«Шляхі Мнемасіны»

Праект атрымаў Гран-пры пятнаццатага Летняга ўніверсітэта клубаў ЮНЕСКА і рэалізуецца ў межах Міжнароднага года моладзі ААН. Аб гэтым карэспандэнту «БН» паведаміў спецыяліст па арганізацыйнаму развіццю Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Віталь НІКАНОВІЧ.

Каляднае свята з такой дзіўнай назвай адбудзецца напярэдадні Ражаства Хрыстова ў Мінску.

Праект атрымаў Гран-пры пятнаццатага Летняга ўніверсітэта клубаў ЮНЕСКА і рэалізуецца ў межах Міжнароднага года моладзі ААН. Аб гэтым карэспандэнту «БН» паведаміў спецыяліст па арганізацыйнаму развіццю Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Віталь НІКАНОВІЧ.

— Сёлетні ўніверсітэт прыемна здзівіў, калі лепшым з дванаццаці прадстаўленых праектаў стаў той, што скіраваны на захаванне нематэрыяльнай культуры беларусаў, — гаворыць Віталь Нікановіч. — Аўтар ідэі Дзмітрый Кутузаў — дзесяцікласнік мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў. Ён прапанаваў кожнай нацыянальна-культурнай суполцы прадставіць адзін абрад, які б тыя хацелі папулярызаваць у нашай краіне, запісаць дзею на відэа і вылучыць лепшых шляхам інтэрнэт-галасавання. Першым мы прадставілі беларускі калядны абрад «Цары», які занесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва і патрабуе тэрміновай аховы.

Так, на двухгадзінным свяце ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур школьнікі калядавалі, гадалі, глядзелі кароткаметражныя фільмы пра традыцыі Беларусі. Дарэчы, назва моладзевага праекту — «Шляхі Мнемасіны» — невыпадковая. У старажатнай грэчаскай міфатворчасці Мнемасіна — багіня памяці.

— Нашы дзеці такім вось чынам стараюцца зберагчы нашу агульную беларускую спадчыну. І гэта не пад прымусам робіцца: ідэя нарадзілася ў іх саміх, — разважае Віталь Нікановіч. — Праект «Шляхі Мнемасіны» будзе доўжыцца і далей. Калі запішам усе абрады, замоўленыя нацыянальна-культурнымі суполкамі, і пройдзе галасаванне, мы правядзём канферэнцыю і выдадзім спецыяльны даведнік.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter