Васіль Красноў наладжваў Сталіну тэлефонную сувязь з фронтам

Шлюбны штамп у салдацкай кнiжыцы

Кожнаму з нас даводзілася гартаць сямейныя альбомы сваякоў, сяброў, а мо і не зусім знаёмых людзей, углядацца ў пажаўцелыя ад часу фотаздымкі. Акуратна аформленыя здымкі былога партызанскага разведчыка расонскага атрада імя Варашылава брыгады імя Сталіна, а потым і чырвонаармейца 262-га спецыяльнага палка войск МУС Васіля Мікалаевіча КРАСНОВА яскрава адлюстроўваюць яго жыццёвы шлях. У пасляваенныя гады экстэрнам здаў выпускныя экзамены ў Саратаўскае ваеннае вучылішча войск МУС СССР і атрымаў вайсковае званне малодшага лейтэнанта. Служыў у палку ўрадавай сувязі на Каўказе, у Прыбалтыцы. Парадны касцюм палкоўніка ў адстаўцы ўпрыгожваюць ордэны Айчыннай вайны II ступені і Чырвонай Зоркі, медалі “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” I ступені, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”, “Дружбы з нямецкай моладдзю” і шматлікія юбілейныя ўзнагароды.  

Вясновым сонейкам ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і працы Васілю Мікалаевічу Краснову даводзіцца любавацца з акна сваёй кватэры, што на пятым паверсе жылога дома. У дзевяноста два гады падводзяць ногі. Дачка Людміла з зяцем Сямёнам і сацыяльны работнік ствараюць яму максімальна спрыяльныя бытавыя ўмовы. Наведвае легендарнага дзядулю і адзіны ўнук Яўген з дзесяцігадовым праўнукам Уладзіславам, якія жывуць далёка ад Беларусі, але пастаянна прыязджаюць у Мінск. У дзень Перамогі па традыцыі тэлефануюць Васілю Мікалаевічу і віншуюць з яго галоўным святам, шлях да якога быў доўгім і складаным… 

В. М. КРАСНОЎ, 1950 год.
В. М. КРАСНОЎ, 1950 год.  

Самай мірнай справай займаліся сяляне Красновы: працавалі на зямлі, вырошчвалі хлеб, даглядалі жывёлу. Дзед Прохар і бабуля Палашка атрымалі ў спадчыну зямельны надзел на хутары Дудчына, што за расонскай вёскай Краснаполле. Як у працы, так і на гуляннях не было роўных хутараніну Прохару Краснову. У вышытай льняной кашулі, падпяразаны тканым поясам, ён нават у восемдзесят гадоў танцаваў упрысядкі і пражыў доўгі век, як і бабуля Палашка. Нялёгкая сялянская праца гартавала іх.

Яшчэ за царскім часам чатырох сыноў — Восіпа, Сяргея, Піліпа і Мікалая — дзядуля перасяліў з аддаленага хутара ў суседнюю вёску Краснаполле. Талакой збудавалі хаты, гаспадарчыя пабудовы і падзялілі зямельны надзел.

— Часта з бацькамі хадзіў на дзедаў хутар, дзе заўсёды спраў хапала, — узгадвае Васіль Мікалаевіч. — Вабіла прыгажосць роднага куточка. Стары яблыневы сад са слівамі, падступаючы да сядзібы таямнічы лес і рэчка. Амаль да апошніх гадоў жыцця дзядуля трымаў поўны хлеў свойскай жывёлы, якую трэба было пасвіць і карміць. Сена нарыхтоўвалі на сваім лузе. Касіў  дзед так спрытна, як музыка рэзаў на гармоніку. Густа клаліся радкі скошанай травы пад узмахамі яго рук. Невыпадкова і я ў шэсць гадоў ужо ўмеў трымаць касу. Сямнаццацігадовым захварэў і памёр старэйшы брат Міша, і я адзін застаўся ў бацькоў. Так што пасвіць кароў, баранаваць поле, выконваць іншую сялянскую працу выпала рана. У сям’і клапаціліся пра маю вучобу. Закончыў Краснапольскую дзесяцігодку, дзе гісторыю выкладаў Павел Міронавіч Машэраў, старэйшы брат Пятра Міронавіча. Збіраўся вучыцца далей. Але раптоўна памёр бацька, і я пайшоў працаваць рахункаводам у мясцовую МТС.

Яшчэ ў старэйшых класах школы захапіўся фотасправай. Наш вясковы «Кулібін» — мой аднакласнік Кірыла Яльноў — прапанаваў мне змайстраваць самаробны фотаапарат. Мех зладзілі з тоўстага палатна і пафарбавалі, а лінзу купілі і ўсталявалі. На наша вялікае здзіўленне, усё атрымалася. Склеілі дэталі і пачалі здымаць аднавяскоўцаў. 

  

— А хімікаты дзе бралі для апрацоўкі фотаплёнкі?

— Іх прысылаў стрыечны брат Іван, які працаваў слесарам на чыгунцы каля пскоўскага горада Невель. Ён жа дапамог набыць фотапласціны і павелічальныя шкельцы, што давала магчымасць рабіць здымкі розных памераў. На гэтым самаробным прыстасаванні вучыўся азам фотасправы і загарэўся займець прафесійны апарат. Зусім занядужала маці, і стала цяжкавата даглядаць карову. Завялі яе на бойню і атрымалі 300 рублёў. Большую частку з іх патраціў на набыццё фотаапарата. Такі быў толькі ў расонскім фотаатэлье і ў мяне. Як не стала маці, звёў усю хатнюю гаспадарку, і з прыяцелем здымалі сялян па навакольных вёсках. За фотапартрэты з намі разлічваліся харчамі і грашыма. Нават на пашпарт рабілі фотакарткі.

— На маладых фатографаў, пэўна,  дзяўчаты заглядаліся?

— Усяляк было. У адрозненне ад прыяцеля, я не толькі фатаграфаваў, а яшчэ і на гармоніку добра іграў. Вяселлі, іншыя гулянні ў навакольных мясцінах без мяне не праходзілі.

— Ад каго такія здольнасці?

— Мае продкі музыкай не захапляліся. Больш да працы здатныя былі. Навучыўся іграць у сяброў і купіў хромку. Грошы на яе зарабіў. Гармонік быў не новы, але галасісты. Як толькі выдаваўся вольны час, браў яго і — на вёску. Імгненна збіралася моладзь, да першых пеўняў спявалі, танцавалі. За гармонік нявеста мяне і выбрала.

— Яна з вашай вёскі?

— У адным класе з ёю вучыліся ў Краснапольскай сярэдняй школе. Быў няўрымслівым. Любіў за коскі тузаць дзяўчат. Майго сябра і мяне пасадзілі за першую парту, каб менш шкоднічалі. А за намі сядзелі дзве Алесі, якім даставалася ад нас. У старэйшых класах стаў крыху сур’ёзней. Любіў рашаць складаныя задачы. Настаўнік заўважыў мае здольнасці і даручыў дапамагаць Алесі Нікіценка засвойваць матэматыку. Хадзіў да яе дамоў, і разам рашалі задачы. Дзверы ў іх доме не зачыняліся. Людзі прыносілі ў рамонт розныя рэчы. Бацька Алесі ладна рамантаваў гармонікі, гадзіннікі, бытавыя рэчы. Ад яго я даведаўся, што да Першай сусветнай вайны ён быў вазніцам у гаспадара прыватнай стайні ў Санкт-Пецярбургу. Пасля канцэртаў адвозіў дамоў вядомага на ўвесь свет спевака Фёдара Шаляпіна. Ён паводзіў сябе проста, пасля кожнай паездкі даставаў з кішэні жменю медзякоў і шчодра сыпаў у рукі вазніцы, не шкадаваў грошай.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Міхаіл Яўхімавіч Нікіценка вярнуўся на родную Расоншчыну, дзе пражыў амаль да ста гадоў. Ад яго пачуў шмат розных піцерскіх гісторый. Ён рамантаваў  мой гармонік, а я слухаў яго расповеды. Прызвычаіўся я да гэтай сям’і, і бацькі Алесі былі не супраць майго заляцання да іх дачкі. Цікавіўся Міхаіл Яўхімавіч маімі поспехамі ў расонскім лесапункце, дзе я працаваў бухгалтарам. Збіраўся далей вучыцца, але задумы перакроіла вайна.

— Дзе яна вас застала?

— 22 чэрвеня 1941 года гасцяваў у стрыечнай сястры Ганны Дзмітрыеўны Раманавай, і апоўдні па радыё пачуў: “Вайна!” А праз 6 дзён фашысты былі ўжо на матацыклах у Расонах. Веласіпедам з райцэнтра дабраўся дамоў. У Краснаполле нямецкія матацыклісты ўварваліся па мосце праз рэчку Дрысу.

Зімой 1942 года ў навакольных лясах пачалі фарміравацца атрады народных мсціўцаў. Хутка мы пачулі, што партызаны абстралялі акупантаў у вёсцы Крашуты. Даведаліся і пра маладзёжны партызанскі атрад расонскага настаўніка Пятра Машэрава.

З Алесяй Нікіценка надвячоркам пайшлі гуляць да Дрысы і на мосціку сустрэлі мужчын са зброяй у руках, апранутых у грамадзянскае адзенне. Сярод іх быў і мой знаёмы, які прапанаваў папоўніць атрад, дзе ўжо было 17 байцоў. Кіраваў групай кадравы старшы сяржант, які потым стаў камандзірам партызанскага атрада, Яўхім Лазарэнка.

Па заданні камандзіра сагітаваў і сваіх сяброў — Арсеня Федаценку, Мікалая Кухарэнку, Міхаіла і Нікадзіма Сухарукавых, з якімі  вучыўся ў школе. Праз тры месяцы нас была ўжо сотня.

— Што вам даверылі ў атрадзе?

— Пачынаў байцом, а потым перавялі ў спецгрупу. Ставілі міны  пад рэйкі, пускалі пад адхон эшалоны на ўчастку Полацк—Невель. Групай з дванаццаці чалавек кіраваў Іван Зафатаеў з вёскі Крэвялёва. Праз нейкі час даверылі хадзіць з іншымі байцамі ў разведку. Начамі прабіраліся да Невеля, падыходзілі да вёскі Стайкі, дзе стаялі варожыя гарнізоны. Сярод насельніцтва наладзілі агентуру. Нам паведамлялі пра наяўнасць варожых войскаў. З сувязнымі сустракаліся ў дамоўленым месцы. Як толькі даведаліся, што акупанты размясціліся ў вёсцы на начлег, а ў хлеў паставілі коней, далажылі свайму камандаванню. У той жа дзень устроілі аблаву на ворага. Такія нечаканыя аперацыі паспяхова правялі ў вёсках Стайкі, Дутчына, Сівошына і Клясціцы.

У баях гінулі і нашы байцы. Вялікія страты панеслі зімою 1943 года, калі карнікі зладзілі спецаперацыю. Дзве варожыя дывізіі заціснулі нас у кальцо недалёка ад полацкіх лясоў. Партызанская брыгада імя Сталіна, якою кіраваў старшы лейтэнант Ахоцін, з 400 чалавек страціла амаль кожнага чацвёртага. Але ворагу не здаліся і выстаялі.

Кіраваў Беларускім штабам партызанскага руху Пётр Захаравіч Калінін. А начальнікам Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў вядомы Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка. З Пятром Захаравічам мне даводзілася ў гады вайны бачыцца на яго сустрэчах з народнымі мсціўцамі.

У нашага камандзіра 3-й Беларускай партызанскай брыгады Аркадзя Якаўлевіча Марчанкі, які стаяў для вытокаў арганізацыі і быў кіраўніком партызанскага руху на Віцебшчыне, у падначаленні было да паўтары тысячы байцоў. У лютым 1943 года гітлераўцы ўстроілі на іх аблаву. Стаялі моцныя маразы з калючым ветрам. Брыгада раздзялілася на атрады, якія пачалі фарміравацца ў Краснаполлі і перадыслацыраваліся бліжэй да вёскі Забор’е. У двух кіламетрах ад сяла Межагосце зладзілі жыллё ў лесе. Пабудавалі прасторныя зямлянкі і зверху дзёрнам накрылі, каб іх не бачылі з варожых самалётаў. Сталоўкай быў спецыяльна ўкрыты лясны будан. Коней трымалі пад накрытымі павецямі. Так пратрымаліся да вясны. Зазелянеў лес, і фашысты ніяк не маглі вызначыць месца нашай дыслакацыі.

— Чым харчаваліся партызаны?

— Сяляне навакольных вёсак падтрымлівалі правіянтам. Перадавалі ў атрад хто што мог. Наведваліся мы ў вёскі і за цёплым адзеннем для байцоў.

— Якая з баявых аперацый найбольш запомнілася?

— Разгром фашысцкага гарнізона ў Стайках. Пасля разведкі аператыўна далажылі кіраўніцтву сітуацыю і ноччу атрадам рушылі. У начным баі ад нечаканасці фашысты выскоквалі з хат, хто як мог, і адразу траплялі пад кулі. За дзве гадзіны разграмілі фашыстаў. Загінула і некалькі нашых байцоў, а таксама мой баявы сябар Сяргей Ратушаў. Жорсткім быў бой і на чыгуначнай станцыі Клясціцы. Дзясятак партызан страцілі ў тым баі. Гэта адзіны выпадак, дзе не змаглі разграміць варожы гарнізон.

— Пасля правядзення баявой аперацыі была магчымасць адпачыць?

— Наш партызанскі атрад складаўся ў асноўным з моладзі. Пры мне быў і гармонік. На яго гарэзлівыя гукі збіраліся і дзяўчаты з бліжэйшых вёсачак і хутароў. Разам спявалі і танчылі.

З Краснаполля ў Забор’е пераехала сям’я Нікіценкаў і размясцілася ў вясковай школе. У мяне з’явілася магчымасць бачыцца з Алесяй. Сустракаўся з ёю і расказваў пра нашы баявыя аперацыі. Глыбокай восенню 1943 года каля вёскі Перавоз партызанская брыгада сустрэлася з чырвонаармейцамі, якія інтэнсіўна рухаліся на захад. Нас у ватоўках адправілі на перадавую і праз аднаго паставілі ў акопах з салдатамі. Праз месяц па загадзе камандавання вярнулі назад у зямлянкі, а потым павялі ў кірунку Невеля, у 159-ы запасны полк, дзе планавалі пераапрануць нас ў армейскую форму дзеючай арміі. Прыйшлі ў вызначанае месца, пачалі лес пілаваць на зямлянкі, і раптам паступіла каманда ад Панцеляймона Кандратавіча Панамарэнкі вярнуць нас на былыя пазіцыі. З нашых партызанскіх атрадаў вырашана было фарміраваць войскі Міністэрства ўнутраных спраў. Мы сталі чырвонаармейцамі 262-га спецыяльнага палка войск МУС.

— Васіль Мікалаевіч, дзе застала вас радасная вестка пра перамогу?

— Пра дзень перамогі  даведаўся ў Вілейцы, дзе служыў ва ўрадавай сувязі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Пасля ранішняй фіззарадкі паведамілі пра капітуляцыю фашысцкай Германіі. Перамогу адзначалі з маім гармонікам. Але доўга расслабляцца не маглі, бо забяспечвалі прамую сувязь Галоўнакамандуючага войскамі Сталіна з фронтам. Гэтая кабельная сувязь была засакрэчаная. Потым яе пераабсталявалі на правадную, якую змяніла радыёлінейная і трапасферная.

— Ці чакала вас аднакласніца Алеся?

— Яна служыла тэлефаністкай на фронце ў 1195-ым стралковым палку 4-й арміі 4-га Прыбалтыйскага фронту, якім камандаваў Маршал Савецкага Саюза Іван Хрыстафоравіч Баграмян. З Алесяй перапісваліся і дамовіліся пасля вайны сустрэцца дома. У першыя пасляваенныя гады мне давялося служыць у Віцебску, Вілейцы, Паставах, Глыбокім, Іўі, Полацку.  Толькі праз чатыры гады пасля вайны пажаніліся з Алесяй Нікіценка. Пашпарта ў мяне яшчэ не было, і таму штамп аб нашым шлюбе паставілі ў салдацкай кніжцы, якую я беражліва захоўваю.

Уладзiмир Субат

Фота з сямейнага альбома і аўтара


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter