Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстава, прысвечаная 220-м угодкам вялікага паэта родам з Наваградчыны Адама Міцкевіча

Шляхамі шляхецкіх быліц

Часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя пад назвай “Шляхецкія быліцы Адама Міцкевіча” адкрылася 1 лютага, напярэдадні Грамніц. А Грамніцы ў беларусаў — гэта, як вядома, свята першых згадак пра будучую Вясну. Вось і Адам Міцкевіч з ягонымі сябрамі-філарэтамі, казалі ўдзельнікі адкрыцця выставы, былі, па сутнасці, гэткімі таленавітымі “будзільнікамі” нацыянальных пачуццяў у беларускіх землях. І хоць доўгім аказаўся прадчуваны імі шлях да незалежнай Беларусі, але ж пасеянае — прарасло! Дзейнасць, творчасць вялікага паэта бунтарскага духу і ўсеабдымнага таленту сведчаць пра тое, што ўсё зробленае на карысць Бацькаўшчыны ўрэшце дае свой плён.

Малюнак Васіля Шаранговіча да паэмы “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча
У Музеі літаратуры гаварылі пра Адама Міцкевіча, ягоную адметную творчасць, пра найцікавейшае жыццё ўдалечыні ад роднай Літвы (так у яго часы называлася частка сучаснай Беларусі) — з Літвою ў сэрцы і ў думках. Творчы наробак рупліўца і асветніка стаў найвялікшым здабыткам сусветнай культуры, гэта — невычэрпная крыніца, з якой прадстаўнікі розных народаў п’юць жывую ваду чалавечнасці, прыгажосці, духоўнасці. Згадвалася, што летась адзначалася 200-годдзе Таварыства філаматаў, і з тае нагоды ў Музеі літаратуры прайшоў круглы стол “Філаматы і філарэты. Творчая і грамадская дзейнасць таварыства. Перспектывы святкавання 220-годдзя Адама Міцкевіча”. Так і быў спланаваны шэраг імпрэзаў па захаванні, пашырэнні духоўнай спадчыны філаматаў ды вялікага Адама Міцкевіча.

З экспазіцыі “Шляхецкія быліцы Адама Міцкевіча” пачаліся ў юбілейны год святочныя дзеі. У музеі прадстаўлена шляхецкая гасцёўня ХІХ стагоддзя — лёгка ўявіць, як там сябры сустракаліся, чыталі творы, музыцыравалі. Можна сказаць, што гэта творчая спроба ўзнавіць абставіны жыцця паэта-рамантыка.

Госці музейнай імпрэзы мелі ўнікальную магчымасць упершыню пабачыць каштоўныя дакументы: метрычны Запіс аб хросце Адама Міцкевіча (1798), метрычны Запіс аб шлюбе Мацея Маеўскага і Ганны Гарэшкі (дзядуля і бабуля Адама Міцкевіча, 1763), метрыку Аб хросце маці пісьменніка Барбары Маеўскай (1769), а таксама іншыя прыклады такіх запісаў — рукапісныя метрычныя кнігі Ішкальдскага касцёла (цяпер вёска Ішкальдзь — у Баранавіцкім раёне Брэстчыны) першай трэці ХІХ стагоддзя.

Пад час святочнай імпрэзы прайшлі майстар-класы ад харэографаў і танцораў са Школы танцаў ХІХ стагоддзя “Капітэль”.

Голас Радзімы № 6 (3558), чацвер, 8 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter