Вучаніца Новапагосцкай яслі-сад - сярэдняй школы Міёрскага раёна Аліна Апалька сабрала 11 072 кг яблыкаў

Школьнікі нарыхтоўвалі яблыкі і перамаглі

Вучаніца Новапагосцкай яслі-сад — сярэдняй школы Міёрскага раёна Аліна Апалька, прымаючы ўдзел у традыцыйным рэгіянальным конкурсе аблспажыўсаюза па нарыхтоўцы яблыкаў, сабрала 12 072 кілаграмы пладоў, за якія налічана 2400 рублёў, або амаль тысяча долараў.

Пераможцы і лепшыя школьнікі па нарыхтоўцы яблыкаў з работнікамі гандлю. У цэнтры — намеснік старшыні Віцебскага аблспажыўсаюза Віктар Шуляк, далей старшыня Верхнядзвінскага філіяла аблспажыўсаюза Ірына Тамашэвіч, начальнік аддзела нарыхтовак і знешнеэканамічнай дзейнасці Верхнядзвінскага філіяла Віцебскага аблспажыўсаюза Наталля Палянская і таваравед Вікторыя Ярота.
Фота Ганны ЗІМАЦКАЙ

Дырэктар навучальнай установы Вольга Вайцехаўна Усціновіч адзначыла «СГ», што васьмікласніца Аліна са шматдзетнай сям'і. Яе маці Кацярына — загадчыца мясцовай крамы, а бацька Аляксандр — работнік лясгаса. Вучыцца дзяўчына вельмі добра, самыя высокія адзнакі ў яе па дакладных прадметах, актыўна ўдзельнічае ў школьных мерапрыемствах і, канешне, дапамагае бацькам па гаспадарцы. Яблыкі збірала ў садах цёткі, сваіх бабуль і тых, хто не мог гэта зрабіць сам, і дзялілася з імі выручанымі грашыма.

Крыху менш, чым Аліна, па 11 774 і 9837 кілаграмаў яблыкаў адпаведна, сабралі вучні Асвейскай СШ Верхнядзвінскага раёна Аляксандр Хадкевіч і Мацвей Пятровіч. Усім траім прысуджана першае месца ў абласным конкурсе па нарыхтоўцы яблыкаў, другое і трэцяе занялі дзевяцікласнікі гэтай жа школы Максім Радзішэвіч і Аляксандр Казачонак. Пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі, дыпломы.

З 163 тон яблыкаў, якія нарыхтаваў сёлета Верхнядзвінскі філіял Віцебскага аблспажыўсаюза, 48 тон, або амаль трэць, сабралі школьнікі двух раёнаў: Верхнядзвінскага і Міёрскага. Але вучні не толькі збіраюць яблыкі, але і займаюцца пасадкамі пладовых дрэў. Так, два гады таму ў СШ № 2 Верхнядзвінска закладзены яблыневы сад школьнікамі са шматдзетных сямей. У Боркавіцкай СШ абноўлены стары сад, а ў Верхнядзвінскай гімназіі зацвіў малады...

Задаволена вынікамі абласнога конкурсу па нарыхтоўцы яблыкаў старшыня Верхнядзвінскага філіяла аблспажыўсаюза Ірына Тамашэвіч: «Сама я родам з вёскі. З дзіцячых гадоў ведаю, што такое на полі бульба, лён. А конкурс не толькі паказвае, як зарабіць грошы, але і прывучае дзяцей да працы на зямлі».

saulich@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter