На наступным тыднi тэлеканал «Беларусь 3» i канал «Культура» Беларускага радыё ўшануюць памяць класiка беларускай лiтаратуры Iвана Шамякіна

Шляхам лiтаратуры

У наступную суботу, 30 студзеня, каналы Белтэлерадыёкампанii на працягу дня будуць успамiнаць Iвана Шамякiна. У гэты дзень славутаму пiсьменнiку споўнiлася б 100 гадоў. Стагоддзе яшчэ аднаго класiка беларускай лiтаратуры Iвана Мележа культурная суполка таксама адзначыць зусiм скора: яго юбiлей прыпадае на 8 лютага. Да гэтых дат радыёканал «Культура» падрыхтаваў некалькi тэматычных праграм.

Тэатр у эфiры 

Юбiлейныя даты з дня нараджэння вядомых пiсьменнiкаў радыёканал «Культура» адзначыць спецыяльнымi выпускамi ўласных праектаў i падборкай аўдыёпастановак паводле твораў класiкаў.

Сюжэт рамана i кiнастужкi «Вазьму твой боль» узяты пiсьменнiкам Iванам ШАМЯКIНЫМ з рэальнага жыцця. 
Стагоддзе народнага пiсьменнiка Беларусi Iвана Шамякiна, якое, нагадаем, адзначаецца 30 студзеня, спецыялiзаваная радыёхваля пачне ўшаноўваць ужо ў блiжэйшыя выхадныя. Найперш канал парадуе аматараў лiтаратуры, увасобленай у радыётэатры. Так, заўтра i паслязаўтра ў перадачы «Радыётэатр плюс», якая пачнецца ў 21:30, прагучаць дзве часткi радыёспектакля «Адна на падмостках» паводле аднайменнай аповесцi класiка. Галоўную ролю, Аляксандры Паўлаўны, у пастаноўцы 1994 года рэжысёра Iгара Лапцiнскага выконвае народная артыстка Беларусi Марыя Захарэвiч.

А непасрэдна 30 i 31 студзеня ў лiтаратурна-мастацкiм праекце «Радыётэатр плюс» прагучаць радыёспектаклi «Трывожнае шчасце» i «Выгнанне распуснiцы» паводле твораў Шамякiна. Дырэктар канала «Культура» Уладзiмiр Трапянок распавядае:

— Гэта аўдыяльныя работы, створаныя паўстагоддзя таму пры ўдзеле акцёраў двух галоўных драматычных тэатраў краiны — Купалаўскага i iмя Якуба Коласа. Але i сёння гэтыя радыёспектаклi не страчваюць сваю актуальнась. Дарэчы, 1960-я сталi пачаткам зорнага шляху айчыннага радыётэатра, калi вызначылiся асноўныя напрамкi яго развiцця, мастацкiя крытэрыi i вартасцi. Юбiлейныя даты дазваляюць нам зноў i зноў звяртацца да выбраных радыёспектакляў, каб нагадаць пастаяннаму слухачу лепшыя лiтаратурныя творы Беларусi, якiя некалi набылi аўдыяльнае гучанне i сталi здабыткам мастацкага радыёвяшчання краiны, а таксама пазнаёмiць з iмi маладое пакаленне. 

Яшчэ адзiн стагоднi юбiлей, народнага пiсьменнiка Беларусi Iвана Мележа, радыёканал «Культура» адзначыць у першыя выхадныя лютага. Увазе радыёслухачоў прапануюць трансляцыю iнсцэнiраваных апавяданняў «У завiруху» i «Ноччу», а таксама радыёспектаклi «Хто прыйшоў уначы» i «Подых навальнiцы».

Злачынства i пакаранне

Самая культурная тэлевiзiйная кнопка таксама не абмiне ўвагай юбiлей Iвана Шамякiна. 30 студзеня на тэлеканале «Беларусь 3» можна будзе ўбачыць экранiзацыю рамана пiсьменнiка «Вазьму твой боль», а таксама дакументальны фiльм «Iван Шамякiн: трывожнае шчасце пiсьменнiка» з цыкла «Запiскi на палях».

Галоўныя ролi ў ваеннай драме рэжысёра Мiхаiла Пташука «Вазьму твой боль» выканалi вядомыя артысты Уладзiмiр Гасцюхiн i Iван Мацкевiч. Сюжэт вядомы кожнаму яшчэ са школьнай праграмы. У вёску пасля працяглага зняволення вяртаецца былы палiцай Рыгор Шышковiч, якога вiнавацяць у смерцi мацi i сястры саўгаснага шафёра Iвана Батрака. За службу ў палiцыi здраднiк адсядзеў прызначаны тэрмiн, але застаўся жывы, бо яго ўдзел у расстрэле сям’i Батрака даказаць не змаглi. Некаторыя з вяскоўцаў пагадзiлiся, што Шышковiч ужо атрымаў сваё, але сам Iван не верыць у перараджэнне здраднiка i мае рацыю…

Фiльм атрымаў станоўчыя водгукi ад гледачоў, але здымкi праходзiлi няпроста. Па-першае, Iван Шамякiн, якi стаў сцэнарыстам кiнастужкi, некалькi разоў перапiсваў фiнал твора. Першапачатковую развязку фiльма забаранiлi. Уладзiмiр Гасцюхiн успамiнае:

— У той версii Тася, жонка Батрака, умярцвiла Шышковiча свядома, калi ўвяла яму iн’екцыю яду. Але Пташуку катэгарычна забаранiлi такое здымаць. Шамякiн таксама быў увесь час незадаволены здымачным працэсам, злаваўся, пакуль не зразумеў: фiльм — гэта самастойны твор, яго аўтар — рэжысёр. 

I, па-другое, падчас здымак ледзь не здарылася трагедыя. Калi спальвалi дом, маленькi акцёр Барыс Пятрунiн, якi iграў Iвана Батрака ў дзяцiнстве, ледзь паспеў выбрацца з агню. Здымкi спынiлi, хлопчыка выратавалi. 

leonovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter