Шостая шпакоўня

Дошка была трохі крываватая, затое сухая і даволі шырокая...

Дошка была трохі крываватая, затое сухая і даволі шырокая. Прынамсі, тое, што трэба: з яе акурат выйдзе хвацкая шпакоўня. Працэс «будоўлі», ведаю па вопыце, займае нейкі час. Таму і было вырашана ахвяраваць пакуль агародам (хай яшчэ глеба падсыхае) і зрабіць домік для шпакоў, якіх у гэтым годзе прыляцела на лецішча мноства.

Цюк-грук, карацей кажучы, пад вечар на грушы была ўмацавана новая шпакоўня. Наіўна было чакаць, што птушачкі адразу заўважаць «новабудоўлю» і паселяцца ў ёй. І не было меж здзіўленню, калі назаўтра ранкам побач з домікам ужо сядзела і весела насвіствала парачка шпачкоў. «Птушкі — як людзі», — падумалася мне. Радуюцца, як і мы, новай кватэры. Тым часам шчаслівая пара зляцела долу і пачала ўжо на зямлі дэманстраваць сваё задавальненне новай хаткай. Гэта трэба было бачыць. Адзін са шпакоў падскокваў сантыметраў на трыццаць ад паверхні і зноў садзіўся, а ў гэты час другая птаха ў сваю чаргу паўтарала яго манеўр. І шчабяталі, і шчабяталі. Не паверыце, на душы стала так спакойна і лёгка ад гэтага замілавання і птушынай ідыліі, што захацелася зрабіць для іх яшчэ адзін домік. Невядома, хто з нас быў шчаслівейшы ў гэты момант.

Наладзіць шпакоўню не праблема. Пытанне ў тым, куды яе павесіць. Як чытач здагадаўся, прачытаўшы загаловак, гэта быў ужо шосты птушыны домік на маім участку. І дарослых дрэў, каб размясціць яшчэ хоць адзін, больш не было. Тут падумалася вось пра што. У нас мноства садовых кааператываў, таварыстваў і дач, дзе пражываюць дзясяткі тысяч, калі не болей, грамадзян. Бярэ сумненне, што ў кожнага на лецішчы ёсць хоць адна шпакоўня. Таму слушная прапанова: каб кожны з іх паспрабаваў самастойна наладзіць для птушак домік. Хай ён будзе і нязграбны (не ўсе ж мы чырванадрэўшчыкі), і трошкі крываваты — гэта няважна. Птушкі не вельмі вялікія знаўцы архітэктуры, галоўнае — у іх будзе свой дах над дзюбай. Паверце, вы атрымаеце асалоду ад таго, што дапамаглі крылатым сябрам. І, можа, як і ў маім выпадку, будзеце самі больш радавацца зробленай добрай справе, чым птушкі, для якіх прызначана шпакоўня. Нават калі не браць пад увагу той агульнавядомы факт, што шпак толькі за адзін дзень можа знішчыць 360 слізнякоў, а шпачыная сям’я за перыяд гнездавання з’ядае восем тысяч хрушчоў і іх лічынак, ужо не кажучы пра такую дробязь, як усялякія мошкі ды мухі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter