17 верасня 1939 года адбылася падзея, якая назаўсёды змяніла лёс беларускага народа, які аб’яднаўся ў адну дзяржаву.
Пра падзеі тых векапомных дзён, пра барацьбу беларускага народа за свае правы «Рэспубліка» прапанавала расказаць беларускім гісторыкам, навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі: кандыдату гістарычных навук, дацэнту, дырэктару Вадзіму ЛАКІЗУ, кандыдату гістарычных навук, дацэнту, вядучаму навуковаму супрацоўніку Валянціну МАЗЕЦУ, кандыдату гістарычных навук, вядучаму навуковаму супрацоўніку Мікалаю НЕСЦЯРОВІЧУ, кандыдату гістарычных навук, загадчыку аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Сяргею ТРАЦЦЯКУ.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
За зямлю і волю
«Р»: — Акт несправядлівасці, здзейснены ў дачыненні да беларускага народа ў Рызе, не мог не выклікаць адэкватнага супраціву: раздзеленыя мяжой беларусы імкнуліся жыць у адной дзяржаве. Не скарыліся яны і пад прыгнётам: з гісторыі мы ведаем пра выступленні беларусаў, забастоўкі на прадпрыемствах, узброеную барацьбу супраць новых прыгнятальнікаў — беларускі народ актыўна змагаўся за свае правы. Як спалучаліся формы гэтай барацьбы?Сяргей ТРАЦЦЯК:
— Трэба прызнаць, што акт несправядлівасці, здзейснены ў дачыненні да беларускага народа ў Рызе, не мог не выклікаць адэкватных дзеянняў з боку той часткі беларускай нацыянальнай эліты, якая была катэгарычна не згодна з заключэннем Рыжскага мірнага дагавора. Цяжкае эканамічнае становішча працоўнага насельніцтва краю, палітычнае бяспраўе і жорсткі нацыянальны прыгнёт вызначалі характар і мэты нацыянальна-вызваленчага руху. Актыўнымі сіламі яго былі дэмакратычная інтэлігенцыя, палітычна актыўная частка рабочага класа і сялянства. Вызваленчы рух у Заходняй Беларусі з’яўляўся арганічным працягам вызваленчай барацьбы беларускага народа супраць войск кайзераўскай Германіі, а потым польскай інтэрвенцыі. Сярод яго арганізатараў і ўдзельнікаў было нямала тых, асабліва з бежанцаў, хто прымаў непасрэдны ўдзел у рэвалюцыях 1917 года, а потым у Грамадзянскай вайне ў Расіі і вярнуўся ў Заходнюю Беларусь пасля падпісання Рыжскага дагавора. Вялікі ўплыў на фарміраванне нацыянальна-палітычнай свядомасці яго ўдзельнікаў аказвалі сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні і працэсы нацыянальнага адраджэння, якія адбываліся ў Савецкай Беларусі. З БССР звязваліся надзеі на лепшую будучыню, падтрымліваліся культурныя і нелегальныя палітычныя сувязі.

Першапачаткова вызваленчы рух у Заходняй Беларусі набыў характар узброенай партызанскай барацьбы. ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР) яшчэ ў красавіку 1921 года прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўзброенага паўстання на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Кіраўнікі БПСР вырашылі скарыстаць бягучы момант, пакуль граніцы, усталяваныя ў Рызе, не атрымалі міжнароднага прызнання і на іх не распаўсюджваліся гарантыі Лігі Нацый. Улетку 1921 года ў Заходняй Беларусі быў створаны Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт. Вясной 1922 года беларускія партызаны (да 10 тысяч чалавек) перайшлі да актыўных дзеянняў супраць польскіх улад. Па афіцыйных звестках, у 1922 годзе было зафіксавана 878, а ў 1923-м — 503 баявыя партызанскія аперацыі. Найбольш інтэнсіўнай партызанская барацьба была на Беласточчыне і Гродзеншчыне. На Палессі, Навагрудчыне і Віленшчыне партызанскі рух разгортваўся пад кіраўніцтвам камуністаў і ў межах савецкай акцыі т. зв. «актыўнай разведкі». Каб зламаць партызанскі рух, польскія ўлады ўзмацнілі паліцэйскі тэрор. У 1923 годзе польскім паліцыі і войскам удалося нанесці шэраг буйных паражэнняў беларускім партызанам. Стаўка беларускіх эсэраў на ўзброеную барацьбу не апраўдалася, БПСР была практычна знішчана.
Мікалай НЕСЦЯРОВІЧ:
— Напярэдадні сусветнага эканамічнага крызісу актывізаваўся рабочы рух. Так, у 1927–1928 гадах у Беластоцкім, Палескім, Віленскім і Навагрудскім ваяводствах адбылося 370 забастовак, у якіх удзельнічала каля 49 тысяч рабочых. У першыя гады сусветнага эканамічнага крызісу 1929–1933 гадоў забастовачная барацьба некалькі аслабела, але ў далейшым у сувязі з пагаршэннем эканамічнага становішча ўзмацнілася. Так, калі ў 1930-м адбылася 21 забастоўка, а ў 1931-м — 19, то ў 1932-м — 51, а ў 1933-м — 81. Забастоўкі часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Шырокі водгук на вёсцы знаходзілі заклікі КПЗБ «Зямля сялянам без выкупу!», «Ні гроша падаткаў фашысцкаму ўраду!». Сяляне адмаўляліся плаціць падаткі, выконваць шарваркі (прымусовыя адпрацоўкі), праганялі каморнікаў, якія насільна праводзілі камасацыю і ліквідацыю сервітутаў, часам браліся і за зброю.
Улады жорстка распраўляліся з удзельнікамі выступленняў. Згодна з прыгаворам надзвычайнага суда ў Навагрудку 5 ліпеня 1932 года сяляне вёскі Асташына І. Бахар, А. Гаўраш, А. Малец, В. Стасевіч былі павешаны, 44 чалавекі прыгавораны да 241 года турэмнага зняволення, з іх пяць — да пажыццёвага. Арганізатары выступлення сялян Кобрынскага павета Л. Багдановіч, А. Гурко, І. Кіцель, С. Казловіч, сакратар Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ Р. Каплан і іншыя былі аддадзены пад ваенна-палявы суд. У абарону арыштаваных выступілі працоўныя Заходняй Беларусі, у тым ліку карэннай Польшчы. Смяротны прыгавор для васьмі чалавек быў заменены пажыццёвай катаргай, Р. Каплан прыгаворана да 15 гадоў турмы, больш за 30 чалавек — да розных тэрмінаў зняволення.
Валянцін МАЗЕЦ:
— Акрамя ўзброеных метадаў барацьбы за свае законныя правы, беларусы выкарыстоўвалі таксама і легальныя формы барацьбы. Так, у кастрычніку 1922 года адбыліся выбары ў польскі сейм і была створана сеймавая фракцыя Беларускага пасольскага клуба. 11 абраных дэпутатаў прадстаўлялі практычна ўсе найбольш значныя тагачасныя беларускія палітычныя партыі. Разам з сенатарамі В. Багдановічам, А. Назарэўскім і А. Уласавым паслы стварылі дэпутацкую беларускую фракцыю ў сейме.
Практычная дзейнасць Беларускага пасольскага клуба была накіравана ў першую чаргу на адстойванне нацыянальных і сацыяльных правоў беларускага народа шляхам унясення сацыяльных законапраектаў, афіцыйных запытаў дэпутатаў, арганізацыі сустрэч паслоў з сялянамі, рабочымі, інтэлігенцыяй і рамеснікамі беларускіх сёл і мястэчак, падчас якіх прымаліся рэзалюцыі супраць польскіх улад. Большая частка такіх мітынгаў заканчвалася сутычкамі з паліцыяй, пры гэтым паліцэйскія ўчынялі расправу і над дэпутатамі.
У чэрвені 1925 года са складу БПК выйшлі Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла, П. Валошын і заснавалі асобную фракцыю Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Праграма партыі ўключала дэмакратычныя і сацыяльна-эканамічныя патрабаванні, якія адлюстроўвалі інтарэсы шырокіх працоўных мас, у першую чаргу сялянства. У студзені 1927 года БСРГ налічвала больш за 100 тысяч чалавек, аб’яднаных амаль у дзве тысячы гурткоў.
Актывізавала сваю дзейнасць у гэты перыяд арганізацыя культурна-асветніцкага характару — Таварыства беларускай школы (ТБШ), заснаванае ў 1921 годзе. ТБШ узмацніла намаганні па адкрыцці беларускіх школ, народных дамоў, клубаў-чытальняў. Колькасць гурткоў ТБШ хутка расла, і ў 1927 годзе іх налічвалася 450 — найбольш за ўвесь перыяд існавання. Яны аб’ядноўвалі каля 16 тысяч чалавек.

Легальнай парламенцкай і непарламенцкай барацьбе беларусаў за свае гарантаваныя законам і міжнароднымі дагаворамі правы і свабоды Польскай дзяржавай чыніліся велізарныя, часцяком практычна неадольныя перашкоды з дапамогай паліцэйскіх правакацый і рэпрэсій. Майскі дзяржаўны пераварот 1926 года i ўстанаўленне ў Польшчы рэжыму асабістай улады Юзафа Пілсудскага рэзка звузілі магчымасці легальнай барацьбы беларусаў за свае правы. Гэта прадэманстраваў разгром польскімі ўладамі ў 1927 г. Беларускай сялянска-работніцкай грамады — самай буйной беларускай арганізацыі на той час. У студзені 1927 года былі арыштаваны кіраўнікі Грамады Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Валошын і П. Мятла, а таксама больш за 400 яе актывістаў. У сакавіку БСРГ была забаронена. Узмацніліся рэпрэсіі супраць беларускіх кааператыўных і культурна-асветных арганізацый.
Нягледзячы на гэта, у выніку выбараў вясною 1928 года ў польскім сейме быў створаны Беларускі пасольскі клуб «Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых» на чале з Я. Гаўрылікам. Гэта дало магчымасць праз парламенцкую трыбуну адстойваць сацыяльна-эканамічныя правы беларускага народа. У маі 1928 года ён, каб падкрэсліць, што з’яўляецца адзіным пераемнікам традыцый БСРГ, змяніў сваю назву на Беларускі сялянска-работніцкі пасольскі клуб «Змаганне» і фактычна распачаў актыўную палітычную і агітацыйную працу ў напрамку стварэння масавай левай рэвалюцыйна-дэмакратычнай і нацыянальна-вызваленчай арганізацыі. Аднак навучаны вопытам БСРГ ваенна-аўтарытарны рэжым Ю. Пiлсудскага зрабiў усё, каб не даць утварыць на базе сеймавага пасольскага клуба масавую арганiзацыю. Напрыканцы жніўня 1930 года дэпутаты клуба «Змаганне» Я. Гаўрылік, І. Дварчанін, Ф. Валынец і П. Крынчык былі арыштаваны і зняволены, а сама арганізацыя разгромлена.
Акт справядлівасці
«Р»: —14 лістапада 1939 года на 3-й пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР быў прыняты закон, у якім выразна было напісана: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і аб’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве». Гэты дзень назаўжды змяніў лёс Беларусі — яе тэрыторыя зноў набыла цэласнасць, вярнулася ў рэчышча векавой гістарычнай традыцыі. Як у гістарычнай рэтраспектыве бачыцца значэнне гэтай падзеі ў той час і што яна значыць для цяперашніх пакаленняў?Вадзім ЛАКІЗА:
— 17 верасня 1939 года Чырвоная армія перайшла савецка-польскую мяжу і распачала свой паход з мэтай «узяць пад ахову ад ворага» землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
Працэс юрыдычна-прававога афармлення ўз’яднання беларускіх зямель быў распачаты 1 кастрычніка 1939 года, калі была прынята пастанова Бюро ЦК Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў «Пытанні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі». Першы пункт гэтай пастановы абавязваў правесці Народны сход у Беластоку з выбраных дэлегатаў з усёй тэрыторыі былых Беластоцкага, Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў і аналагічны Народны сход у Львове з прадстаўнікоў вызваленых украінскіх тэрыторый.

28 кастрычніка 1939-га Народны Сход у Беластоку пачаў сваю работу, а 29 кастрычніка таго ж года аднагалосна была прынята Дэкларацыя «Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР». На Народным сходзе было прынята рашэнне аб’явіць 17 верасня Днём вызвалення рабочых Заходняй Беларусі ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў.
Рашэннямі пазачарговай 5-й сесіі Вярхоўнага Савета СССР 2 лістапада і 3-й пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР 14 лістапада 1939 года працэс юрыдычна-прававога афармлення факта ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза быў завершаны.
Важна, што рашэнне пра ўз’яднанне было прынята ў выніку ўсенароднага плебісцыту. У кастрычніку 1939 года былі праведзены выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі. Правам выбару ў яго карысталіся ўсе грамадзяне мужчынскага і жаночага полу, якія дасягнулі 18 гадоў, незалежна ад расавай і нацыянальнай прыналежнасці, веравызнання, адукацыйнага цэнзу, сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча і мінулай дзейнасці. Менавіта Народны сход Заходняй Беларусі прыняў рашэнне аб усталяванні савецкай улады і ўз’яднанні з БССР. Далучэнне Заходняй Беларусі да БССР і СССР было падтрымана абсалютнай большасцю насельніцтва.
Менавіта з гэтага моманту тэрыторыя БССР і яе насельніцтва павялічыліся амаль удвая. У склад БССР увайшла тэрыторыя плошчай 100 тысяч км2 з насельніцтвам 4,7 мільёна чалавек. Абсалютную яго большасць складалі беларусы, і толькі ў заходняй частцы Беластоцкай вобласці пераважала польскае насельніцтва. Тэрыторыя рэспублікі павялічылася з 125,6 да 225,6 тысячы км2, а насельніцтва — з 5,6 да 10,3 мільёна чалавек.
Сёння, калі беларусы 82 гады жывуць у адзінай краіне, ужо забыліся тыя цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца пры аб’яднанні.
«Р»: — У нашы дні мы гаворым пра ўз’яднанне як пра акт найвялікшай гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да нашага народа. А непасрэдна ў тыя дні як жыхары Заходняй Беларусі ўспрынялі ўз’яднанне з БССР? Якія палітычныя, сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні адбываліся на заходнебеларускіх землях, дзе беларусы пасля амаль 20 гадоў атрымалі права звацца беларусамі?
Вадзім ЛАКІЗА:
— Я родам з Заходняй Беларусі — Дзятлаўскага раёна, мая матуля — з Нясвіжскага. Я ніколі ў жыцці ні ад бабуль, ні ад мамы, якая магла трансліраваць думкі старэйшых, не чуў ніводнага дрэннага слова адносна падзей восені 1939 года… Па ўспамінах, якія можна ўсім пачытаць у кнізе «Памяць» (дарэчы, не толькі па Дзятлаўскім раёне, але і па іншых заходніх раёнах), у другой палове дня 17 верасня ў некаторых вёсках Дзятлаўшчыны, напрыклад, Явары, Раготне, Вензаўцы, былі падрыхтаваны трыумфальныя аркі для ўрачыстай сустрэчы Чырвонай арміі. «Гучалі рэвалюцыйныя і савецкія песні. Людзі смяяліся, плакалі ад радасці, віншавалі адзін аднаго з доўгачаканай свабодай». Падобныя станоўчыя эмоцыі сустрэчы чырвонаармейцаў на цэнтральнай плошчы мястэчка знайшлі адлюстраванне нават у графічнай рабоце «Вызваленне Дзятлаўшчыны (верасень 1939)». Яе намаляваў сялянскі хлопец, мастак з Навагрудчыны Сямён Герус, які быў сведкам сустрэчы, зладжанай у горадзе Чырвонай арміі. У Дзятлаве сёння ёсць плошча 17 Верасня. Там праходзяць гарадскія і раённыя святы, школьнікам уручаюцца атэстаты, кіпіць сучаснае жыццё пасярод жылых пабудоў і архітэктурных помнікаў, якія захаваліся з тых часоў і адлюстраваны на малюнку нашага земляка.
Большасць беларускага насельніцтва краю ўспрымала тагачасныя падзеі як акт гістарычнай справядлівасці, кветкамі і хлебам-соллю сустракала Чырвоную армію як вызваліцельніцу ад нацыянальнага прыгнёту. У гарадах і вёсках узнікалі шматлюдныя мітынгі, на якіх рабочыя віталі сваіх вызваліцеляў. У некаторых месцах ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты.
Разам са стварэннем органаў часовай улады ствараліся і ўзброеныя атрады Рабочай гвардыі. Менавіта яны дапамагалі часцям Чырвонай арміі ажыццяўляць ахову прадпрыемстваў чыгуначных вузлоў, мастоў, лавіць у лясах дыверсантаў. Атрады Рабочай гвардыі арганізоўваліся на сходах буйных прадпрыемстваў і местачковых рабочых. Яны арганізоўвалі атрады з рабочых і сялян, якія прымушалі раззбройвацца паліцэйскіх і асаднікаў, бралі пад ахову чыгуначныя масты, прадпрыемствы, іншыя аб’екты.
У канцы 1939-га — пачатку 1940 года былі створаны мясцовыя партыйныя органы, а ў студзені — сакавіку 1940-га — мясцовыя органы савецкай улады. Для іх умацавання з усходніх абласцей БССР было накіравана 1500 камуністаў. Абласныя, раённыя і гарадскія камітэты партыі забяспечвалі арганізацыю грамадска-палітычнага жыцця і гаспадарчую дзейнасць. Ужо ў пачатку 1941 года мелася 1232 першасныя партарганізацыі, якія аб’ядноўвалі 16 048 камуністаў. Адначасова з партыйнымі пачалі дзейнічаць камсамольскія арганізацыі. Да мая 1940-га для працы з моладдзю з усходніх абласцей было накіравана 6200 камсамольскіх актывістаў. Пачаўся прыём у камсамол мясцовай моладзі, ствараліся камсамольскія ячэйкі і арганізацыі. Ужо ў верасні 1940-га дзейнічала 2041 першасная камсамольская арганізацыя, якая аб’ядноўвала 23 611 камсамольцаў, у тым ліку 8771 — з ліку мясцовай моладзі.

Валянцін МАЗЕЦ:
— У лістападзе — снежні 1939 года пачалася нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстваў і банкаў. Былі нацыяналізаваны не толькі буйныя і сярэднія прадпрыемствы, але і вялікая частка дробных.
Аднаўляліся і пашыраліся прадпрыемствы, пачалося будаўніцтва новых фабрык і заводаў. Абсталяванне для іх завозілася з Расіі, Украіны і ўсходніх абласцей БССР. У канцы 1940 года ў заходніх абласцях дзейнічалі 392 прамысловыя прадпрыемствы, на якіх было занята каля 40 тысяч рабочых. Аб’ём валавай прадукцыі прамысловасці павялічыўся амаль у два разы ў параўнанні з 1938 годам і склаў 27,6 працэнта прамысловай вытворчасці рэспублікі, да 1941 года беспрацоўе ў рэгіёне было практычна ліквідавана.
Вялася праца па перабудове сельскагаспадарчай вытворчасці, ствараліся калектыўныя гаспадаркі. Да канца 1940 года ў заходніх абласцях БССР мелася 646 калгасаў, а да чэрвеня 1941-га — 1115, якія аб’ядноўвалі 49 тысяч сялянскіх сямей. Іх абслугоўвала створаная за кароткі тэрмін з дапамогай дзяржавы 101 машынна-трактарная станцыя з 997 трактарамі і іншымі сельскагаспадарчымі машынамі. На землях лепшых маёнткаў былі арганізаваны 28 саўгасаў.
Свята на ўсе часы
«Р»: —17 верасня ў афіцыйным календары абвешчана Днём народнага адзінства. Але даволі працяглы час у Савецкай Беларусі гэтая дата фактычна замоўчвалася, паколькі пераважала пазіцыя «не трэба крыўдзіць палякаў». Тым не менш у гарадах і нават вёсках Заходняй Беларусі мы сёння можам знайсці вуліцу 17 Верасня. Ці азначае гэта, што ўсе засвоілі ўрокі гісторыі, што гэтая падзея асэнсавана грамадствам, а значыць, манеўру для спекуляцый — у дачыненні як да мінулага, так і да сучаснасці — не засталося?Вадзім ЛАКІЗА:
— І вось з гэтага года свята нарэшце вярнулася ў каляндар як Дзень народнага адзінства. Калі абмяркоўвалі дату, сярод экспертаў гучала думка: маўляў, мы кагосьці пакрыўдзім. Але мы не павінны аглядвацца на кагосьці, мы павінны адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы і падаваць гісторыю з пункта гледжання беларусаў. Большасць гісторыкаў сышліся ў думцы: Дзень народнага адзінства — гэта не прад’яўленне нейкіх прэтэнзій, гэта захаванне гістарычнай памяці беларускага народа.
Сяргей ТРАЦЦЯК:
— Дарэчы, да вайны ў святочных датах БССР значылася і 11 ліпеня — як Дзень вызвалення ад белапольскай акупацыі. Апошні раз дату 17 верасня адсвяткавалі нават на саюзным узроўні ў 1949-м — на 10-годдзе аб’яднання. А для БССР гэта быў і год 30-годдзя самой рэспублікі. Што датычыцца 17 верасня, то на нашым рэспубліканскім узроўні з 1948 года фармулёўка сацыяльная змянілася на нацыянальную — на першы план выйшла ўз’яднанне народа… Але ў 1950 годзе 17 верасня ўжо не святкавалася ніяк — ні на саюзным, ні на рэспубліканскім узроўні, ні з сацыяльнай фармулёўкай, ні з нацыянальнай. Хапіла невялікага сігналу з Масквы: маўляў, не трэба крыўдзіць палякаў. Польшча стала сацыялістычнай, важным саюзнікам СССР…
І трэба заўважыць: тое, што Польшчай кіравалі камуністы, у адносінах да беларускіх зямель нічога не мяняла. Як сведчаць крыніцы, тагачасныя польскія камуністы загартоўкі 1920–1930-х гадоў былі ці не большымі шавіністамі, чым сам Пілсудскі. У Канстытуцыі, прынятай у часы прэзідэнцтва Берута, таго самага героя, удзельніка мінскага падполля ў гады вайны, не было ні слова сказана пра тое, што ў Польшчы ёсць хтосьці акрамя палякаў…
Нягледзячы на тое, што ў сацыялістычнай Польшчы дзень 17 верасня называўся днём пачатку вызвалення рабочых Заходняй Беларусі ад прыгнёту, ён стыгматызаваўся і ў грамадскай свядомасці застаўся як дзень пачатку агрэсіі Савецкага Саюза супраць мірнай і безабароннай краіны. Палякі забыліся, што іх мірная і безабаронная краіна сама ўдзельнічала ў расчляненні Чэхаславакіі, што яна ў сакавіку — красавіку 1939 года ледзь не развязала вайну з Літвой, што ўвогуле міжваенная Польшча не была «белай і пушыстай»…