Шлях да шчасця толькі адзін

У Святым Пісанні мы можам прачытаць пра мудрасць і мудрага чалавека. Там гаворыцца пра мудрасць у старажытным разуменні. Яна азначае ўменне выбіраць правільны жыццёвы шлях.

Праз некаторы час пасля з’яўлення Новага Запавету ў Дзідахэ (“Вучэнне Госпада народам праз 12 апосталаў”) было запісана: “Ёсць два шляхі, адзін — жыцця, адзін — смерці”. Гэты хрысціянскі падыход заключаецца ў прыняцці таго, што ты як чалавек або на баку дабра, або на баку зла.

Выбар мудрасці, якая раскрывае сэнс сапраўднага жыцця, даецца Богам. Уся іншая мудрасць — зямная, не Божая, паходзіць ад злога духа. У кнізе Апакаліпсіса мы чытаем асноўную прэтэнзію да чалавека: “Ты не гарачы, не халодны”. Як мы кажам па-простаму, “ніякі” пра таго, хто спрабуе выбраць нейкі трэці шлях па жыцці.

Божая мудрасць прыносіць добры плод. Такім добрым плодам урэшце рэшт з’яўляецца вечнае жыццё з Богам. Гэта шчасце быць свабодным з Богам. Гэта свабода ад граху, ад смерці.

Як дасягнуць такога плоду? Падсумоўваючы думку Новага Запавету, — “чынячы спакой, пашыраючы мір на зямлі”. Ствараючы спакой вакол сябе і ў сабе мір. Сапраўдная мудрасць заключаецца ў тым, каб правесці жыццё міралюбіва, лагодна, пакорліва, міласэрна і некрывадушна. Калі мы жывём толькі сваімі прагнасцямі ежы, грошай, добрай вопраткі, інтымных задавальненняў і гэтак далей, то неба нам не патрэбна, бо ў небе гэтага не будзе.

Божае слова ў Святым Пісанні скіроўваецца да нас не проста так. Dabar, verbum, logos — усе гэтыя тэрміны на іншых мовах азначаюць “слова”, якое не проста прамаўляецца і чуецца, а дае штуршок да дзеяння. Бог гатовы ўвайсці ў нашу гісторыю, у гісторыю нашага жыцця, у якім мы прайграем без Бога змаганне са сваімі дэманамі. Бог запрашае нас не гнацца за поспехам, як гэта цяпер папулярна, але пачуць, чаго наша сэрца прагне па-сапраўднаму — вечнага шчасця, шчасця з Богам. Як піша святы Аўгусцін: “Калі я шукаю Цябе, майго Бога, я шукаю шчаслівае жыццё”.

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter