Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Незвычайную перасоўную выставу для тых, хто адпачывае ў мясцовым санаторыі “Чыгуначнік”, падрыхтавалі супрацоўнікі Віцебскага раённага гістарычна-краязнаўчага музея

Шляхамі Фёдара-велікана

Санаторыі пад Віцебскам карыстаюцца папулярнасцю. Адзін з іх, “Лётцы”, адкрыўся яшчэ ў 1959 годзе, стаў знакамітым у савецкі час і па-за межамі Беларусі. “За 18 кіламетраў ад Віцебска, у сасновым бары, на беразе возера Шэвіна” — звесткі з інтэрнэта. Цяпер жа там, у прыгожых мясцінах Прыдзвіння, створаны цэлы бальнеалагічны курорт з пясчанымі пляжамі, чыстай крынічнай вадой. У санаторыі “Чыгуначнік” — адным з тамтэйшых, заснаваным у 1969 годзе — і зладзілі выставу супрацоўнікі Віцебскага раённага гістарычна-краязнаўчага музея.

Рост у Фёдара Махнова быў аж 285 сантыметраў
З прэс-рэліза, дасланага ў рэдакцыю, вынікае: у сезонным свяце “Залатая восень”, што ладзіцца ў санаторыі “Чыгуначнік”, музейшчыкі паўдзельнічалі другі раз. Падрыхтавалі насычаную праграму: “На свежым паветры, пад галінамі высокіх соснаў размясціліся тэматычныя выставы: “Веліканаў хутар”, “Цэх рамеснікаў”, “У віхуры танца”. Прэзентацыя называлася “Славутасці Лётчанскага краю” і давала магчымасць тым, хто адпачывае ў санаторыі, здзейсніць віртуальную экскурсію ў вёскі Малыя і Вялікія Лётцы, Старое Сяло ды іх ваколіцы, больш даведацца пра іхнюю гісторыю”.

А мясціны тыя — славутыя. Як падказвае інтэрнэт, менавіта ў Лётцах ацалелі дзве старадаўнія сядзібы, курганны могільнік Х-ХІІ стагоддзяў, ёсць нават Комплекс з рэканструкцыямі пахавальнага абраду крывічоў, створаны краязнаўцамі. На тамтэйшай Лысай гары праводзяцца турзлёты, з’езды байкераў, а пры рэчцы Шэвінка радуе багаццем раслін батанічны заказнік “Прыдзвінне”.

Музейшчыкі ў санаторыі “Чыгуначнік” расказвалі цікаўным пра курган “Лавачнік”, што ў Вялікіх Лётцах, пра рэканструкцыю старадаўняга славянскага пахавальнага абраду на могілках вёскі Шэвіна, дзе сабраны ўнікальныя каменныя крыжы, надмагільныя помнікі. Даўнюю гісторыю мае й Кацярынінскі тракт, што ішоў праз Вялікія Лётцы: ён пачаў афармляцца, калі землі Беларусі ў выніку палітычных інтрыг напрыканцы ХVІІ стагоддзя (а было тры падзелы Рэчы Паспалітай) пачала паглынаць Расійская імперыя. Першая анэксія ўсходніх беларускіх тэрыторый адбылося, як вядома, у 1772 годзе. Тады ж, пішуць гісторыкі, па шляху пайшоў рэгулярны паштовы рух, што ўключаў і перавозку пасажыраў. А пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) там ішоў участак галоўнай паштовай дарогі Расійскай імперыі Масква—Рыга: праз Смаленск, Віцебск, Полацк. Дарэчы, конныя экіпажы рухаліся тады па раскладзе, у тым ліку й праз Вялікія Лётцы. Важнае значэнне шлях меў да 1866 года: тады адкрылася чыгунка Віцебск—Рыга, рух па тракце скараціўся, частка паштовых станцый закрылася, а сам шлях захаваўся фрагментамі. У інтэрнэце знаходзім: “Назвы ўчастка шляху між Віцебскам і Полацкам былі розныя, найчасцей называлі іх Рыжскім трактам, у дакументах 1812 года гэта — Галоўная Полацка-Віцебская дарога, але мясцовая назва замацавалася адзіная: Кацярынінскі тракт”. Яшчэ й цяпер, дарэчы, брукаваную каменем дарогу, брукаванку, можна пабачыць пры ўездзе ў вёску. 

У Вялікіх Лётцах захаваўся й сядзібны дом вядомага батаніка Уладзіміра Адамава: ён быў адным з першых сістэмных даследчыкаў расліннага свету Беларусі. Нарадзіўся ў 1875-м у Піцеры, там і закончыў універсітэт (1899), а як вучоны рэалізаваў свой талент у Беларусі. “Заснавальнік батанічных садоў БДУ і Вялікалётчынскага (каля Віцебска). Ахвяра палітычных рэпрэсій 1937 года”, — чытаем пра яго ў інтэрнэце. Дарэчы, у створаным Уладзімірам Адамавым у Вялікіх Лётцах батсадзе было больш за 1000 раслін з розных краін! Некаторыя з іх, у тым ліку й прыгожы маньчжурскі арэх, можна пабачыць і цяпер. 

А ў вёсцы Лукі, што за некалькі кіламетраў ад Шэвіна, стаіць сядзібны дом шляхціцаў роду Астрэйкаў. Ён узведзены ў канцы XIX стагоддзя ў стылі мадэрн, з элементамі фахверка, які больш уласцівы для нямецкай народнай архітэктуры. У Старым Сяле можна й цяпер агледзець гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку, курганныя могільнікі. Ёсць там стары будынак ткацкай школы, камень на магіле генерала ад кавалерыі Івана Андрыянава, а таксама брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Старога Сяла ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе. 

Расказалі музейшчыкі, што на Лётчанскай зямлі ёсць шмат помнікаў прыроды: дуб-волат у Вялікіх Лётцах, цудоўнае возера Шэвіна, дзе любяць адпачываць не толькі жыхары Віцебска і ваколіц. А рэчка мясцовая Шэвінка, расказваюць мясцовыя жыхары, мае таямнічыя месцы, дзе людзі... губляюцца ў часе.

Адпачывальнікі ў санаторыі “Чыгуначнік” даведаліся ад супрацоўнікаў Віцебскага раённага гістарычна-краязнаўчага музея й пра жыццё самага высокага чалавека ў свеце. У селяніна Фёдара Андрэевіча Махнова (1878—1912) рост быў 285 сантыметраў! А нарадзіўся Фёдар непадалёк ад мясцовага Старога Сяла. Здзіўляе ў волаце ўсё: і рост, і сіла, і лёс. Ахвотныя маглі на выставе пад соснамі параўнаць свой рост з ростам Фёдара-велікана, пабачыць штаны, кольца волата, набыць на памяць буклеты, сувенірныя магніты, закладкі. Яшчэ адпачывальнікі санаторыя даведаліся шмат цікавага пра старадаўнія прылады працы віцебскіх рамеснікаў, якія маюць назвы: зензубель, шпунтубель, фальцгебель, цыкля... Былі прадстаўлены й мясцовыя самапрадкі. А выстава “У віхуры танца” (пра яе, дарэчы, пісала наша газета) знаёміла з гісторыяй мясцовага танцавальнага ансамбля “Колас”. Кожны ахвотны мог зрабіць фота ў галаўных уборах артыстаў ансамбля на фоне беларускіх касцюмаў да танца “Дружба народаў”.

Такія выхады музейшчыкаў “у народ” — цікавая і карысная справа. Магчыма, ёсць сэнс у мясцовых санаторыях зрабіць падобныя выставы пастаяннымі, стацыянарнымі. Бо Лётчанскі край багаты не толькі сваёй прыгажосцю, гаючымі ўласцівасцямі наваколля, але й унікальнай гістарычнай спадчынай.

Голас Радзімы № 45 (3549), чацвер, 30 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter