О том, легко ли быть многодетной мамой

Шлях светлай ахвярнай любові

Ставіць уколы, выкрываць нарывы, есці левай рукой, пакуль правая занятая. Чаму яшчэ навучыла мацярынства? Думкі адразу пасля самага шчырага і цёплага свята

Апошнім часам сталі мільгаць перад вачыма ў сацыяльных сетках парады псіхолагаў, маўляў, хочаш, каб цябе любілі іншыя, — перш за ўсё пакахай сябе. Круціла я гэта паняцце і так і гэтак, не магла разабрацца, з чаго ж гэтая любоў да сябе складаецца? Ну зразумела: сачыць за здароўем і вонкавым абліччам. Але, здаецца, спецыялісты па справах душэўных мелі на ўвазе нешта іншае.


І вось да якой праўды прыйшла: чым больш энергіі аддаеш, тым больш атрымліваеш наўзамен. А кожнае дзіця, што нарадзіла, — цэлы новы свет, які аддаеш Сусвету. Проста так, або, лепш сказаць, «у падарунак», у імя святла і будучыні.

Лёгка сказаць «аддаць». Тысяча і адна ноч без сна, столькі ж сівых валасоў. Не дзіва, пасля шасці кармленняў грудзьмі! Пасля такога самаахвяравання прывяжашся да сваіх крывіначак настолькі, што ніхто — ні педагогі, ні бабулі з дзядулямі — не зможа вам слова кепскага (нават у выхаваўчых мэтах) сказаць аб вашым сыне ці дачцэ.

Мая сяброўка, нарадзіўшы чацвярых дзяцей, казала: «Хто нараджаў, у таго і першае права выхоўваць». Рабіць заўвагі па паводзінах сына нават мужу не дазваляла. І так адразу можна ператварыцца ў курыцу-квактуху або задушыць сваіх дзяцей сляпой мацярынскай любоўю. Тут жанчынам-маці акрамя цяжару штодзённых клопатаў патрэбна прыкласці досыць намаганняў, каб не падвесіць сябе на цвічок гіперапекі. Чытаеш кнігі, ходзіш на трэнінгі, прымушаеш сябе прывыкаць да думкі: дзеці — гэта душы, дадзеныя нам на захоўванне. Так што нават калі дзеці часам засмучаюць, ужо не кідаешся ім нешта даказваць, чытаць мараль, а прымаеш кожнага як індывідуальнасць, не падобную ні на каго з бацькоў.

Дарэчы, у час розных стрэсавых сітуацый ратуе «другая палавіна». І дзякаваць Богу, што ёсць вопыт продкаў, на які ў гэтым плане можна абаперціся, зрабіўшы правільныя высновы. Вось, напрыклад, мая бабуля, жанчына вельмі працавітая, таксама маці траіх дзяцей, заўсёды мужа пакідала на задворках сямейнага жыцця і запраўляла ўсімі справамі сама. Пра такіх, як яна, апісана ў літаратуры: і каня на скаку магла запыніць, і ў пылаючую хату ўвайсці. Толькі на схіле гадоў, калі дзеці, як тыя птушаняты, вылецелі з гнязда, мая бабуля, няйначай вясковая амазонка, нарэшце ўсвядоміла: «Лепш саламяны муж, чым залатыя дзеці». Дык вось яшчэ важная для жанчыны-маці задача: не толькі дзяцей нарадзіць, выкарміць і выхаваць, але і пра мужа пры ўсіх клопатах не забыцца, а часам і акунуць з галавой у іх выхаванне. Інакш у старасці ўсё роўна будзе вялікая рызыка хоць і ўдваіх, але засумаваць. Бо не факт, што нават добра выхаваныя дзеці змогуць бацькам прысвячаць столькі ўвагі, сколькі патрэбна.

Атрымліваецца, мацярынства — гэта шлях хоць і светлай, але ахвярнай любові. І толькі адзінкам удаецца не растварацца ў асноўнай сацыяльнай ролі, а хаця б трохі адводзіць часу на самаразвіццё і свой асабісты поспех. А закалка, што мацуе мацярынскі клопат, толькі яму спрыяе.

Чаму толькі мяне не навучылі дзеці! Набіраць вагу на 40 кілаграмаў, а потым паспяхова худнець, спаць з уключаным ліхтарыкам, навобмацак знаходзіць дробныя прадметы ў поўнай цемры, разбірацца ва ўсіх дзіцячых леках і хваробах, ставіць уколы, выкрываць нарывы, есці левай рукой, пакуль правая занятая, спакойна ехаць за рулём, нават калі трое малых на заднім сядзенні гарлапаняць, што ўжо пара б спыніцца.... Што з доўгага спісу навыкаў спатрэбіцца менавіта сёння, сама не ведаю. Галоўнае — заўсёды быць гатовай да любых стромкіх паваротаў, а калі трэба, першай прыйсці любым сонейкам на дапамогу. У матчыным сэрцы сапраўды вельмі многа месца для вялікай і безумоўнай любові.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter