Шлях да адкрыцця ляжыць праз камп’ютарны стол

Карэспандэнт “НГ” прааналізавала апошнія падзеі сусветнай навукі і пераканалася, што амаль усе яны так ці інакш звязаны з інфармацыйнымі тэхналогіямі

Карэспандэнт “НГ” прааналізавала апошнія падзеі сусветнай навукі і пераканалася, што амаль усе яны так ці інакш звязаны з інфармацыйнымі тэхналогіямі

Аб складанасці простага
Амерыканскі матэматык Керціс Купер, які ўдзельнічае ў праекце размеркаваных вылічэнняў GIMPS (Great Internet Mersenne Prime Search), знайшоў 48-ы просты лік Мерсена. Запіс гэтага ліку ўтрымлівае больш за 17 мільёнаў сімвалаў. Для параўнання: у рамане “Вайна і мір” іх у пяць разоў меней. За сваё адкрыццё прафесар Купер можа атрымаць грашовую прэмію. Акрамя таго, яго імя назаўсёды ўпісана ў гісторыю матэматыкі і інфарматыкі.

Што думаюць сто тысяч персаналак?
У нямецкім Юліху (Паўночны Рэйн-Вестфалія) афіцыйна запушчаны самы магутны ў Еўропе суперкамп’ютар JuQueen магутнасцю 5,9 петафлопс, ці 5,9 тысячы трыльёнаў аперацый у секунду. Два самыя магутныя камп’ютары ў свеце знаходзяцца ў ЗША, трэцяе месца ў японскага. Новенькі JuQueen замыкае першую пяцёрку. Магутнасць лепшага расійскага суперкамп’ютара “Ламаносаў”, які ўстаноўлены ў МДУ, складае “толькі” 1,7 петафлопс. Ён на 26-м месцы ў свеце.

Робат працягвае руку дапамогі
Праблему чысціні вуліц вырашыў японскі інжынер Мінору Курата. Ягоная рабатызаваная сметніца вызначае траекторыю палёту смецця і ловіць яго сама. Навукоўцы ў ЗША на сметніцу разменьвацца не сталі: ім удалося дасягнуць найлепшых на гэты момант вынікаў у стварэнні рабатызаванай рукі, якая кантралюецца актыўнасцю мозгу. У медыцынскім часопісе Lancet даследчыкі апісалі, як паралізаваная жанчына з дапамогай кантралюемага мозгам пратэза змагла падымаць і перасоўваць прадметы, нібы гэта была яе ўласная рука.

Пад ільдом кіпіць жыццё
Расійскія і амерыканскія навукоўцы прасвідравалі льды на Паўднёвым полюсе і ўзялі пробы вады з падлёдных вадаёмаў. Высветлілася, што вада і адкладанні на дне ўтрымліваюць велізарную колькасць мікраарганізмаў, якія цудоўна выжываюць без сонечнага святла. У адным мілілітры вады ўтрымліваецца каля тысячы бактэрый — прыкладна ў 10 разоў менш, чым у звычайнай вадзе акіяна. Праз месяц вучоныя з дапамогай суперкамп’ютараў расшыфруюць ДНК і вызначаць, да якіх відаў адносяцца бактэрыі.
Спачатку было Слова.

І машына яго ведае!
Канадскія лінгвісты распрацавалі камп’ютарны алгарытм, дзякуючы якому можна рэканструяваць старажытныя прота-мовы, на якіх размаўлялі продкі сучасных моўных груп і сем’яў. Мяркуецца, што вынаходніцтва пазбавіць гісторыю чалавецтва белых плямаў і нерасшыфраваных рукапісаў. Каб пратэсціраваць алгарытм, навукоўцы рэканструявалі мову, што дала пачатак 637 мовам, якімі сёння карыстаюцца жыхары астравоў Акіяніі, Мадагаскара, Філіпін і некаторых дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі.

Троль як тормаз прагрэсу
Негатыўныя каментарыі да матэрыялаў пра навуку разбураюць імідж навукі ў цэлым і асобных яе галін. Амерыканскія даследчыкі высветлілі, што артыкулы з каментарыямі блогераў, якія цікавяцца, колькі грошай падаткаплацельшчыкаў змарнавана на гэтае даследаванне, ці выказвалі недавер да высноў аўтара, успрымаюцца астатнімі чытачамі скептычна. А вось малаадукаваныя рэлігійныя людзі больш схільныя давяраць “тролям”, чым зместу артыкула. Пашырэнне інтэрнэту дае падставы лічыць, что ўплыў блогераў і троляў на вялікую навуку будзе ўзрастаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter