Шлях на Вену

Краязнаўцы: Калісьці шлях на Вену праходзіў праз Вендараж

Краязнаўцы сцвярджаюць, што калісьці гэты шлях праходзіў праз вёску Вендараж Магілёўскага раёна

Круты паварот, апошні пад’ём — і аўтобус спыняецца. Дзе-нідзе ў вёсцы свецяцца вокны, над хатамі тонкімі струменьчыкамі ўецца дым. На вуліцы — ні душы, затое ў мясцовым сельсавеце дзверы адчынены з самага ранку.

— Дарослыя — на службе, дзеці — у школе. Тыя, хто на пенсіі, занятыя сваімі справамі, — тлумачыць старшыня Вендаражскага сельскага Савета Марына Мельнікава. — Улетку, калі да бабуль-дзядуляў прыязджаюць унукі, насельніцтва прырастае ў разы.

Людзьмі прыхожымі засялілі

Калісьці гэтае мястэчка было цэнтрам воласці Магілёўскага павета і жыццё тут проста віравала. «Да рэвалюцыі ў Вендаражы працаваў смалярны цэх, былі дзяржаўная вінная лаўка, заезны двор, карчма, два млыны, шпіталь. Слава ж пра мясцовы конезавод грымела на ўсю акругу!» — расказвае краязнавец Мікалай Асіпцоў. У архівах захаваўся запіс аб выставе сялянскіх коней, якая адбылася «чэрвеня 25 1861 года ў Магілёве». На ёй «селянін Стэфан Фёдараў з Вендаража за кабылу гнядой масці быў узнагароджаны срэбным медалём, 10 рублямі срэбрам і пахвальным лістом».

Афіцыйна Вендараж вядзе свой адлік ад 1568 года. Тады, калі вёску «людзьмі прыхожымі засялілі», — так напісана аб гэтым мястэчку ў Баркалабаўскім летапісе. Хаця даследчыкі ўпэўнены: тут людзі жылі з самых старажытных часоў.

— Ёсць думка, што ў час Лівонскай вайны гэтыя мясціны апусцелі, і ротмістр Баркалаб Іванавіч Корсак, якому ў 16-м стагоддзі належалі тутэйшыя землі, аддаў загад аб іх засяленні, — адзначае выкладчык Вендаражскай сярэдняй школы Ігар Квяткоўскі, які па-сапраўднаму захапіўся вывучэннем гісторыі свайго краю.

Доказ таму — гарадзішча, якое з’явілася на беразе рэчкі Жыварэзкі ў пачатку нашай эры. Або яшчэ раней — раскопкі тут пакуль не вяліся, таму дакладную дату назваць цяжка.

Аб чым маўчыць крыж?

Затое на помніку культуры і гісторыі — масіўным каменным крыжы, што стаіць на гарадзішчы, высечана лічба — 1598. А яшчэ імя — Іван. Што азначае гэтая дата, аб чым хацеў расказаць той Іван амаль чатыры з паловай стагоддзі таму, можна толькі здагадвацца. Таямні-чы крыж больш за сто гадоў таму прыцягнуў увагу знакамітага беларускага краязнаўца Еўдакіма Раманава. Вучоны лічыў, што такія каменныя знакі нашы продкі маглі ставіць на межах двух уладанняў альбо на месцы спаленых ці разбураных храмаў ды на могілках. Аднак існуе вялікая верагоднасць таго, што крыж непасрэдна звязаны з дахрысціянскімі традыцыямі і служыў у якасці пляцоўкі для прынясення ахвяр. Нездарма ў Беларусі яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя на камень клалі грошы і запальвалі свечкі.

Самі мясцовыя жыхары з пакалення ў пакаленне расказваюць легенду пра нейкае таямнічае забойства і лічаць, што крыж — проста надмагільны знак. Дарэчы, у тутэйшых мясцінах на самай справе разыгралася крывавая драма. Дваровыя людзі забілі мясцовага двараніна, гвардыі палкоўніка ў адстаўцы Ксаверыя Крогера, які быў вядомы як вельмі жорсткі чалавек. Але гэта здарылася ўжо ў пачатку 19-га стагоддзя.

Вендаражскія землі ў свой час былі ўласнасцю магнатаў з роду Сапегаў. Іх перадавалі ў якасці спадчыны, закладвалі і выкуплялі, прадавалі і здавалі ў арэнду.

Дарогі — прыкмета аграгарадка

Чаму гэтыя лясістыя мясціны так прыцягвалі дваранства і, як сказалі б зараз, «малы бізнес» — майстроў народных промыслаў самых розных накірункаў? Напэўна, таму, што вёска знаходзілася ў бойкім месцы, ля дарогі. Заезджыя госці бывалі часта, і гандляваць тут было выгадна. Праўда, наконт таго, куды менавіта вёў шлях праз Вендараж, існуе не адна версія.

— Такое імя вёска атрымала таму, што праз яе праходзіла дарога на Вену, — лічыць Ігар Квяткоўскі. — На станцыі, якая знаходзіцца непадалёк ад аграгарадка і носіць падобную назву — Вендрыж, яшчэ два-тры дзясяткі гадоў таму можна было ўбачыць рэшткі старога бруку.

Калі лічыць па карце, то мястэчка знаходзіцца якраз на шляху з Масквы ў Еўропу. Хто ведае, мо сапраўды колькі стагоддзяў назад тут праязджалі далёкія вандроўнікі? Праўда, беларускі гісторык Мікола Ермаловіч, які таксама спрабаваў растлумачыць паходжанне прыгожай назвы вёскі, наконт гэтага меў сваю думку. Ён меркаваў, што слова Вендараж магло быць звязана з племем венеды, прадстаўнікі якога калісьці праклалі сюды сцежку.

Як бы там ні было, але дарогі і сёння адзiн з галоўных складаль-нікаў Вендаража. «Толькі па ву-ліцах і завулках аграгарадка яны расцягнуліся на 7 кіламетраў», — удакладніла Марына Мельнікава. Хаця насельніцтва аграгарадка з кожным годам старэе і змяншаецца, галоўная траса ўсё роўна не пустуе. Па ёй, дарэчы, можна дабрацца і да Новага Вендаража — катэджнага пасёлка, які з’явіўся некалькі гадоў назад. А гэта значыць, што гісторыя вёскі працягваецца.

На здымку: дату нараджэння Вендаража можна вызначыць толькі прыблізна.

Фота: Святлана МАРКАВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter