Сапраўдны палескі “Ціхі Дон” узгадвала брыгадзір вядомага пінскага калгаса “Аснежыцкі” Герой Сацыялістычнай Працы Людміла Журбіла

Шлях праз вернасць

ТРЫЦЦАЦЬ пяць гадоў паспяхова ўзначальвала комплексную брыгаду “Любель” вядомага пінскага калгаса “Аснежыцкі” Людміла ЖУРБІЛА. Дэлегацыі з розных куткоў былой вялікай краіны пераймалі ў аснежынцаў вопыт атрымання высокіх ураджаяў збожжавых, цукровых буракоў, рэкордных вытворчых паказчыкаў у жывёлагадоўлі. Шэсць прадстаўнікоў перадавога калектыву былі ўдастоены звання Герой Сацыялістычнай Працы, а старшыня, легендарны Уладзімір Ралько, двойчы кавалер “Залатой Зоркі”.

У арсенале высокіх дзяржаўных узнагарод Героя Сацыялістычнай Працы Людмілы Журбілы два ордэны Леніна, шматлікія медалі, Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, дыплом лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР. Двойчы яна абіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі, была членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, прымала ўдзел ва Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў. Людміла Мікалаеўна — ганаровы работнiк ААТ “Аснежыцкае” і ганаровы грамадзянін Пінскага раёна.


У ПАСЛЯВАЕННЫЯ гады ў старажытны горад Пінск з навакольных вёсак палешукі дабіраліся пешшу ці на конях. Штораніцы адмервала пяць кіламетраў з прыгараднай вёскі Аснежыцы выпускніца мясцовай сямігодкі Людміла Алізарэвіч, якая ўладкавалася сартыраваць пісьмы на раённы вузел сувязі. Даводзілася за дзень перабіраць па сем мяхоў карэспандэнцыі. Калі раптам выпадкова пісьмо трапляла не па прызначэнні, яно вярталася з указаннем памылкі сартыравальшчыка. За гэта яго каралі. У Людмілы такія агрэхі не здараліся. Кіраўніцтва вузла сувязі давярала ёй і больш адказную справу — суправаджэнне адсартыраванай карэспандэнцыі на чыгуначны вакзал для перадачы ў паштовы цягнік. Аднойчы пагрузілі напоўненыя пісьмамі мяхі, і пакуль у вагоне афармлялі дакументы, састаў рушыў. Давялося на хаду з цягніка скакаць на платформу.

За шэсць гадоў  Людміла ні разу не спазнілася на працу. У зімовыя завеі і асеннюю слоту своечасова з’яўлялася на пошту. Бывала, што пад’язджала з вёскі на калгаснай машыне. Вольны час бавіла з сяброўкамі ў родных Аснежыцах. Вечарамі ладзілі танцы пад гармонік па сялянскіх хатах. Клуба ні ў адной навакольнай вёсцы не было.

Позняй восенню на такую вечарыну завітала кампанія хлапцоў у армейскай форме з суседняй вёскі Любель. Яны вярнуліся са службы ў арміі і брава паўсталі перад дзяўчатамі. Сярод іх асабліва кідаўся ў вочы падцягнуты чарнабровы хлапчына, на якога нельга было не звярнуць увагі. Затрапятала сэрца ў Людмілы, але імкнулася стрымліваць хваляванне. Былы армеец быццам адчуў яе пачуцці і запрасіў на традыцыйную польку. Салдацкімі ботамі ён ліха грукаў па падлозе. Ледзьве паспявала лётаць за ім васемнаццацігадовая дзяўчына. Пасля танцаў Антон, так звалі хлопца, правёў яе да хаты. Ісці было недалёка. Расказваў, як яму служылася. З таго асенняга вечара стаў наведвацца да Людмілы, з бацькамі яе пазнаёміўся. Сустракаліся ўсю зіму. Як толькі сышоў снег, прыслаў сватоў. На заручыны сабраліся родныя нявесты. У сакавіку маладыя распісаліся ў сельсавеце, а праз месяц абвянчаліся ў Варварынскім праваслаўным храме Пінска і згулялі вяселле. Нявеста папоўніла любельскую сям’ю Журбілаў.

Антон уладкаваўся на працу ў горадзе, і кожную раніцу з жонкай адпраўляліся ў Пінск. У Аснежыцкім сельсавеце маладажонам выдзелiлi ўчастак для будаўніцтва дома. Бацькі дапамаглі сродкамі, і збудавалі на ўскрайку вёскі прасторны драўляны пяцісценак. Побач пасадзілі яблыні, грушы, вішні і слівы. Завялі свіней, гусей, курэй і карову, якая нікога, акрамя гаспадыні, да сябе не падпускала. Як не падыходзілі да яе свякроў, свёкар, а падаіць не маглі. 

МАЛАДУЮ любельскую сям’ю прыкмеціў старшыня Уладзімір Ралько, які ў першыя пасляваенныя гады ўзначаліў створаны з чатырох невялікіх гаспадарак калгас “Аснежыцкі”. Бедната навокал панавала. Сабралі з суседніх вёсак паўсотню беспародных цялятак, тры дзясяткі кароў, што давалі малака, як козы, і некалькі свінаматак. Калгасную жывёлу трымалі па сялянскіх падворках. Пілавалі лес і будавалі першыя жывёлагадоўчыя памяшканні. Валамі аралі поле, сеялі і ўбіралі ўраджай. З гектара збіралі да дзесяці цэнтнераў збожжа. Ясельдзянскія балоты акружалі калгасныя ўгоддзі. Уладзімір Антонавіч прапанаваў Людміле працу ў бухгалтэрыі, а Антон сеў за руль машыны. З пошты Людмілу не хацелі адпускаць, але мусілі пагадзіцца. У той час панаваў заклік партыі накіроўваць маладых на аднаўленне разбураных вайной вёсак. 

Брыгадзір Людміла ЖУРБІЛА на бураковай плантацыі. 1984 г.

Калгас “Аснежыцкі” ўма- цоўваўся эканамічна. Былы камандзір палескага партызанскага руху Уладзімір Ралько смела вёў за сабою вяскоўцаў. Павялічваліся аб’ёмы вытворчасці збожжа, бульбы, малака, мяса. На калгасны рахунак сталі паступаць сродкі за рэалізаваную прадукцыю. На полі замест валоў і коней з’явіліся першыя трактары. Сена па-ранейшаму нарыхтоўвалі ўручную. Вёскаю выходзілі на калгасную сенажаць. Касілі траву, сушылі пакосы, складалі стажкі.

Звонка гучаў на лузе голас маладой памочніцы брыгадзіра Людмілы Журбілы. Да вечара ўвіхалася яна разам з брыгадай на працы. Па выніках года любельцаў прызналі лепшай брыгадай у калгасе. Людміле Мікалаеўне даручылі ўзначаліць перадавікоў. Каб паспяхова кіраваць калектывам, аднаго старання было мала. Вырашыла паступаць на завочнае заатэхнічнае аддзяленне Пінскага саўгаса-тэхнікума.

— ДНЁМ натапчуся па палях і ферме, а ўвечары прысплю гадавалую дачушку і саджуся за кантрольныя работы, — узгадвае Людміла. — Экзамены здавала паспяхова, асабліва спецыяльныя прадметы і матэматыка са школы лёгка давалiся. Праз тры гады атрымала дыплом заатэхніка. У нашай брыгадзе была і жывёлагадоўчая ферма па адкорме буйной рагатай жывёлы. Хапала клопатаў мне як брыгадзіру. Амаль паўтысячы гектараў зямлі засявалі, з іх палова на тарфяніках у пойме рэчкі Ясельда. На любельскую ферму прызначылі загадчыцу, і ў мае абавязкі стала ўваходзіць толькі кіраванне паляводамі. З вясны да позняй восені працавалі на зямлі. З ростам пагалоў’я жывёлы больш арганікі ўносілі ў глебу. Сталі расці вытворчыя паказчыкі. Не было і дня, каб нашы палеткі не наведваў старшыня Уладзімір Ралько, які ўмеў падбадзёрыць калгаснікаў. Пільным вокам прыкмячаў, як што не па-гаспадарску зроблена. Мог і накрычаць, але крыху ад’едзе, вернецца і просіць прабачэння. І я з ім часта па вытворчых справах спрачалася.

— Плакалі ад старшыні?

— Ён чалавек гарачы і запальчывы быў. І я не вытрымлівала, залівалася слязьмі. Але не надоўга, потым знаходзілі агульную мову. Уладзімір Антонавіч меў прыродную гаспадарчую жылку. Нельга было не заўважыць яго магутную энергію і сялянскі розум, цвёрды і рашучы характар. Ён спалучаў у штодзённай працы багацце векавога сялянскага спосабу гаспадарання на зямлі з тым, што ўжо ўмелі даць хлебаробу земляробчая навука, тэхніка і тэхналогіі, практычны вопыт.

— Уладзімір Ралько — чалавек ваеннага парадку. І ад вас гэтага патрабаваў?

— Ён не цярпеў абыякавасці. Цаніў пунктуальнасць. Ніхто ні на хвіліну не меў права спазніцца. Лепш раней прыйсці, чым цябе чакаюць. Сёння за мной у вызначаны час заязджалі сябры на аўтамашыне, каб падвесці ў царкву. Прасілі, каб загадзя не выходзіла з дому на холад. А я не вытрымала і раней выйшла, каб мяне не чакалі. Такое аснежыцкае выхаванне.

Па ўраджайнасці нашай гаспадарцы не было роўных у раёне, а потым і на Брэстчыне. Амаль шэсцьдзясят цэнтнераў збожжавых намалочвалі на круг. Ураджайнасць цукровых буракоў перавышала 500 цэнтнераў з гектара.  Пашыралі пасевы збожжавых і кармавых культур, каб забяспечваць вялікі калгасны статак фуражом. З іншых раёнаў рэспублікі ў нас вучыліся гаспадарыць.

— А вы на каго раўняліся?

— Толькі на сябе, а раілася з мудрым хлебаробам Уладзімірам Ралько, які за вытворчыя паказчыкі гаспадаркі ўжо меў зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Калі мне прысвоілі гэтае ганаровае званне, Уладзімір Антонавіч ужо двойчы быў удастоены вышэйшай дзяржаўнай узнагароды. Героямі Сацыялістычнай Працы сталі даяркі Любоў Канановіч, Любоў Мазоль, Кацярына Ляснічая, Таіса Шпакоўская і галоўны аграном Васіль Гарошка.

Гэта сапраўды быў зорны час “Аснежыцкага”. У калектыве панаваў усеагульны пад’ём. Выпадалі і складаныя моманты. На тарфяніку пасеялі азімае жыта, а вясною прарвала дамбу. Вада трымалася тыдзень. Падлічвалі ўжо страты і планавалі пасля стыхіі перасяваць масіў. Але здарыўся цуд. Жыта дружна ўзышло, і атрымалі ўраджай, як ніколі.

Любельскую брыгаду сярод сямі вытворчых калектываў “Аснежыцкага” з-за высокіх паказчыкаў называлі палескай Амерыкай. Частым госцем у нас быў Пётр Машэраў. Аднойчы Уладзімір Ралько нас папярэдзіў, што чакаецца заўтра прыезд Пятра Міронавіча. На ўскрайку кукурузнай плантацыі там-сям зелле прабівалася. Папрасіла жанчын, каб раненька выйшлі ў поле, і пакуль світа прыедзе, прапалолі гэты ўчастак. Так і зрабілі. Нашы сялянкі ні разу Машэрава не бачылі і хацелі здалёк зірнуць на яго. Мы навялі парадак у кукурузе і накіраваліся ў вёску. Толькі выйшлі на луг, я міжвольна азірнулася і ўбачыла, што едуць машыны і каля нас спыніліся. Машэраў кожнай з нас руку падаў. Мы здранцвелі ад хвалявання. Пётр Міронавіч пагутарыў, падзякаваў за працу і развітаўся.

Аснежыцкая школа перадавога вопыту стала вядомай далёка за межамі рэспублікі. У лепшыя гады гаспадарчай дзейнасці тут на сто гектараў сельгасугоддзяў атрымлівалі па 2700 цэнтнераў малака і 450 цэнтнераў мяса. Гадавы надой ад фуражнай каровы дасягаў амаль пяці тысяч кілаграмаў. Муж любельскага брыгадзіра Антон Журбіла атрымліваў больш як кілаграмовыя сутачныя прывагі кормнікаў.

— Фінансавае становішча калгаса давала магчымасць закупляць жывёлу лепшых племянных парод, — адзначае Людміла Мікалаеўна. — Статак забяспечваўся высакаякасным фуражом. А палі  максімальна запраўлялі арганікай. Пастаянна трымалі высокую культуру працы. Летнім золкам, калі над вёскай яшчэ цішыня стаіць, прыйду на збожжавы палетак і гляджу, як ён каласіцца. Стаю і слухаю, быццам збажына нешта шэпча. І зараз, у восемдзесят два гады, не магу доўга спаць, падхопліваюся і тупаю па кватэры. Хаця няма куды спяшацца. Столькі часу мінула, а не магу інакш.

— Людміла Мікалаеўна, вы адказвалі за вытворчыя паказчыкі брыгады, а за лёсы сялян?

— У брыгадзе жылі адной вялікай сялянскай сям’ёю. У вёсцы нічога не схаваеш. Былі  і свае Рыгоры Мелехавы і Аксінні. Сапраўдны палескі “Ціхі Дон”. Цяпер новае пакаленне працягвае гісторыю гаспадаркі.

— З вамі як брыгадзірам людзі дзяліліся самым патаемным?

— Са мною раіліся, давяралі мне аднавяскоўцы. Ніколі не дапускала кляўзніцтва. І сама гэтым не займалася. З кожным разбіралася асобна і прымала рашэнне. Ведала, каго трэба падтрымаць, а каго паўшчуваць. Вясковае жыццё навідавоку. З раніцы да вечара была з брыгадай на палях. Першыя гады пешшу хадзіла. А потым купіла веласіпед. Ездзіла і на кані, пакуль не атрымала аўтамашыну “Ніва”.

— Як атрымалі?

— На жніво да нас прыехала ўрадавая дэлегацыя з Мінска. На коннай павозцы я пад’ехала да гасцей. Ціхан Якаўлевіч Кісялёў стаў распытваць мяне пра работу камбайнаў, ураджайнасць, планы брыгады на будучае. Праз некалькі дзён намеснік старшыні калгаса Уладзімір Касцюковіч паведаміў, што па распараджэнні Кісялёва мне выдзелілі “Ніву”. Абрадавалася навіне і падумала, што да чатырох камбайнаў “Ніва”, якія ўбіралі збожжавыя ў брыгадзе, неспадзяваная падтрымка. Уладзімір Пятровіч удакладніў, што я ўжо буду ездзіць не на кані, а на аўтамашыне “Ніва”. Заставалася толькі курсы вадзіцеляў закончыць. Тры месяцы вучылася і атрымала вадзіцельскае пасведчанне. Тая “Ніва” доўга служала мне. Так сталася, што на сельскагаспадарчай нарадзе ў Мінску давялося сядзець у Прэзідыуме побач з кіраўніком Аграпрама Хусаінавым, і я яму паскардзілася, што на старой машыне езджу. Ён выдзеліў новую “Ніву”, якой да пенсііі карысталася.

Калі ўзгадваю перажытае, быццам сон бачу. Даводзілася прымаць удзел у розных дзяржаўных мерапрыемствах. Двойчы выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, была членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Некалькі разоў сустракалася і гутарыла з Міхаілам Гарбачовым. Прымала ўдзел ва Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў. Унукам расказваю пра ўсё гэта. 

— Колькі ў вас унукаў?

— Шасцёра маю, і нават праўнукі ёсць. З мужам Антонам Сямёнавічам дачку Галіну, сыноў Мікалая і Міхаіла выхавалі. Галя закончыла Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум і зараз ужо на пенсіі. Абодва сыны працавалі механізатарамі ў “Аснежыцкім”. Міша пасля прафтэхвучылішча вучыўся на факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, але на апошнім курсе чамусьці пакінуў вучобу і зараз працуе на чыгунцы ў Пінску. Старэйшага сына Мікалая ўжо няма ў жывых, як і майго мужа. Больш як чвэрць стагоддзя таму аўдавела. Жыву адна. Кіраўніцтва калгаса дало кватэру і ў пяць сотак участак, які разам з дзецьмі і ўнукамі апрацоўваем. Асаблівай патрэбы нешта вырошчваць няма, але для душы, для сэрца зямелька гэта.

— У гады брыгадзірства вашым кабінетам было поле. Які час года больш любіце?

— Кожны год з нецярпеннем чакаю абуджэння прыроды. Вясною пасля сяўбы хваляваліся, як узыдзе збажына. І ў жніўны час душа радасцю поўнілася.

— Людміла Мікалаеўна, цікавіцеся справамі сённяшняга “Аснежыцкага”?

— Час зараз нялёгкі, але гаспадарка не здае пазіцый. Кіраўнік Валерый Кулішэвіч на маіх вачах рос, у працавітай сялянскай сям’і. Бацькоў яго добра ведала. Ён пра мяне не забывае, калі што неабходна, дапамагае. Віншуе са святамі.

— Свой лёс можаце назваць шчаслівым?

— Маё шчасце ў дзецях, унуках, праўнуках, у маім багатым сялянскім мінулым. Столькі гадоў была на пульсе калгаснага жыцця. Не магла ўявіць сябе без працы на зямлі. Дзесяць гадоў пасля пенсіі яшчэ кіравала брыгадай. Калі развітвалася, калгаснікі плакалі. На другі дзень раніцай не ведала, куды падзецца. Стала перад акном і гляджу, як людзі спяшаюцца на працу, а ў мяне поўныя вочы слёз. Паўвека аддала калгасу, 35 гадоў кіравала любельскай брыгадай. Амаль усе мае калгасныя сяброўкі ўжо ў раі. Кожную ноч у сне з імі па аснежыцкіх палях хаджу. Прачнуся і думаю, калі растануся з брыгадай. Самае галоўнае на гэтым свеце — прайсці праз вернасць.

Уладзiмiр СУБАТ

Пінскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Людмілы ЖУРБІЛЫ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter