Белорусский первопечатник был не таким безукоризненным, каким его принято считать

Шлюб па разліку дзеля вялікай справы

Наступны год адзначыцца буйным культурным юбілеем. Не толькі Беларусь, але і, без перабольшання, увесь свет будзе святкаваць нараджэнне першай друкаванай кніжкі. Уся пашана — Францыску Скарыну, нашаму славутаму земляку, які ва ўсіх літаратурных і навуковых крыніцах пазначаны як першадрукар. На знакамітай гравюры 1517 года ён менавіта з кнігай у руках. Але ж вядома, што Скарына быў філосафам і біблеістам, паэтам і матэматыкам, астролагам і алхімікам, педагогам, медыкам, садоўнікам. Чаму ж менавіта такі бясспрэчны энцыклапедычны акцэнт на яго друкарскую дзейнасць? І кім сам сябе лічыў гэты чалавек эпохі Адраджэння? Раскрываем «скарынаўскія» загадкі з дапамогай навукоўца, дырэктара Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Аляксандра Грушы.


Калі звярнуцца да пралогаў і пасляслоўяў выдадзеных Скарынам кніг, то там сам ён не называе сябе друкаром, але азначаецца як доктар лекарскіх навук, проста доктар. Знаўцы рас­шыфравалі тую самую зна­камітую гравюру з выявай Скарыны і ўбачылі, што і там ёсць адказ: так, погляд асобы накіраваны на кнігу, якая стаіць на пюпітры, але такім чынам Скарына можа пазі­цыя­ніраваць сябе як перакладчык.

— Ён называў сябе паслядоўнікам святога Іераніма Блажэннага, таго, хто пераклаў Біблію на лацінскую мову. Ска­рына ведаў розныя мовы, шмат перакладаў, у тым ліку Біблію на рускую мову. Ён асабіста і адрасаваў свае выданні «людзям простым, пас­палітым», і нідзе вы не знойдзеце інфармацыі, каб ён сам сябе азначаў першадрукаром ці друкаром, — расказвае Аляксандр Груша. 

Цяжка разважаць пра тое, кім хацеў быць Скарына ў дзяцінстве ці юнацтве. Пра пачатковы перыяд яго жыцця амаль нічога не вядома. Дакладна існуюць звесткі толькі ад 1504 года, калі Францыск з Полацка паехаў у Кракаў і паступіў на навучанне ва ўніверсітэт, здаў экзамены на медыка. Але ці быў гэты яго выбар уласным або ішоў ад абставін, ад волі сям’і?

А. Груша

— Скарына вырас у тагачасным традыцыйным грамадстве, і выбар яго быў складаны і супярэчлівы. Што такое ў тыя часы было паступіць ва ўні­версітэт? Сёння гэта норма, гэта прэстыж, а тады вышэйшая адукацыя не давала ніякага сацыяльнага статусу і нейкай аўтарытэтнай прафесіі. Самае вялікае — людзі з вышэйшай адукацыяй станавіліся пісарамі, самае найвышэйшае — пісарамі пры канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага. Да таго ж па ўсіх правілах Скарына павінен быў займацца той жа справай, што і яго бацька, — дзеліцца «скарыназнавец» .

Бацька і брат Францыска былі майстрамі па скурах. Само ж про­звішча Скарына — ад слова «скора», «скура». Мужчыны з іх роду мелі паспяховы гандаль па ўсёй Заходняй Еўропе, і Францыск таксама павінен быў працягнуць дынастыю. Напрыклад, яго абавязкам было распрадаць велізарную колькасць скур, якія назапасіліся ў падвале дома ў Познані, дзе жыў, але памёр яго старэйшы брат. Але Скарына не стаў займацца сямейнай справай. І ў гэтым таксама праявіўся яго наватарскі дух, яго характар. Скарына атрымаў медыцынскую адукацыю ў Кракаве, потым — ступень доктара медыцыны ў Падуі. Магчыма, гэты рознабаковых талентаў чалавек не ведаў дакладна, чым будзе займацца. Ці меркаваў, напрыклад, што захопіцца мовамі і перакладамі? Што будзе друкаваць? Што з часам праславіць сваю Радзіму на ўсю Еўропу, а потым і на ўвесь свет?

— А ці ведаеце вы, што ў час, калі нарадзіўся і вырас Скарына, такога паняцця, як «Радзіма», не існавала. Сёння гэта сімвал патрыятызму. А ў Сярэднявечча былі іншая сістэма каштоўнасцей і іншыя нормы паводзін. Тады было паняцце «вотчына» (сёння гэта Айчына). Але калі тая ж Айчына зараз мае шырокі, узвышаны сэнс, тады мелася на ўвазе зямля як уласнасць любога чалавека з высокім грамадскім статусам. Літаральна гэта быў кавалак зямлі, які дастаўся ад бацькі. Але і тут Скарына праявіў сябе як асоба неардынарная. У часы Вялікага Княства Літоўскага без выкарыстання паняццяў «Радзіма» ці «Айчына» ён змог-такі выказаць і перадаць нашчадкам свае патрыятычныя пачуцці. Ён вельмі часта скарыстоўваў выраз і кніжны надпіс «слаўны горад Полацк». Тым самым распісваўся ў любві да горада, у якім нарадзіўся і правёў юнацкія гады жыцця, — расказвае Аляксандр Груша.

Нестандартнасць Скарыны пра­явілася і ў яго асабістым лёсе. Палкая любоў і захопленасць жанчынамі, характэрныя для мужчынскай прыроды, не былі яго прыярытэтамі. Па біяграфіі можна чытаць: з 1517-га, калі выходзіць яго першая кніжка, Скарына займаецца такім аб’ёмам і тэмпамі працы, што звычайнаму чалавеку і ўявіць цяжка. Ён перакладае, распрацоўвае шрыфты, рыхтуе дошкі з ілюстрацыямі, шукае і знаходзіць мецэнатаў, што заўсёды было справай няпростай. Пражскія выданні Скарыны часткова, а часцей поўнасцю забя­спечвалі віленскія мяшчане, у прыватнасці Якуб Бабіч. Дык вось, за кароткі перыяд свайго жыцця Скарына выдаў два дзясяткі кніг Бібліі. Пры такой напружанасці якое асабістае жыццё? Дакладна невядома, ці была ў Скарыны ў той час жонка. Толькі адзіная крыніца, датаваная 1529 годам, называе нейкую Мар­гарэту-Маргарыту. Па ўскос­ных даных, Скарына ажаніўся ў дастаткова сталым узросце. Яго «другая палова» была ўдавой. Ці суправаджала жонка Скарыну ў па­дарожжах, ці жыла з ім у Празе — дакладна ніхто не скажа. Але відавочна, сям’я не займала ў жыцці друкара першае месца.

— А яшчэ відавочна, што ў шлюб Скарына ўступіў па разліку. Можа, у яго і пачуцці да жанчыны былі, але разлік — стапрацэнтна. Ён жа быў чалавекам небагатым, прыехаў у Вільню з аддаленых месцаў. Кнігі вялікага прыбытку яму не давалі. Яны ж былі танныя, для «люду простага, паспалітага». Зрэшты, і друкаваліся на таннай паперы, без вадзяных знакаў. Каб матэрыяльна існаваць, Скарыну патрэбна была дапамога. Ён яе знайшоў у жонцы. Жанчына была багатай удавой, мела дом у Вільні, які стаяў у цэнтры горада на Гандлёвай плошчы — і гэта таксама падкрэслівала статус жонкі. Да таго ж Вільня была вельмі спрыяльным месцам для друкарства. Вось усё і сышлося. Але яшчэ раз падкрэслю, усе гэтыя прагматычныя акалічнасці маглі спалучацца і з пяшчотнымі пачуццямі, чаму не? — разважае навуковец.

Як і пра любоўныя гісторыі, пра сяброў і аднадумцаў, пра заступнікаў Скарыны вядома мала. Напэўна, ва ўніверсітэцкія гады ў Кракаве ён сябраваў са студэнтамі. У Італіі, дзе падарожнічаў, меў цікавыя сустрэчы, бо мясцовасць багатая на гуманістаў, навуковых людзей. Але канкрэтыкі амаль няма. Ёсць сведчанні, што Скарына нейкі час быў пісарам у віленскага біскупа Яна.

Узгадваецца таксама, што Скарына служыў і дацкаму каралю, быў яго сакратаром. Цікавая інфармацыя: канцле­ру Вялікага Княства Літоўскага прыйшоў ліст ад прускага герцага, у ім абурэнне на Скарыну, які асмеліўся пераманіць друкара з Прусіі, звезці за сабой. Зрэшты, такі выпадак мог мець месца нават як даручэнне Скарыну з боку канцлера Альбрэхта Гаштольда. Кіраўнік ВКЛ меў намер выдаць Статут не рукапісным, а друкаваным чынам. Патрэбны быў добры друкар. Скарына і прывёз яго з Прусіі, што зноў-такі сведчыць: сам сябе ён не бачыў у ролі друкара. Таму ніхто сёння дакладна не скажа, ці было менавіта кнігадрукарства першай справай для Францыска Скарыны…
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter