Эксперты ўпраўлення «К» расказалi, як абаранiць ад вiруснай iнфекцыi свае гаджэты

Шпiён, выйдзi вон!

Вірусы губяць не толькі чалавека, але і тэхніку. А без апошняй, як і без здароўя ў прынцыпе, сучаснаму чалавеку сёння прыходзіцца вельмі няпроста. Як абараніць нашы смартфоны, персанальныя камп'ютары, планшэты ад вірусаў, нападаў і ўзломаў? Тэхніку карэспандэнта «Р» спецыялісты праверылі на камп'ютарныя «бактэрыі» і расказалі, як не стаць іх ахвярай.

Без грошай і без тэхнікі


Ва ўпраўленне па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС (упраўленне «К» МУС) з кожным годам паступае ўсё больш зваротаў пацярпелых ад махляроў у сацыяльных сетках. Прагназуецца, што колькасць такіх сітуацый, як узлом і шыфроўка нашых асабістых даных ашуканцамі, будзе толькі расці.

— У апошні час пачасціліся выпадкі блакіравання ўліковага запісу AppleID, — расказвае прадстаўнік упраўлення «К» Антон Шаўцоў. — Напрыклад, чалавек зайшоў у пошуках працы ў інтэрнэт, дзе работадавец у асабістай перапісцы папрасіў даць звесткі аб сваіх уліковых даных: нібыта гэта неабходна для аддаленай працы з дапамогай акаўнта AppleID. 

Тэхнічна непадкаваны чалавек і не падазрае, для чаго на самай справе патрэбны гэтыя звесткі. Праз некаторы час ён выяўляе, што яго ўліковы нумар заблакіраваны. Калі звяртаецца да таго «работадаўца» за тлумачэннямі прычын, даведваецца, што толькі за пэўную суму яго гаджэт разблакіруюць. І што рабіць?

— Можна звярнуцца ў спецыя­лізаваныя сэрвісныя цэнтры, дзе дапамогуць аднавіць працу смартфона, але з поўнай стратай даных. Яшчэ варыянт — самастойна звярнуцца ў службу падтрымкі кампаніі Apple, што для большасці карыстальнікаў складае цяжкасці. А можна падаць заяву ў міліцыю, калі блакіроўка прылады нанесла вам матэрыяльную або маральную шкоду. Але варта ўлічваць, што міліцыя займаецца пошукамі зламыснікаў, а не разблакіроўкай прылад і аднаўленнем даных, — нагадвае Антон Шаўцоў.

Нярэдкія і выпадкі, калі, аплаціўшы за разблакіроўку запатрабаваную суму, пацярпелыя заставаліся з прыладай, якая не працуе, і без грошай. Звычайна махляры патрабуюць сумы, якія можа здужаць кожны. Але, плацячы ім зноў і зноў, які вынік можна чакаць? 

Каб абараніцца ад умяшання пабочных асоб, трэба ствараць рэзервовыя копіі сваіх дакументаў, выкарыстоўваць антывірусы, устанаўліваць патрэбныя параметры фаервола,  для працы з сур'ёзнымі дакументамі выбіраць толькі тыя камп’ютары, якія не падключаны да інтэрнэту.

Ёсць ашуканцы, якія лічаць сябе Робін Гудамі. Яны шыфруюць даныя арганізацый, каб ім жа прадэманстраваць уразлівасць іх абароны

— Калі ж усё-такі вірус злавілі і бла­кіроўшчык патрабуе грошай, то не спяшайцеся выключаць ПК або смартфоны — зрабіце скрыншот яго патрабаванняў, запішыце рэквізіты электроннага кашалька або нумар тэлефона, на якія ён прапануе перавесці грошы, — дае параду Антон Шаўцоў. Менавіта гэтая інфармацыя дапаможа ўстанавіць асобу вымагальніка. 

Пабочным асобам уваход забаронены


Распаўсюдзіліся і такія віды зла­чын­стваў, як несанкцыянаваны доступ да анкет сацсетак.

— Уявім, што нехта атрымаў неправамерны доступ на ваш рахунак у сацыяльнай сетцы і ўсім сябрам ад вашага імя напісаў: «Тэрмінова скінь мне 10 рублёў на тэлефон 37533... Потым аддам». Са ста чалавек зной­дзецца пара дзясяткаў, якія нават не задумаюцца, што гэта напісаў не сябар, а махляр. Былі выпадкі, калі такім рассыланнем прасілі даць рэквізіты банкаўскай карткі для аплаты нібыта камунальных паслуг. І людзі даныя давалі! Пасля з рахункаў спісваліся ўсе сродкі, што былі на картцы.

Шантажом заканчваюцца і ўзломы акаўнтаў, пры якіх спам­поўваецца перапіска, капіруюцца асабістыя інтымныя фатаграфіі. Махляры пішуць уладальніку, што адправяць гэтыя фота ўсім яго сябрам у інтэрнэце, калі не будзе аплаты. 

Трэба трымаць абарону


Мабыць, трэба ўстанавіць сабе антывірус. Усякае бывае…

Еду за ліцэнзійным антывірусам. У адным з магазінаў электронікі і бытавой тэхнікі дзіву даюцца: «Ніколі не мелі яго?» У 2017 годзе лепшымі антывірусамі ста­лі ESET NOD 32 і Kaspersky Internet Security, расказаў Ігар Батурын, менеджар па рэалі­зацыі адной з сетак магазінаў электро­нікі і бытавой тэхнікі. І пакуль Наталля Рудніцкая, спецыяліст па продажы IT-па­слуг, правярае мой смартфон на вірусы, я тэлефаную дырэктару па працы з розніцай у СНД антывіруснай кампаніі ESET Ігару Мандзіку, які прыводзіць прыклады таго, што зараз робіцца ў розных краінах:

— Колькасць вірусных нападаў на мабільныя прылады расце кожны дзень. Адны вірусы могуць даведацца аб вашым месцазнаходжанні, каб гэтыя даныя прадаць рэкламным кампаніям, а іншыя крадуць грошы з банкаўскіх картак. Каб мінімізаваць рызыкі заражэння, неабходна выкарыстоўваць ліцэнзійныя антывірусныя прадукты. У інтэрнэце можна знайсці мноства бясплатных версій антывірусаў, але яны не гарантуюць поўнай абароны. Больш за тое, некаторыя з іх самі з'яўляюцца вірусамі.

Спецыялісты па IT-паслугах Игар БАТУРЫН і Наталля РУДНІЦКАЯ расказваюць, што часы вірусаў, якія імкнуцца нас разыграць, даўно сышлі.
Сучасныя накіраваны выключна на адну мэту — крадзеж інфармацыі і грошай

Кошт базавага антывіруснага праграмнага забеспячэння, таго ж ESET NOD 32, на год складае 12,5 долара, а пашыраная абарона з больш шырокім функцыяналам і разлічаная на тры камп’ютары або смартфоны — 27. Версію для абароны смартфонаў і планшэтаў можна купіць усяго за 4,6 долара.

Што цікава: у такой абароне ўстаноўлены і новы прадукт свету антывірусаў — «Антызлодзей».

— У мінулым годзе хлопец з Піцера дасылаў нам падзяку. У яго ўкралі ноўтбук у метро, але дзякуючы «Антызлодзею» ён змог даведацца пра яго месцазнаходжанне, — расказвае Ігар Мандзік. — А яшчэ франтальнай камерай экрана была зроблена фатаграфія выкрадальніка. Пасля ён аддаў звесткі ў міліцыю, злодзея знайшлі, а ноўтбук вярнулі.

Тым часам Наталля мой смартфон праверыла — чысты! Яна ўстанаўлівае мне антывірус Касперскага і павучае:

— Вірусы рэдка дзейнічаюць у лоб. Яны як прастуда: спачатку чханне, лёгкі кашаль, а потым раз — і ў вас тэмпература. Лепш падмацаваць «імунітэт» — і праблем не будзе. Без антывіруса існуе небяспека не толькі атрымаць вірус, але і трапіцца на вуду фішынгавых, шпіёнскіх праграм.

Спецыялісты ледзь не кожны дзень ратуюць гора-кары­сталь­нікаў гаджэтаў ад вірусаў. Ігар Батурын успамінае: 

— Нядаўна дзяўчына спампавала ў Play Market праграму з прагнозам надвор'я. Яна не падазравала, што нават на такіх платформах можна злавіць вірус. Да яе патрапіў такі, які самастойна пампаваў трафік і закідваў яе тэлефон карцінкамі парнаграфічнага зместу. Наш спецыяліст Наталля Рудніцкая два дні змагалася з вірусам.

Ад пароляў таксама шмат што залежыць у бяспецы смартфонаў і камп’ютараў. Ігар Батурын расказвае, якімі іх лепш рабіць:

— У надзейным паролі павінна быць, як мінімум, восем знакаў. Пажадана, каб былі вялікія і маленькія літары, лічбы і іншыя сімвалы. У кожнага чалавека свая методыка запамінання складаных пароляў. Хтосьці, як Наталля, піша свой серыйны нумар пашпарта, іншыя — лацінкай пішуць імя сваёй сабакі і дату рэгістрацыі ў сацсетцы. У цэлым жа галоўнае — больш сур'ёзна ставіцца да сваіх асабістых даных.

alinakasel@gmail.com

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter