Колькі каштуюць ампірны касцюм і сукенка з накідкай?

Шляхецкi баль — вачэй не адвесці

Дамы ў ампірных сукенках і кавалеры ў фраках. Салонная музыка і тэатр ценяў. Бальныя гульні і забытыя танцы. А цяпер уявіце ўсё гэтае хараство ў антуражы беларускага замка або шляхецкага маёнтка. “Здымаецца кіно”, — вырашыць неазнаёмлены. І тысячу разоў не будзе мець рацыю. Удзельнікі дзейства ў яго не гуляюць. Яны ім жывуць.


Праект “Шляхецкi баль”, прысвечаны вывучэнню і папулярызацыі культуры беларускай шляхты Сярэднявечча і XIX стагоддзя, быў пачаты віцебскім клубам культурна-гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа” ў 2007-м. Сёлетні год юбілейны — праекту 10 гадоў. Увесь гэты час ён застаецца ўнікальнай з’явай у горадзе і досыць рэдкім у краіне. Балі часта праходзяць у сценах невялікіх сядзіб. Віцябляне ўжо тройчы танцавалі ў Крычаве, два разы — у доме-музеі Міцкевіча ў Навагрудку, адкрылі для сябе невялікую сядзібу Скокі пад Брэстам.

— На баль можна трапіць толькі загадзя запрошаным гасцям, — распавядае адна з кіраўнікоў “Паўночнай вежы” Крысціна Бондарава. — Гледачоў на такіх мерапрыемствах не бывае. А ў нашага клуба ёсць асаблівы гонар: пакуль мы ні разу не адмовілі ва ўдзеле адзінокім дамам.

У адрозненне ад сучасных баляў тут заўсёды загадзя вызначаныя праграма, танцы, дрэс-код, музыка.

— Танцаваць можна і пад магнітафон, але прыгажэй і прыемней пад жывую музыку, — распавядае Крысціна. — Ёсць калектывы, гатовыя іграць у нас. З адным з іх — Douxsouvenir з Мінска — мы працавалі ўжо некалькі разоў. Гэта ўнікальныя музыканты. Яны аднаўляюць традыцыю хатняга музіцыравання, выконваючы беларускія творы. Дарэчы, і назва іх вельмі шмат можа сказаць — так называецца адзін з рамансаў Міхала Клеафаса Агіньскага.

Усяго ў клубе каля 20 удзельнікаў, на баль з розных гарадоў збіраецца да паўсотні чалавек. Але адна пара заўсёды прыцягвае да сябе асаблівую ўвагу. Лёгкія, рамантычныя, натхнёныя. Пра тое, што яны крыху старэйшыя за астатніх, кажа хіба што высакародная сівізна кавалера.
Балі праводзяцца даволі часта: абавязкова праходзяць адкрыццё і закрыццё сезона, паміж імі — яшчэ два балі і летні пікнік. Падрыхтоўка — не самая простая справа, можа расцягнуцца і на паўгода. Усё залежыць ад амбіцыйнасці задумкі, якую ўвасабляюць кіраўнікі.
— Гэта Ірына і Мікалай Зяленіны, муж і жонка, пяць гадоў ужо радуюць нас. Мы ўсе ў іх улюбёныя, — усміхаецца Крысціна.

Кавалер размяняў ужо сёмы дзясятак, дама на 10 гадоў маладзей.

— Коля танцуе з дзяцінства, хаця і не прафесійна, — распавядае Ірына. — Аднойчы ў гарадской газеце мы ўбачылі нататку пра баль. Самае цікавае, што патрапіць туды захацелася менавіта мне. А хто цяпер у большай ступені падтрымлівае хобі, сказаць ужо цяжка.

— Пакуль мы не купілі дачу, шмат падарожнічалі на машыне, — заўважае Мікалай. — А зараз гэта робім з нашым калектывам.

Падарожжы адбываюцца не толькі ў прасторы, але і ў часе. Дзякуючы ім адстаўны афіцэр Мікалай па-новаму адкрывае для сябе гісторыю і культуру беларускага народа:

— Я родам з Цюмені, у Беларусь трапіў у 1977 годзе, пасля ваеннага вучылішча. На маёй радзіме надвор’е суровае, вымагае больш вячорак. А дзе вячоркі, там і музыка, і танцы. Ведаю, што мае продкі па матчынай лініі былі вельмі заможнымі, іх раскулачылі. Можа, захапленне танцамі — свайго роду покліч продкаў.

Дарэчы, і ампірны касцюм у гэтага кавалера з’явіўся адным з першых у клубе. На момант заказу фрак Мікалая каштаваў каля 100 долараў (палова грошай пайшла на тканіну, другая — на пашыў). Майстар шыла фрак упершыню, плата за працу была не надта высокая. Самы просты дамскі строй эпохі ампіру каштуе крыху танней за мужчынскі касцюм.

— Сукенкі нашых дам — гэта, хутчэй, стылізацыя, — заўважае другі кіраўнік клуба Эля Каржыцкая. — Галоўная праблема — тканіны. У эпоху ампіру сукенкі шылі са штапелю, батысту. Зараз некаторыя замяняюць іх віскозай або ільном. Можна, вядома, купіць натуральны шыфон або шоўк па цане 60 рублёў за метр. На сукенку трэба мінімум тры метры. Дадайце кошт пашыву, гузікі, стужачкі, аксесуары.

Рэдкая дама абыходзіцца адным касцюмам. Часцей за ўсё новую сукенку шыюць кожны сезон. У Элі іх чатыры, у Крысціны пяць. Але ёсць дзяўчаты і з больш багатым гардэробам. “Белай плямай” у рэканструкцыі называюць у клубе і спіс танцаў. Узнавіць танец не праблема. У XIX стагоддзі ўжо выдаваліся зборнікі з апісаннем фігур, ёсць ноты, вядомыя імёны танцмайстраў. А вось пра тое, што танцавалі ў эпоху ампіру на нашых землях, можна толькі меркаваць. У той час моду задавалі Францыя і Германія. У Беларусь адны танцы прыходзілі праз Польшчу з Еўропы, другія — з Расіі, дзе на троне сядзела немка Кацярына.

У архівах музея ёсць згадка пра “Віцебскую кадрылю”. Але рэканструктары так і не знайшлі адказу на пытанне, якому пласту грамадства яна належала. Затое дакладна даведаліся, што толькі ў асяроддзі беларускай шляхты праводзіліся так званыя Рэдуты (танцавальны вечар-маскарад, традыцыю якога прывезла з Італіі Бона Сфорца) і Касіны (вечар, які прадугледжвае не толькі танцы, але і азартныя гульні). Такія даследаванні і адкрыцці прыносяць не менш станоўчых эмоцый, чым самі балі.

— Вельмі хочацца расказаць пра гісторыю нашай краіны. Паказаць яе самабытнасць і ўнікальнасць, — кажа Крысціна. — Мы выкладаем танцы па-беларуску. Людзі чуюць мову. А паездкі дораць турыстычныя ўражанні.

Але, бадай, самае галоўнае — гэтыя балі мяняюць людзей унутрана.

— Мне здаецца, я адсюль у паўсядзённае жыццё нясу культуру, лёгкасць, высакароднасць — усё лепшае з таго часу, — прызнаецца Ірына Зяленіна. — Раней людзі часцей глядзелі адзін аднаму ў вочы. Падчас ампірнага танца ёсць такое правіла: не адводзіць погляд. Гэта дае асаблівае разуменне і прыняцце чалавека чалавекам. Уменне, шмат у чым страчанае ў нашым грамадстве, робіць мяне больш культурнай, узнёслай, лёгкай. Яно згладжвае многія крызісныя рэчы ў сям’і. Можна, вядома, пасварыцца, але потым жа трэба глядзець адзін аднаму ў вочы. Нездарма навучанне танцам было абавязковым у самых культурных пластах грамадства ўсіх часоў.

На развітанне Мікалай заўважае, што працягваць заняткі плануе доўга, “пакуль ногі носяць”, абаяльна ўсміхаецца і бадзёрай хадой вяртаецца ў танцавальную залу: падрыхтоўка ў самым разгары, зусім хутка “Паўночная вежа” дае юбілейны баль.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter