Шлюб па-моднаму. І па... прэйскуранце

Восень — самы час гуляць вяселлі! Гэта яшчэ нашы продкі так “пастанавілі”. Дакладней, жыццёвы цыкл быў такі ў працалюбівых вяскоўцаў. Ну, не маглі яны браць шлюб, пакуль не ўладкаваны ўраджай, не скончаны асноўныя сезонныя клопаты.

Чаму стала папулярным гуляць вяселле ў стылі «а-ля народны»?

Восень — самы час гуляць вяселлі! Гэта яшчэ нашы продкі так “пастанавілі”. Дакладней, жыццёвы цыкл быў такі ў працалюбівых вяскоўцаў. Ну, не маглі яны браць шлюб, пакуль не ўладкаваны ўраджай, не скончаны асноўныя сезонныя клопаты.

Зараз, праўда, мы на многае з колішніх традыцый глядзім як на неабавязковае, другараднае, устарэлае. Лепей справіць вяселле па-сучаснаму? Гэта — правільна? Напэўна. Аднак, заўважыла, апошнім часам іншая тэндэнцыя акрэслілася. Калі раней выкідвалі з карабля сучаснасці ўсё непатрэбнае кшталту бабуліных строяў, дык зараз, відаць, з-за нейкага ўнутранага крызісу, ліхаманкава стараемся вярнуцца да вытокаў. Але ці атрымаецца вось так, з наскоку? Ламаць жа, выкідваць — не будаваць? Цяжка зноўку далучыцца да таго, ад чаго легкадумна адцураўся. Ці то па маладосці, ці то ад таго, што не маеш сваіх поглядаў-прынцыпаў на тыя ці іншыя з’явы рэчаіснасці.

Вы спытаецеся, да чаго гаворку вяду? Ды ўсё пра тое ж — вяселлі, якія зараз хоць і не так шмат, але гуляюць у сельскай глыбінцы. Спачатку пачула, аднак, пра тое, што цырымонія ў народным беларускім стылі… паціху камерцыялізуецца. Думаеце, перабольшваю? Ды не! У канцы мінулага месяца, на камерцыйнай выставе ў горадзе Гродна, што цалкам прысвечана вясельнай модзе, адкрыццё аздобілі абрадам “Беларускае вяселле”. І ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, што пад Мінскам, гэтай восенню ўтварылася цэлая чарга з жадаючых справіць вяселле ў нацыянальным стылі. У мінулым годзе такой паслугай — вядома, за грашовую плату! — скарысталіся больш чым паўсотні кліентаў гэтага прысталічнага музея.

Здаецца, можна было б пляскаць у далоні — радавацца, што нарэшце сваё, роднае знаходзіць зваротны шлях, вяртаецца, каб перайсці па спадчынным ланцужку да наступных пакаленняў. Але насамрэч — ці так усё аптымістычна?

У тым жа музеі пад Мінскам заўважылі — далёка не заўсёды цалкам беларускія пары адмаўляюцца ад традыцыйных убораў і рызыкуюць, разам са строямі народнымі, “паспрабаваць” нацыянальны абрад вяселля. Часцей бывае, што цікавяцца нашай спадчынай у гэтым аспекце... іншаземцы. Прынамсі, тыя пары, дзе будучыя муж ці жонка не тутэйшыя па сваім паходжанні.

Некаторыя музейныя супрацоўнікі, канешне, сцвярджаюць, што модная зараз тэндэнцыя — сведчанне цікавасці да беларускай нацыянальнай культуры. Мушу з імі не пагадзіцца: найперш маладых цікавіць… Зрэшты, вырашыла праверыць на праўдзівасць уласныя думкі, накіраваўшыся ў глыбінку. Аказваецца, яна нічым не саступае прысталічным прасторам — у плане “прасоўвання” вясельнага абраду. Напрыклад, у Чавусах, на Магілёўшчыне, мясцовыя музейшчыкі распавялі, што ўжо трэці год практыкуюць нешта падобнае. Абрад вясельны — па прэйскуранце, як… платную паслугу. (Вядома, што культработнікам хочаш не хочаш, а трэба выконваць план па аказанні менавіта такіх паслуг, вось і прыходзіцца нешта прыдумваць.)

— Пытаецеся, ці запатрабаваны наш вясельны абрад? — ахвотна згаджаецца паразважаць Таццяна Цясленка, навуковы супрацоўнік Чавускага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. — Так, але прыбытковасць яго, нам падаецца, магла б і большай стацца… Не скажу, быццам бы нам самім нецікава праводзіць такую цырымонію, але… Калі маладым гэта даспадобы, дык чаму б і не прапанаваць паслугу?

Суразмоўца, зрэшты, не стала казаць высокіх слоў пра тое, што ў сучасных маладажонаў апошнім часам “прачнуўся” інтарэс да спадчыны дзядоў і бабуль. Амаль заўсёды чавускія музейшчыкі маюць справу з чыста спажывецкімі адносінамі. Можа, гучыць і грубавата, але па сутнасці — лепей не скажаш! Бо галоўная прычына, чаму ідуць у музей і заказваюць 20-хвілінную святочную забаўку, — менавіта неабходнасць здабыць прыгожыя дэкарацыі. Для відэа-, фотаздымкаў, натуральна!

— Не думаю, што маладых надта хвалюе глыбінны сэнс абраду, суадноснасць яго з традыцыяй, — кажа Таццяна. — Заўважыла, што часцей пра гэта распытваюць госці вяселля. І амаль заўсёды — іншаземцы, якія не жывуць тут. Альбо тыя нашы суайчыннікі, хто адарваўся ад сваёй малой радзімы і, па волі лёсу, жыве за межамі нашай рэспублікі…

Вось так — павярхоўна, на бягу. Не вельмі паглыбляючыся ў сэнс. Чакаць, што можа быць па-іншаму? Не вымагае, бо час такі — імклівы, няма калі агледзецца. Між тым, сцвярджаюць знаўцы, у нашых продкаў вясельная цырымонія доўжылася... некалькі сутак! І што ні тэрыторыя была, то свой, адмысловы, падыход да абраду.

— Мы не практыкуем менавіта варыянт па-чавускі ў чыстым выглядзе, — распавяла Таццяна Цясленка. — Хутчэй можна казаць пра нейкі сабраны па матывах народных прымавак і прыказак, сабраны ў цэльную карцінку і ажыўлены абрад. З моўнага боку гучыць ён па-беларуску — гэта важна, так лічу. Што да аўтэнтыкі нашых родных мясцінаў, дык прыказкі, прымаўкі дакладна выкарыстоўваем  мясцовыя! Многія пажаданні, дарэчы, хоць і даўнія па часе, але не страцілі сваёй актуальнасці. Вось, да прыкладу, пажаданне, каб муж цвярозы дамоў прыходзіў…

У Чавусах яшчэ маладажоны не “даспелі”, каб і на “роспіс”, і ў царкву на вянчанне, і потым у музей на абрад з’яўляцца ў беларускіх нацыянальных строях. Таму музейнаму работніку, які праводзіць цырымонію, даводзіцца толькі звязваць маладых ручніком. Каб па жыцці ішлі не паасобку, а трывалым тандэмам.

Іна ГАРМЕЛЬ,«БН»

Фота прадастаўлена для друку супрацоўнікамі Чавускага раённага гісторыка-краязнаўчага музея

АД РЭДАКЦЫІ

А вы маеце сваё меркаванне наконт таго, што стаіць за жаданнем сучасных маладых у дзень шлюбу “абрадавацца”? “Белорусской  ниве» будзе цікава, калі падзеліцеся з ёю! І Абяцаем, што абавязкова надрукуем любы ваш водгук…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter