Заслужанаму артысту Уладзіміру Мішчанчуку — 70

Шматдзетны бацька

Кожны студэнт і кожная роля для Уладзіміра Мішчанчука як дзіця роднае
Заслужанаму артысту Уладзіміру Мішчанчуку — 70. Добрая нагода для сустрэчы. Дзясяткі роляў у тэатры, цікавыя работы ў кіно — тэм для размоў шмат. Але ў гэтыя дні яго думкі займае іншае: ідзе залічэнне студэнтаў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Мала таго што дэкан тэатральнага факультэта ў такую пару павінен быць напагатове, дык Уладзімір Андрэевіч яшчэ сёлета і новы курс набірае — адказнасць двайная. Таму месца нашай сустрэчы напярэдадні юбілею — акадэмія, але тэмы розныя: выкладчыцкая дзейнасць, тэатр, кіно і, канешне ж, сям’я.

— У апошні час прынята крытыкаваць маладых акцёраў, маўляў, няма сярод іх такіх асоб, як былі раней. Што вы на гэта адкажаце?

— Вядома ж, мяняюцца людзі, абставіны, жыццё, мяняецца і наш студэнт. Калі параўноўваць той перыяд, калі мы вучыліся, то гэта дзве вялікія розніцы. Па-першае, прапаў той імпэт, з якім мы калісьці ішлі ў інстытут. Па-другое, няма першапачатковай улюбёнасці ў гэту прафесію. Яна стала больш даступная для нашых людзей, многія сакрэты тэатра і жыцця артыста нашымі сродкамі масавай інфармацыі так раскручаны, гаворачы сучаснай мовай, што проста жах. Таму ўспрыманне тэатра, яго спецыфікі ў нашай моладзі стала вельмі спрошчаным, практычным. Яны разважаюць толькі пра тое, колькі будуць зарабляць, ці выжывуць на гэтыя грошы. Не думаюць, таленавітыя ці не, здатныя да гэтай працы ці не.

Гэтыя абставіны звязаны не толькі з жыццёвым станам — эканамічным, сацыяльным, прычына ў першапачатковай адукацыі. Усё гэта павінна закладвацца яшчэ ва ўлонні маці. Недадаў дзіцячы садок, потым школа… Гэты прабел адбіваецца на псіхалогіі абітурыентаў, якія да нас прыходзяць. Думаюць, вывучыў байку, верш, прозу, песню, танец — і ты ўжо студэнт. Вось так і атрымліваецца спрошчаны варыянт дасягнення той зоркі, таго ўзроўню прафесіяналізму, той адказнасці, якая стаіць за высокім званнем артыста тэатра і кіно.

Але гэта датычыць не ўсіх, я кажу пра частку, можа, нават большую частку тых, хто ідзе да нас паступаць. Ёсць людзі падрыхтаваныя, якія ідуць абдумана. Хачу сказаць, што зямля беларуская багата на таленавітых людзей. Асабіста я аддаю перавагу людзям з глыбінкі. Сам раблю рэйды на працягу года, а то і двух, ведаючы, што бу-дзе мой набор. Сёлета быў на Брэстчыне, у Гродне, Наваполацку, Нясвіжы, Барысаве, Бабруйску… Усюды дамаўляюся з мастацкімі кіраўнікамі розных культурных устаноў, у тым ліку самадзейных тэатраў. Шукаю таленты па крупінках, бо інакш нельга. Шэрасці ў нас хапае, а талентам патрэбна дапамога.

— Але як не памыліцца, атрымаецца з гэтага хлопца ці дзяўчыны добры артыст ці не?

— Як казаў калісьці Сакрат, скажы мне слова, і я цябе ўбачу. Мне дастаткова паслухаць чалавека хвіліну-дзве — і я магу сказаць пра яго ўжо нейкую гісторыю: як ён вучыўся, што умее, на што здатны. Інтуітыўна адчуваю ў чалавеку тую творчую бацылу, улюбёнасць у прафесію, патэнцыял.

Да таго ж мне дапамагае мая каманда — гэта людзі высокапрафесійныя, якія працуюць не першы год у акадэміі. Ствараем хатнія ўмовы, можам даць вадзічкі папіць, каб чалавек супакоіўся і змог раскрыцца перад намі. Часам забываюць тое, што вывучылі, але бачыш: чалавек добры, чулы, чысты, не сапсаваны нашай цывілізацыяй. Вось такую прыроду мы шукаем, каб з ім было лёгка працаваць і навучыць яго прафесіі, а самае галоўнае — быць Чалавекам.

— Вы марылі стать акцёрам, але ці думалі, што калі-небудзь зноў апыняцеся ў родным інстытуце ў якасці выкладчыка, а потым і дэкана роднага факультэта?


— Нават сасніць такое не мог. Вось ужо трыццаць першы год пайшоў, як я тут. Спачатку запрасілі загадчыкам кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры, потым абралі дэканам, вось ужо чвэрць стагоддзя на гэтай пасадзе. Так склаўся лёс. Я двойчы паступаў сюды. Першы раз, калі мне было толькі 16 гадоў. Мне сказалі прыходзіць на наступны год, бо ў мяне яшчэ не было пашпарта. Я прыйшоў праз два — мяне ўспомнілі і ўзялі. Пасля заканчэння пакідалі працаваць у Мінску, але ж мае сябры і будучая жонка паехалі ў Гродна, і я напрасіўся ў галоўнага рэжысёра тэатра, каб узялі хоць бы рабочым сцэны. Праз некалькі гадоў адслужыў у арміі ў ордэна Леніна Ленінградскай ваеннай акрузе, мне прапаноўвалі застацца ў мясцовым Доме афіцэраў, адразу давалі званне лейтэнанта, але я не пагадзіўся, бо тады якраз нарадзіўся сын Андрэй. Дарэчы, мы ажаніліся ў панядзелак, калі выхадны ў тэатры, бо ў іншы час былі занятыя: рэпетыцыі, спектаклі. Для нас спецыяльна адкрылі загс, гэта было 10 сакавіка 1969 года.

У 27 гадоў мяне абралі дырэктарам Гродзенскага тэатра — такое ў Савецкім Саюзе здарылася ўпершыню: малады акцёр, яшчэ камсамолец, і кіраўнік адначасова. Гэта асаблівыя ўспаміны, пра якія без настальгіі немагчыма ўзгадваць. Бо гэта быў сапраўды цудоўны час. Мы былі апантаныя і ўлюбёныя ў прафесію. Дарэчы, на маю долю выпаў гонар будаваць памяшканне новага тэатра. Тады я быў не толькі артыстам і дырэктарам, а яшчэ і архітэктарам, і бухгалтарам, і будаўніком.

— Калі згаджаліся на дырэктарскую пасаду, а потым крэсла дэкана, разумелі, што такім чынам акцёрская прафесія адступае на другі план?

— Кожны чалавек гаспадар свайго лёсу. Пазнаючы сябе, чалавек сябе мяняе. Як ён распарадзіцца сваімі магчымасцямі і планамі, так яно і будзе. Безумоўна, працаваць у такім рытме складана. У мяне ўжо сёння распісана ўсё на год наперад, галоўнае, каб не падвяло здароўе. Без мэты жыць немагчыма! Як сказаў адзін дзеяч, «кіраваць — значыць прадбачыць». Таму асноўныя падзеі свайго жыцця распісваю наперад. Хаця разумею, чалавек плануе, а Бог кіруе.

Тым больш што, дзякуй Богу, і ў Тэатры-студыі кінаакцёра заняты — у мяне восем галоўных роляў. Паспяваю і выкладаць, і на сцэну выходзіць. Ёсць у маім жыцці і радыё, і тэлебачанне. У кіно таксама хапае працы. Запрашаюць такія выдатныя рэжысёры, як Уладзімір Хаціненка, Генадзь Палока, Уладзімір Краснапольскі. Гэта вялікі гонар — здымацца ў майстроў такога ўзроўню.

— Не думалі, што, калі б не выкладчыцкая дзейнасць, у творчасці ўсё было б яшчэ лепш?

— Я не ўяўляю сябе без клопатаў пра студэнтаў, іх дабрабыт. Думаю, каб не было работы ў акадэміі, не было б і столькі роляў. Усё ўзаемазвязана. Дарэчы, мяне некалі назвалі бацькам шматдзетнай сям’і з нагоды выкладчыцкай дзейнасці.

— Выкладчыку і дэкану, мабыць, цяжка згаджацца на ролі? Ты ж заўсёды павінен быць прыкладам для сваіх студэнтаў.


— Безумоўна, так! За паўстагоддзя работы ў тэатры, кіно, радыё і на тэлебачанні сыграў больш за сто роляў. І адкажу словамі Канстанціна Станіслаўскага: «Малых роляў няма, ёсць дрэнныя артысты». Калі чалавек адказваецца ад эпізодаў, невялічкай працы — гэта не прызнанне яго таленту, а непрафесійныя адносіны. Любая роля, адмоўная ці станоўчая, — гэта як маё дзіця. Заўсёды выношваю яе ў сабе і ніколі не дазваляю халтуры ў дачыненні да таго, што раблю. Стараюся рабіць гэта з любоўю і адданасцю. Інакш і нельга. Я і сваіх студэнтаў гэтаму вучу.

Мне не сорамна, што я іграю забойцаў ці бандытаў. Наша прафесія ўнікальная тым, што я сёння магу быць каралём, а заўтра — прасіць каля храма міласціну, быць жабраком. У гэтым і ўвесь цымус прафесіі. Ганаруся, што ўжо паўстагоддзя нашу гэта высокае званне — артыст тэатра і кіно.


— Раней выкладчыкі забаранялі студэнтам здымацца ў кіно, маўляў, малады акцёр так псуецца. У вас тая ж палітыка?

— У мой час сапраўды забаранялі. І мы, нікому не кажучы, беглі ў масоўку, каб зарабіць тры рублі. А зараз мы пайшлі іншым шляхам. У сваёй майстэрні, якой кірую разам з жонкай, дацэнтам кафедры Людмілай Кучарэнка, дазваляем здымацца ў кіно. І самі побач з імі здымаемся. Я вельмі задаволены, што бачу сваіх выпускнікоў у галоўных ролях у серыялах. Гэта Паліна Сыркіна, яна ж Стрэльнікава, Дар’я Баранава, Марына Дзянісава, Дзіма Мухін, Павел Харланчук, Марта Голубева і іншыя. Сёлета выпусціў цікавага хлопца. Кірыл Дыцэвіч у 2014 годзе быў абраны «Містарам Беларусь». Пасля гэтага стаў здымацца у кіно. А нядаўна яго запрасілі на працу ў Маскву ў Пушкінскі тэатр — гэта вялікі гонар для нашай акадэміі.

— У вас трывалая акцёрская сям’я. Сакрэт гэтага ў тым, што жонка пагадзілася заўсёды быць за вашай спінай?

— У двух словах пра маю жонку не скажаш. Першае, за што ўдзячны Богу, — што мае бацькі мяне нарадзілі, далі магчымасць жыць і займацца любімай справай, а другое — што на маім шляху сустрэлася гэтая дзяўчына. Здарылася гэта ў 1964 годзе, калі мы паступілі ў тэатральна-мастацкі інстытут. З тых часоў мы плывём па адным цячэнні, мінуючы рыфы і айсбергі, штормы і цунамі на нашым жыццёвым шляху. Яна сваёй жаночай разважлівасцю, мудрасцю, прадчуваннем бяды ці радасці дапамагае разабрацца ў гэтым жыцці. У нас рознае было, як і ў любой сям’і. Але я не ўяўляю сваё жыццё без яе. Яна столькі вытрывала — дзеці, пераезды, пасады, ролі. Не было б яе — не было б мяне прафесара, артыста, чалавека. Яна як Боская Маці, якая мяне аберагае, надае мне сілы і натхненне. Мая муза. Яна народжана педагогам, таму з яе атрымаўся выдатны выкладчык. І артыстка яна цудоўная, шмат іграе ў кіно і тэатры. Наогул яна проста добры чалавек, якіх на свеце вельмі мала. Дарэчы, яна нарадзілася 3 жніўня, а я — 5-га. Павянчаліся ў царкве 4 жніўня, калі нам на дваіх споўнілася сто гадоў! Таму ў нас тры дні запар святы.

— Вашы сын і дачка выраслі за кулісамі. Чаму дзеці не пайшлі па слядах бацькоў?

— Мы калісьці хацелі, каб Андрэй быў артыстам. У яго ёсць здольнасці, да таго ж ён прыгожы, высокі хлопец — у дзеда пайшоў. Я вазіў яго ў Маскву ў Шчэпкінскае вучылішча да Юрыя Саломіна, з якім мы даўно сябруем. Да гэтага часу памятаю, як мы прыехалі ў Маскву, Юрый Мяфодзьевіч быў на здымках, экзамены прымала яго жонка. Пасля пайшлі на Красную плошчу, селі ў скверыку каля помніка Невядомаму Салдату, а сын і кажа: «Не хачу я тут вучыцца, тата, паехалі дадому». Тады якраз у нашай акадэміі адкрылі новае аддзяленне «Рэжысура тэлебачання», ён туды і паступіў. Але чаго нам гэта каштавала! Я тады быў загадчыкам кафедры, і да нас камісіі адна за другой хадзілі, каб, крый Божа, ніякай карупцыі. Сын малайчына — здаў усе экзамены на выдатна. Скончыў інстытут, працаваў на нашым тэлебачанні ў спартыўнай рэдакцыі. За гэты час навучыўся аператарскаму майстэрству і мантажу — выдатна валодае прафесіяй, цяпер у яго свая справа. Калі ён быў яшчэ студэнтам, у яго нарадзілася дачка. Цяпер яна дарослая, выйшла замуж, нарадзіла дзіця, таму я ўжо прадзед.

Дачка наша — гэта, як кажуць, цуд некранутай прыроды. Яшчэ ў Гродне аддалі Кацю ў музычную школу. На піяніна ўсе месцы былі заняты, але адна настаўніца сказала: «Якія ў яе цудоўныя ручкі! Яна народжана для скрыпкі». Як у ваду глядзела. Дачка з першых дзён рабіла поспехі. Калі мы пераехалі ў Мінск, аддалі яе ў каледж пры кансерваторыі. Там у яе быў выдатны выкладчык — Іарданава Ёва з Балгарыі. Але потым яе паклікалі ў Маскву, і яна вырашыла, што Каці таксама трэба туды ехаць. У 14 гадоў дачка паступіла ў школу пры Маскоўскай кансерваторыі. Яна жыла ў пакоі, дзе стаяў раяль Уладзіміра Співакова. Потым скончыла там магістратуру, яе ўзялі ў адзін аркестр, потым у другі. Народная артыстка Расіі Святлана Бязродная запрасіла ў «Вівальдзі-аркестр», Каця была адной з галоўных скрыпак. Потым Юрый Башмет аб’явіў конкурс у свой аркестр «Новая Расія», і дачка прайшла туды. З Башметам яна пабачыла свет, іграла на самых прэстыжных пляцоўках. Потым выйшла замуж, нарадзіла сына. Так склаўся лёс, што хутка яна засталася без мужа. Мы дапамагалі глядзець унука, а праз некаторы час і сама дачка вярнулася ў Мінск. Зараз яна працуе ў Дзяржаўным камерным аркестры, якім кіруе Яўген Бушкоў, які ў свой час таксама працаваў у Башмета. Дарэчы, сын Каці, унук Нікан, таксама скрыпач. Ён, як і маці, ужо неаднаразовы лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Таксама мая Кацярына выкладае ў той самай установе, дзе некалі вучылася сама.

— Падводзячы вынікі размовы, пра што-небудзь шкадуеце ў жыцці?

— Мала часу аддаваў дзецям, іх выхаванню. Па прычыне сваёй занятасці недастаткова даў ім жыццёвай навукі. Здаецца, што мала аддаў і сваёй жонцы. Магчыма, калісьці быў занадта самаўпэўненым, саманадзейным. Мала дзякаваў за тое, што яна побач. Але ж, тым не менш, як бы не складвалася жыццё, я ўдзячны Богу, што яно склалася менавіта так. Нічога перарабляць не стаў бы, таму што яно было б нецікавым, не такім яскравым. Шчаслівы, што шматсерыйная кінастужка пад назвай «Жыццё» яшчэ круціцца. Як яе потым зманціруе галоўны рэжысёр — усемагутны Божа, час пакажа.

Наталля БАЦЭНКОВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter