалавек, 45 атрымалі цяжкія вытворчыя траўмы. Такія лічбы агучыла Таццяна Васілеўская, начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб ахове працы Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспек­цыі працы Мінпрацы:

— 75 працэнтаў ад агульнай колькасці смяротных выпадкаў прыпала на арганізацыі пазаведамаснай падпарадкаванасці. Двое работнікаў былі цяжка траў­міраваны, знаходзячыся на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Значны рост траўматызму назіраецца таксама пры выкананні будаўніча-мантажных работ. Так, сёлета за тры месяцы смяротна траўміраваны адзін чалавек і 14 атрымалі цяжкія траўмы.

Будаўніцтва жылога дома №13 у Лошыцы. Падтрыманню парадку на гэтай і іншых будпляцоўках у Мінску і вобласці надаецца вялікая ўвага.
Фота Аляксандра Кушнера

Аналіз завершаных расследа­ванняў па факце няшчасных выпадкаў на вытворчасці паказаў, што прычынай большасці здарэнняў стала невыкананне працадаўцамі патрабаванняў аховы працы. Прычынай траўмаў часцей за ўсё станавіліся допуск пацярпелых да працы без адпаведнай кваліфікацыі па прафесіі, без праверкі ведаў па пытаннях аховы працы, незабеспячэнне сродкамі індывідуальнай абароны…

Удзельнікі прэс-канферэнцыі сышліся ў меркаванні, што Мінск як сталіца павінен быць прыкладам для рэгіёнаў. Практыка паказвае: станоўчы эфект дасягальны толькі тады, калі ўсе ўдзельнікі будаўнічага працэсу добрасумленна выконваюць свае абавязкі.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter