Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы з дзевятнаццаці краін сталі ўдзельнікамі ІІІ Фэсту мастацтваў беларусаў свету

Шляхі вядуць дадому

На прэс-канферэнцыі да адкрыцця ІІІ Фэсту мастацтваў беларусаў свету старшыня суполкі “Беларусь” у казахстанскім Паўладары Любоў Богнат казала, што кожны прыезд на Радзіму — вялікае шчасце. На гэты раз на фэст прыехаў абноўлены склад моладзевага ансамбля “Надзея” з вялікай цікавай праграмай беларускіх песень.

Па словах дырэктаркі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольгі Антоненкі, асаблівасць ІІІ Фэсту мастацтваў беларусаў свету ў тым, што ўдзельнікамі яго сталі як аматарскія калектывы беларускіх суполак за мяжой, так і прафесійныя выканаўцы. Вядомая піяністка і кампазітар Таццяна Зяленка, напрыклад, прыехала з Люксембурга. Цымбалістка Таццяна Ялецкая — таксама адтуль. На фестывалі выступіла й піяністка, лаўрэат розных міжнародных музычных конкурсаў Вольга Сцяжко з Вялікабрытаніі. Парадавалі выступленнямі заслужаная артыстка Кыргызкай Рэспублікі Юлія Руцкая і заслужаная артыстка Малдовы Маргарыта Івануш.

Сам фэст праходзіў пад знакам юбілейных дат: 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і 950-годдзя горада Мінска. Урачыстае адкрыццё фэсту адбылося ў Белдзяржфілармоніі, там жа працавала выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва беларусаў замежжа. Дарэчы, творы прывезлі супляменнікі з дзевяці краін. Прадставіў свае ювелірныя вырабы і мастак з Ялты Пётр Якубук. Яму ж, як аднаму з першых выпускнікоў Мінскага мастацкага вучылішча (цяпер — каледжа) імя А. К. Глебава, быў уручаны ганаровы знак гэтай навучальнай установы і копія асабістай справы. А мастачка Яніна Піотух з расійскага Яраслаўля перадала ў дар Літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа партрэт Песняра.

Шмат цікавых сустрэч ды імпрэзаў прайшло пад час фэсту. У Дзень горада Мінска, напрыклад, адбыўся канцэрт “Беларусы замежжа віншуюць сталіцу”. Прычым выступалі артысты на адной з самых папулярных сцэнічных пляцовак — каля мінскай Ратушы ў Верхнім горадзе. Праехаліся супляменнікі й па рэгіёнах. Чакалі гасцей у аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна, а таксама ў Драгічынскім ды Лунінецкім раёнах Брэстчыны. Прымалі іх на Гомельшчыне, Гродзеншчыне, Віцебшчыне, Магілёўшчыне.

А ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы сустрэліся літаратары з Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны з пісьменнікамі Беларусі. На набярэжнай ракі Свіслач каля Траецкага прадмесця быў адкрыты памятны знак “Беларусы свету”. У МЗC Беларусі адбылося ІІІ пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа.

Усяго ў мерапрыемтвах фэсту паўдзельнічала каля трохсот чалавек з дзевятнаццаці краін.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 35 (3539), чацвер, 14 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter