Як нарадзілася арт-група «Беларусы»

Шматгалосся мужчынскага плён

Дзесяць гадоў таму малады дырыжор Канцэртнага хору Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Валерый Шмат адабраў са свайго прафесійнага мужчынскага калектыву 12 вакалістаў і ўзяўся за стварэнне новага праекта — эстраднага. Так нарадзілася арт-група «Беларусы», якая пасля першых ужо выхадаў на сцэну гучна заявіла пра сябе, скарыўшы публіку прыгожым шматгалоссем. Узлёт калектыву на айчынны эстрадны алімп быў імклівым. Толькі за першы год існавання — 30 сольнікаў, удзел у 50 канцэртах, у тым ліку на «Славянскім базары ў Віцебску», «Дажынках». І далей — новыя праграмы адна за адной. 



«Беларусы» сёння — адзін з самых запатрабаваных вакальных калектываў. Сведчанне таму — заўсёдныя аншлагі на канцэртах, якіх, па падліках мастацкага кіраўніка і саліста арт-групы Валерыя Шмата, артысты даюць па 10—15 на месяц.

— Валерый, памятаю, як на самым пачатку «Беларусаў» многія называлі нашым адказам расійскаму хору Турэцкага. Сёння ўжо не параўноў-ваюць?

— Параўнанні былі, ёсць і, думаю, будуць. Адна з прычын — не вельмі вялікая музычная адукаванасць людзей. Параўноўваць тое, што чуюць і бачаць, з невялікай колькасцю таго, што самі ведаюць. Калі мы спяваем акапэла, то быццам падобна на «Чысты голас». Калі з інструментальным ансамблем выконваем беларускую музыку — на «Песняроў». А калі ёсць нейкія пастановачныя элементы на сцэне — на хор Турэцкага. Хаця галоўнае адрозненне менавіта ад гэтага калектыву ў тым, што мы спяваем не толькі сусветна вядомыя творы, як яны, але і песні, напісаныя спецыяльна для нас, і ўласныя. У рэпертуары таго і другога ў нас 50 на 50. Разам з тым адзін з галоўных прынцыпаў нашай творчасці — беларускасць. У гэтым сэнсе лічу знакавай нашу праграму «Сусветная музыка галасамі беларусаў», дзе мы спяваем сусветныя хіты на англійскай, італьянскай, іспанскай, францускай і нашай роднай мовах, якая не толькі не губляецца побач з іншымі, а гучыць нароўні, гэтак жа прыгожа, узнёсла, меладычна.



Наогул, тыя ці іншыя параў-нанні мяне не засмучаюць. Калі людзі гавораць — ужо добра. Значыць, яны звяртаюць увагу на нашу творчасць. Глядач — гэта галоўнае. І ён галасуе не толькі апладысментамі, але і рублём. Упэўнены, ніхто не прымусіць чалавека стаяць пасля канцэрта і хвілін 10—15 апладзіраваць, крычаць «брава» і «біс», як бывае пасля нашых выступленняў.

— Што некалі прымусіла вас, 25-гадовага харавога дырыжора, выпускніка-чырвонадыпломніка кансерваторыі, вучня самога вялікага Роўды, адмовіцца ад музыкі акадэмічнай на карысць музыцы папулярнай?

— Класіка — гэта, канечне, прыемна, але калектывы, як і сямейныя лодкі, разбіваюцца аб побыт. Без падтрымкі дзяржаўнай, мецэнатаў трымаць хор з двума з паловай дзясяткамі мужчынскіх галасоў — вельмі цяжка. У людзей —  сем’і,  дзеці. Усё ўпіраецца ў грашовае пытанне: за што жыць? У пэўны перыяд яно паўстала і ў нас. Трэба было рабіць выбар. Спачатку нас было 12 чалавек, пасля калектыў паменшыўся, каб проста фінансава вытрымаць. І гэта не кампраміс з сумленнем. Сёння тое, што мы робім, падабаецца і нам, і слухачу таксама.

Зараз нас пяцёра — два тэнары, два барытоны і бас. Галасы ўсе розныя, кожны з салістаў унікальны, падбіраў так, каб  па голасе, заплюшчыўшы вочы, можна было пазнаць, хто спявае. І я не сказаў бы, што мы цалкам адмові-ліся ад класікі. Хутчэй, мы знаходзімся недзе пасярэдзіне, выкарыстоўваем жа і акадэмічны вакал, выконваем у тым ліку і духоўную музыку. Назваць нас эстраднікамі цяжка, калі параўноўваць з тым, што робяць нашы калегі поп-выканаўцы. Да таго ж мы стараемся сваімі ведамі — амаль усе нашы салісты маюць вышэйшую музычную адукацыю — дзяліцца са слухачом, расказваем у час выступленняў пра той ці іншы твор. І людзі, дарэчы, за гэта вельмі ўдзячныя, ім падабаецца, што на канцэрце яны не толькі паслухалі прыгожыя галасы, але і пра нешта цікавае са свету музыкі даведаліся.

— Нямногія ведаюць, што вы яшчэ і прафесійны арганіст, у свой час больш за пяць гадоў ігралі ў Чырвоным касцёле і зараз даяце арганныя канцэрты.

— Так, з гэтым інструментам пазнаёміўся яшчэ ў дзяцінстве. Я родам са Стаўбцоўшчыны, з Налібокаў, у нашых мясцінах многа старажытных каталіцкіх храмаў, дзе захаваліся арганы. Я ўжо тады захапляўся іх гучаннем. Наогул, унікальны інструмент, даследчыкі сцвярджаюць, што арганная музыка ўплывае не толькі на фізічныя, хімічныя працэсы ў арганізме чалавека, але і на яго духоўнае пераўтварэнне.

Мае арганныя канцэрты — гэта занятак для душы. Некалькі гадзін у тыдзень займаюся, каб не страціць тэхніку. Набыў выдатны семплерны арган — сучасныя тэхналогіі, іграеш, як на сапраўдным, толькі гук ідзе не праз трубы, а праз дынамікі. Вельмі цікавы інструмент. Калі на месцы выступлення няма аргана, выяз-джаю з ім. Зручна. Калі б гэта быў арган з усімі трубамі і механізмамі, ён каштаваў бы паўмільёна долараў і важыў бы дзясяткі тон.

— Ці праўда, што некалі вы хацелі прысвяціць жыццё служэнню царкве?

— Так, маладым людзям часта хочацца прысвяціць жыццё нечаму вялікаму, узнёсламу.  Але чалавек не заўсёды можа адэкватна ставіцца да такіх сваіх памкненняў. Я многа размаўляў пра гэта са святарамі, манахамі, праваслаўнымі і каталіцкімі. На іх думку, вельмі важна не паддацца ўласнай гордасці, жаданню пэўнага стаўлення да сябе, як да духоўнай асобы. Яны раілі мне не спяшацца, маліцца і добра паразважаць, перш чым прыняць рашэнне. Дзякуючы Божай ласцы сталася тое, што сталася.

— Вернемся да зямнога. Вы — шматдзетны бацька, выхоўваеце з жонкай трох сыноў — ад 5 да 13 гадоў. Музычныя здольнасці ў дзяцей прыкметныя?

— Ёсць ва ўсіх, але мы не настойваем, каб хлопчыкі займаліся ў музычнай школе. Дома ёсць некалькі інструментаў,  дзеці ведаюць асновы сальфеджыа, гаму сыграць могуць, калі трэба, песню якую праспяваюць. Але, думаю, прафесійная музыка — гэта не іх шлях. 

— Цікавае ў вас прозвішча, багатае — Шмат, як не перакладзі — многа. У жыцці вам усяго хапае?

— Не ведаю, ці багатае, але запамінальнае — дакладна. Наконт — ці хапае: у мяне ёсць любімая справа, свой кут, добрая сям’я. Што яшчэ трэба? Наогул, чым больш маеш, тым больш і спакусаў. Мне ўсяго дастаткова.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter