Шлях у Краіну Ведаў асвятляць...

Заўтра — Дзень настаўніка Дарагія калегі!Сардэчна віншую вас з прафесійным святам — Днём настаўніка, якое сімвалізуе глыбокую павагу да педагагічнай працы і ўшаноўванне яе ў нашым грамадстве. Сучасны настаўнік — гэта чалавек, які ідзе ў нагу з часам, чуйна рэагуе на змены ў грамадскім жыцці і навуковай сферы, знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Гэтага патрабуе яго прызначэнне — вучыць і выхоўваць, фарміраваць асобу.У сучасным свеце месца і роля адукацыі кардынальна змяніліся. Яна ўсё ў большай ступені становіцца асновай сацыяльнага прагрэсу, развіцця чалавечага патэнцыялу. Сёння адрозненні паміж развітымі і тымі краінамі, што развіваюцца, толькі на адну трэць абумоўлены адрозненнем у эканоміцы, а на дзве трэці — адрозненнем ва ўзроўні і якасці адукацыі. Ад узроўню адукацыі ў краіне залежыць і якасць жыцця, і эканамічныя перспектывы.

Адукацыя з’яўляецца сацыяльным і духоўным падмуркам жыццядзейнасці чалавека. У нашай краіне яна вызначана ў якасці прыярытэтнай сферы, што аказвае ўздзеянне на паспяховасць сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і духоўнага развіцця. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка адзначыў: “Беларуская школа з гонарам выконвае важнейшую місію навучання і выхавання навучэнцаў і студэнтаў, разам з глыбокімі ведамі прывівае ім духоўнасць, любоў да Радзімы і гордасць за свой народ”. У гэтых словах дадзена высокая ацэнка нашай з вамі працы, што абавязвае нас яшчэ лепш працаваць, быць мудрэйшымі і больш настойлівымі ў рэалізацыі дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі.
Дзяржава робіць усё магчымае для захавання і прымнажэння лепшых педагагічных традыцый дзеля таго, каб маладыя грамадзяне Беларусі атрымалі выдатную адукацыю на ўзроўні сусветных стандартаў, выраслі фізічна моцнымі і здаровымі, рэалізавалі свае таленты і сталі сапраўднымі патрыётамі роднай Беларусі.
Школа заўсёды была галоўным маральным і інтэлектуальным фундаментам любога грамадства, менавіта ад яе залежыць наша будучае. Магутны патэнцыял сучаснай беларускай школы — гэта вы, дарагія настаўнікі. Ступень прафесійнай падрыхтоўкі нашых педагогаў дазваляе ставіць і вырашаць складаныя і маштабныя адукацыйныя задачы. Я ўдзячны вам за ўменне працаваць творча.
Няхай і ў далейшым, дарагія калегі, вашы справы, учынкі, намеры будуць асветлены мудрасцю і палымянай энергіяй, што кліча сэрцы вучняў у цудоўную Краіну Ведаў!
Будзьце заўсёды на вяршынях свайго прафесійнага майстэрства!
Моцнага вам здароўя, душэўнага спакою, асабістага шчасця і сямейнага цяпла!
Аляксандр РАДЗЬКОЎ, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь

  ТОЛЬКІ ФАКТЫ

* У Беларусі 3893 агульнаадукацыйныя ўстановы, у якіх навучаецца  1 145 131 вучань і працуюць каля 170 тысяч настаўнікаў.
* Па выніках размеркавання 2007 года ў школы краіны накіраваны 6394 маладыя педагогі. Ёсць падставы меркаваць, што яны там застануцца надоўга: “бягучасць” педагагічных кадраў у 2007 годзе склала ўсяго каля 3 працэнтаў (у 2003 годзе — 6,2 працэнта).
* Настаўнікі таксама вучацца: колькасць педагогаў, што маюць вышэйшую адукацыю, павялічылася з 82,9 працэнта ў 2003 годзе да 86,9 працэнта ў 2007-м. Штогод кожны трэці беларускі педагог павышае сваю кваліфікацыю.
* З 1991 года ў Беларусі праводзіцца конкурс прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года”, праз розныя этапы якога прайшло ўжо каля 12 тысяч чалавек. А ў красавіку 2007-га ў рэспубліцы створаны клуб “Хрустальны журавель”, удзельнікі якога выязджаюць у рэгіёны, каб правесці адукацыйныя семінары, трэнінгі, адкрытыя ўрокі.
* У бягучым годзе ўсе 23 беларускія школьнікі, якія бралі ўдзел у міжнародных алімпіядах па матэматыцы, фізіцы, хіміі, інфарматыцы і біялогіі, вярнуліся дадому з медалямі. У нашых вучняў 3 залатыя, 9 сярэбраных, 11 бронзавых узнагарод.
* Беларускія ўстановы адукацыі выкарыстоўваюць 1293 найменні нацыянальных вучэбных выданняў для дашкольных і агульнаадукацыйных устаноў.
* Сярэдняя заработная плата педагагічных работнікаў у першым квартале 2007 года склала 598,5 тысячы рублёў, у першым паўгоддзі 2007 года — 611,9 тысячы рублёў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter