Што абазначае певень на карцінах Марка Шагала?

З якой легендай мастак звязваў сваё з’яўленне на свет?

З якой легендай мастак звязваў сваё з’яўленне на свет?

Выставу “Марк Шагал: жыццё і каханне”, што прывезлі ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі з Іерусаліма, адкрылі для шырокай публікі. Прыезд 89 арыгінальных твораў мастака, падзівіцца на якія можа любы жадаючы, стаў кульмінацыяй юбілейных мерапрыемстваў да 125-годдзя з дня нараджэння вялікага майстра. Карэспандэнты “НГ” аднымі з першых паблукалі па выставе, даведаліся пра гісторыі стварэння некаторых з іх, а таксама ўпэўніліся, што шматлікія карціны Марка Шагала працягваюць здзіўляць нават самых заўзятых аматараў яго творчасці.

Амаль усе экспанаты — падарункі самога Шагала, яго дачкі Іды і прыватных калекцыянераў Ізраіля, Амерыкі, Еўропы. Па работах мастака можна прасачыць яго творчасць з 1910-га да 1961 года. Тут і пейзажы, і партрэты, і жанравыя кампазіцыі. І кожны штрых на палатне, паперы ці кардоне — пра каханне да сваёй жонкі і музы Бэлы.

“Бачанне”

Калі паглядзець на карціну здалёк, можна падумаць, што намалявана Благавешчанне, калі архангел Гаўрыіл паведамляе Марыі Добрую вестку. Аднак калі прыгледзецца, можна ўбачыць, што за мальбертам сядзіць Шагал, а ў выглядзе архангела Гаўрыіла прадстаўлена жонка мастака Бэла. Сам Шагал пры жыцці згадваў аб тым, што матыў гэтай карціны як быццам прадыктаваў сам анёл, што прыйшоў да яго ў сне.

“Увогуле, анёл — пастаянны матыў у творчасці Шагала, — расказвае старэйшы куратар аддзела гравюр і малюнка Музея Ізраіля Таццяна Сіраковіч. — Уся яго творчасць прасякнута ідэяй вышэйшай боскай сілы. Марк Захаравіч адносіўся да тых мастакоў, што любілі ствараць пра сябе міфы. Напрыклад, Шагал расказваў, што ў тую ноч, калі ён нарадзіўся, у Віцебску разгарэўся страшны пажар. Згарэла ўсё, асабліва бедныя кварталы, у адным з якіх жыла сям’я Шагала. Аднак, паводле слоў мастака, толькі іх дому ўдалося ацалець”.

“Закаханыя”

Закаханыя на карцінах Шагала — паўсюль. Ля самага ўваходу ў залу ўражвае чорна-бела-чырвонае палатно з пеўнем у галоўнай ролі — “Закаханыя і певень”.

“Марк Шагал лічыцца ўніверсальным мастаком кахання, — расказвае Таццяна Сіраковіч. — Фігуркі яго і Бэлы, якія лятаюць, адмяніўшы ўсе законы гравітацыі і фізікі, прысутнічаюць на многіх карцінах майстра. З пеўнем Марк Шагал атаясамліваў на сваіх карцінах самога сябе. Дарэчы, певень — гэ-та свяшчэнная птушка ў іўдаізме, універсальны атрыбут мужчынскай сілы”.

“Узыход — кветкі”

Карціна, напісаная алоўкам і пастэллю на кардоне, — адна з самых светлых, урачыстых на выставе. Гэта не проста нацюрморт, а своеасаблівая падзяка жонцы Бэле за шыкоўны букет, падораны на дзень нараджэння. Натхнёны прыгажосцю кветак, Марк Шагал стварыў гэты шэдэўр.

 Гэтую экспазіцыю чакалі даўно. Выставу работ Шагала Музей Ізраіля планаваў прадставіць на радзіме мастака ў 2017 годзе, акурат да яго 130-годдзя. Аднак Міністэрства культуры Беларусі паклапацілася пра тое, каб ужо сёння беларусы ўбачылі творы знакамітага земляка. З Ізраіля выстава праехала амаль пяць тысяч кіламетраў. Дастаўленыя ў сямі скрынях “мемуары” Шагала ў жывапісе і графіцы — зараз перад вачамі беларусаў. Адкрыццё выставы ў Мінску стала магчымым таксама дзякуючы мецэнатам. Яны прафінансавалі праект больш чым напалову.

Наведайце выставу “Марк Шагал: жыццё і каханне”, якая будзе доўжыцца тры месяцы, і вы абавязкова атрымаеце асалоду ад убачанага.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter