Як жывуць і развіваюцца аграгарадкі Віцебшчыны

Што для Вiраўлi занадта, для Пальмiнкi — самае тое

Старшыня Віраўлянскага сельвыканкама Іван БАЦЯН
Два розныя аграгарадкі аднаго раёна. Адзін — ціхі, мерны і спакойны. Другі — актыўны, шматлюдны і больш мітуслівы. Жыццё ўсюды кіпіць па-свойму, але жыхары і Віраўлі, і Пальмінкі задаволеныя ім. Віраўлянскі сельсавет — адзін з самых паўночных у раёне, мяжуе з Расіяй. Цэнтр — аграгарадок Віраўля ў 35 кіламетрах ад райцэнтра. Насельніцтва усяго 286 чалавек: 171 — працаздольнага ўзросту, 52 — маладзей працаздольнага і 63 чалавекі дасягнулі пенсійнага.

— Свой статус Віраўля атрымала ў 2007 годзе, — распавядае старшыня сельвыканкама Іван Бацян. — Працуюць магазін, паштовае аддзяленне, ФАП, Дом культуры, бібліятэка. Моладзь з вышэйшай адукацыяй падалася ад нас, застаюцца, хто мае працоўныя спецыяльнасці. У базавай школе прыкладна 33 вучні і 16 настаўнікаў. Навучэнцаў 10—11-х класаў возяць у Бычыхінскую школу. Дзіцячы садок знаходзіцца ў трох кіламетрах ад аграгарадка, яго наведваюць 14 выхаванцаў.

Уся інфраструктура, паводле слоў старшыні, стваралася амаль 10 гадоў таму. Будаваліся індывідуальныя дамы, мадэрнізавалася ферма, капітальна рамантаваліся грамадскія будынкі, асфальтаваліся вуліцы. Толькі з цягам часу ўсё гэта паступова прыйшло ў заняпад і патрабуе чарговага фінансавага ўлівання.

Цікаўлюся ў старшыні наконт працы.

— Усе, хто хочуць, працуюць. 265 месцаў прадаставіла замежнае прадпрыемства «Децкасельскі-Гарадок» філіял «Віраўлянскі». Сюды нават прывозяць людзей з райцэнтра. Мясцовыя жыхары працуюць у школе, краме, на пошце, у СДК. Праблем няма з-за таго, што не хапае якіх-небудзь спецыялістаў. На ФАПе адзін медработнік, але пры неабходнасці можна паехаць ва ўчастковую бальніцу Халамер’я.

Вуліца Новая ў аграгарадку Віраўля

Маладому пакаленню можна падацца і ў Дом культуры на танцы. Прынамсі, так павінна быць. Але, па словах дырэктара СДК Веры Старавойтавай, на дыскатэках практычна няма моладзі. А дзе ёй брацца, калі ў мінулым годзе ў Віраўлі нарадзілася 6 чалавек, а сышлі з жыцця 18. Ды і гэты паказчык нараджальнасці лічыцца добрым.

Пакупніка абслугоўвае загадчыца Віраўлянскага магазіна Святлана СУРТА

Каля паштовага аддзялення перастрэла мясцовага жыхара Сяргея Ткачэнку, пытаюся, як таму жывецца. «Нармальна, — кажа. — Нядаўна ўладкаваўся механізатарам. Пра заробкі нічога яшчэ не скажу, не атрымліваў пакуль, але, кажуць, ад 30 да 80 рублёў у дзень можна зарабіць”.

— Усё добра ў нас, — падтрымлівае размову Наталля Таўпінец. — Мая сям’я прэзідэнцкі домік атрымала. Мужык робіць механізатарам, а я пакуль у дэкрэце. Усё, што нам трэба для жыцця, у Віраўлі ёсць.

Загадчыца паштовага аддзялення Віраўлі Анжэла САЗОНАВА

Прэзідэнцкіх, як людзі кажуць, домікаў у Віраўлі з 1993 па 2009 год пабудавалі 30. Іх атрымлівалі ў першую чаргу спецыялісты і работнікі гаспадаркі. Іх, калі ў тым была патрэба, давалі настаўнікам, медыкам і іншым прадстаўнікам вясковай інтэ- лігенцыі, каб тамтэйшае жыццё трохі ажывілася. Цяпер новага нічога не будуецца, замежнаму расійскаму прадпрыемству больш выгадна прывозіць сваіх рабочых з Гарадка. Зрэшты, калі гаварыць праўду, каб не гэта акалічнасць, Віраўля стала б на шлях, якім зараз ідуць Шпакі і які ўжо амаль прайшлі Шніці.



Не так усё самотна і куды больш перспектыўна ў аграгарадку Пальмінка, дзе зараз 603 гаспадаркі і прыкладна 1433 чалавекі. Інфраструктура больш развітая, чым у Віроўлі: сярэдняя школа, Дом культуры, амбулаторыя агульнай практыкі, дзіцячы сад, сталовая, лазня, 3 дзяржаўныя і 5 прыватных магазінаў, аддзяленне банка, КБА, ЖКГ, міні-бар, бібліятэка...

Стараста Пальмінкі Валянціна Прышчэпава жыве тут з самага нараджэння. На яе вачах яна ператварылася з вёскі ў аграгарадок.

— Пальмінка заўсёды была вялікай вёскай. Этнічна мы як Савецкі Саюз, у нас якіх толькі нацыянальнасцей няма: з адкрыццём свінакомплексу ў канцы 80-х гадоў сюды прыехалі шмат маладых сем’яў. Пабудавалі цэлую вуліцу для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны. Пальмінцы іх прынялі, як родных. Ды і цяпер прымаем іх з Украіны. Нядаўна нашы настаўнікі збіралі грошы, каб дапамагчы ў лячэнні ўкраінскага дзіцяці, бо для іх, як для замежнікаў, яно платнае. Вось за такія ўчынкі ганаруся аднавяскоўцамі. Што тычыцца выгод, то, на мой погляд, у Пальмінцы можна жыць добра. Ніводная ўстанова, з тых, што былі на момант стварэння аграгарадка, не зачынілася.

Па вялікім рахунку, калі прысвойваўся статус, новых аб’ектаў інфраструктуры не ўзводзілі, акрамя грамадскай драўлянай лазні, пабудаванай замест непрыдатнага лазнева-пральнага камбіната, і яна працуе да гэтага часу. Рэканструявалі ФАП, пальмінцы могуць наведаць нават стаматалагічны кабінет. Можна не толькі звярнуцца да тэрапеўта і педыятра, але здаць аналізы, прайсці простае абследаванне.

Старшыня Пальмінскага сельвыканкама Анфіса БЯРОЗКА і стараста аграгарадка Валянціна ПРЫШЧЭПАВА

Адзіная навінка і вельмі важная — будаўніцтва аднакватэрных домікаў. Больш за 50 сем’яў сталі навасёламі. Аграгарадок расквітнеў, а людзі цешыліся, што жывуць у такім прыгожым і камфортным населеным пункце. Шматкватэрныя дамы і частка прэзідэнцкіх домікаў былі газіфікаваны. У наступным годзе плануецца далей падводзіць газ да дамоў прыватнага сектара.

Іду знаёміцца з людзьмі. Што яны скажуць? Надзея Храмцова сама з Бранскай вобласці. Адразу звяртаеш увагу, што чалавек размаўляе на трасянцы, беларускіх слоў нават больш.

Жыхарка Пальмінкі Надзея ХРАМЦОВА

— Ну дык і я ўжо даўно беларуска, — падхоплівае Надзея Сямёнаўна. — З 75 гадоў жыцця — 30 пражыць тут і не стаць сваёй? Чарнобыль многім змяніў нацыянальнасць. Тут мой дом, дзецям вяселлі тут справіла. Мужа пахавала 18 гадоў таму, цяпер жыву з сынам, ён інвалід. Я такі чалавек, што мне ўсюды добра, абы было ціха і мірна.

З Бранскай вобласці і Васіль Асіпенка. Гісторыя станаўлення і развіцця Пальмінкі цесна звязана з гэтым чалавекам. У 1995 годзе ён узначальваў і выводзіў з крызісу тутэйшы магутны свінакомплекс “Паўночны” на 54 тысячы галоў, які ледзь не ляснуў разам з Савецкім Саюзам. Васілю Сямёнавічу прыйшлося падымаць не толькі яго, але і разбураную цяжкім эканамічным становішчам Пальмінку. Велізарная яго заслуга ў тым, што цяпер гэта перспектыўны і адзін з самых густанаселеных аграгарадкоў Віцебшчыны.

— А я ўжо амаль сорак гадоў тут, — Ала Міхаленка чуе нашу гутарку з палісадніку. — У Пальмінцы добра, але, на мой погляд, усё ж не хапае працоўных месцаў. У нас шмат дзетак падрастае. Добра памятаю, што, калі стваралі аграгарадок, абяцалі і перапрацоўчыя цэхі, але нешта не зраслося. Я ўжо на пенсіі, але для моладзі, каб яна не разбеглася, патрэбна праца не толькі ў сельскай гаспадарцы. Мае дзеці таксама вось з’ехалі ў горад, а маглі б і тут застацца.

Гэтага ж меркавання прытрымліваецца і шматдзетная мама Вольга Гайдук: усё добра, але не ўсім маладым людзям можна ўладкавацца на комплексе ці ў гаспадарцы. Не таму, што лянуюцца. Проста ёсць жа і іншыя спецыяльнасці.

У Пальмінкі, як і ў многіх вёсак Гарадоччыны, свая трагічная гісторыя. У снежні 1942 года вёску цалкам спалілі фашысты. Як даніну памяці і павагі ў аграгарадку камсамольцы Віцебшчыны ўсталявалі помнік. У школе рыхтуецца да адкрыцця рэканструяваны музей, прысвечаны народнай творчасці, гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і гісторыі школы Пальмінкі.

Вуліца Маладзёжная ў Пальмінцы

Яшчэ пару дзён, і сярэднія школы Гарадоцкага раёна ў чарговы раз назаўсёды развітаюцца са сваімі выпускнікамі-адзінаццацікласнікамі. Хлопцы і дзяўчаты абяруць розныя прафесіі — эканамістаў, цырульнікаў, дызайнераў… Магчыма, што, атрымаўшы прафесію, яны звяжуць сваё жыццё з буйным горадам, але, як многія мне прызнаваліся, хочуць, каб іх вёскі і вёсачкі жылі доўга і квітнелі. А гэта значыць, што менавіта ім, маладому пакаленню, трэба вярнуцца ў родныя мясціны.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў:

— На Віцебшчыне 254 аграгарадкі, у якіх вытрымліваюцца ўсе неабходныя сацыяльныя стандарты. Развіццё ідзе пастаянна на сістэмным узроўні. На працягу пяці апошніх гадоў газіфікаваны 13 аграгарадкоў, працягласць ніткі — 230 кіламетраў. У 2015 і 2016 гадах пабудаваны дамы культуры ў аграгарадках Чарневічы і Асінторф Глыбоцкага і Дубровенскага раёнаў. Паўгода таму ўзведзена станцыя абезжалезвання ў Копцях і Бабінічах Віцебскага і Аршанскага раёнаў. У Лынтупах Пастаўскага ўвялі ў эксплуатацыю аддзяленне з кругласутачным знаходжаннем для адзінокіх і непрацаздольных грамадзян, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Адкрыты ФАПы ў аграгарадках Тулава, Заронава і Замасточча Віцебскага раёна, Бярозкі — Докшыцкага.

Дырэктар Пальмінскай школы Таццяна ФІЛІМОНАВА з выпускнікамі 2017 года.

Цяпер актыўна праводзім рамонты школ, імкнёмся зрабіць гэтыя населеныя пункты перспектыўнымі і моцнымі. У Пальмінцы, да прыкладу, летась на рамонт школы было выдзелена больш за мільярд рублёў з абласнога бюджэту. Адрамантавана актавая зала, закуплены камп’ютарны клас і мэбля для яго. Набылі новы аўтобус для падвозу дзетак у школу з навакольных вёсак. У цэлым мы стараемся надаць большую ўвагу сацыяльнай сферы, бо для любога чалавека галоўнае, каб былі развіты адукацыя, ахова здароўя, гандаль, культура, транспарт і гэтак далей.

chasovitina@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter