У Мінску была прэзентавана кніга "Рунь" брытанскага даследчыка беларускай літаратуры, прафесара Арнольда Макміліна

Што бачыцца на адлегласці

У Мінску брытанскі даследчык беларускай літаратуры, прафесар Арнольд Макмілін сустракаўся з паэтамі, перакладчыкамі, літаратуразнаўцамі. Была прэзентавана і яго новая кніга “Рунь”.

Ці ведаюць на Беларусі, тым больш у замежжы, маладых беларускіх паэтаў, іх творчасць? Вядучая сустрэчы, супрацоўніца НАН Беларусі, літаратурны крытык Ганна Кісліцына адзначыла: пішуць пра сучасных аўтараў у нас нячаста, — больш пра класікаў. У кнізе “Рунь” Арнольд Макмілін аналізуе творчасць 40 маладых беларускіх паэтаў на падставе іх дэбютных зборнікаў, выдадзеных на пачатку ХХІ стагоддзя.

У выданні восем тэматычных раздзелаў: гістарычная спадчына, рэлігія і розныя формы пабожнасці, пратэст супраць адчужанасці, ужыванне мовы і яе абарона, лірычны парыў, гумар, паэзія перформанса, паэты і паэтычнае натхненне. У агульных рысах акрэслены тэмы, а далей у раздзелах — па 3-7 параграфаў, прысвечаны пераважна аднаму аўтару. Чаму гэтых паэтаў узяў даследчык? Прызнаўся: вельмі хацеў напісаць пра маладых, і пісаў пра тых, чые кнігі трапілі ў яго рукі. Падзякаваў усім у Беларусі, Брытаніі, хто дапамагаў у працы. Згадалі на імпрэзе, што кніга “Рунь” прысвечана памяці айца Аляксандра Надсана, які шмат зрабіў для пашырэння ведаў пра Беларусь і яе культуру ў Вялікабрытаніі.

Разам з прафесарам у Мінск завітаў яго сябар Джым Дынглі: перакладчык, беларусіст, зацікаўлены беларускай гісторыяй і культурай, які шмат гадоў кіраваў Англа-беларускім таварыствам у Лондане. Джым адзначыў як працавітасць прафесара, так і важную ролю перакладчыкаў, якія ствараюць сувязі паміж людзьмі, культурамі, народамі. Дарэчы, на пытанне, што было найскладаным у працы над кнігай, Макмілін адказаў: “Дрэнныя слоўнікі”.

На імпрэзе выступіла перакладчыца кнігі “Рунь” Вольга Калацкая: параўнала беларускую літаратуру з недаследаванай планетай, такой, напрыклад, як Марс. Падзякавала гасцям: яны ж, як сапраўдныя астраномы і астранаўты, вывучаюць нашу літпланету, пашыраюць веды пра яе. На вялікай адлегласці некаторыя асаблівасці беларускага літпрацэсу бачацца інакш, чым звыкліся мы іх успрымаць. З кнігі можна шмат даведацца й пра самога аўтара, якому неабыякавы лёс Беларусі, беларускай мовы.

Паэт і літаратуразнаўца, адзін з гідаў Арнольда Макміліна Віктар Жыбуль, які разам з жонкай Верай Бурлак пераклаў у 2003-м ягоную кнігу “Беларуская літаратура дыяспары”, успомніў і манаграфію “Пісьменства ў халодным клімаце: Беларуская літаратура ад 1970-х да нашых дзён”, якая стала класічнай.

Беларускай літаратурай Арнольд Макмілін пачаў займацца даўно. Першы раз у Мінск прыехаў у 1965-м, цяпер імкнецца прыязджаць у Беларусь, дзе ў яго шмат сяброў, мінімум раз на год. “Тут вельмі добрыя людзі: без фанабэрства, комплексаў, дурных ідэй”, — адзначыў прафесар.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter