Школа запальвае зоркi

Калi сееш зерне прыгажосцi, дабрынi, справядлiвасцi — адпаведнымi будуць i ўсходы Сярэдняя школа № 3 горада Вiлейкi з экалагiчным ухiлам ужо другi раз названа лепшай школай Мiншчыны. А яе дырэктар Мiкалай Мiкалаевiч Гiро атрымаў узнагароду — медаль “За працоўныя заслугi”. Дарэчы, у гэтыя днi школа святкуе сваё саракагоддзе. Ля школьнага двара прыпыняюцца прахожыя. Школьнiкаў сустракаюць прыгожыя постацi ў беларускiм народным адзеннi — i толькi падышоўшы блiзка, разумееш, што гэта манекены. На падворку махае крыламi невялiчкi вятрак, рыпiць журавель ля студнi, калёсы-драбiны “загружаны” скрынямi з рознакаляровымi кветкамi. Кветкi ўсюды — у старых кашах i вёдрах, на подзе сялянскай печы. I вулей для пчолаў, i сабачая будка — усё сапраўднае. Нават сабака, выразаны з фанеры, як сапраўдны.

Царства хараства
Увесь школьны двор ператвораны ў царства раслiн, прыгажосцi i хараства. Яго стваралi разам з бацькамi i настаўнiкамi самi вучнi. Школа — агульнаадукацыйная, нiякага асаблiвага адбору нiхто не робiць. Толькi вось умеюць педагогi заўважыць здольнасцi кожнага, своечасова падтрымаць кволыя парасткi самасцвярджэння. Як? На гэтае пытанне намеснiк дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Iна Вiктараўна Крышкоўская адказала так:
— Дабрынёй. Калi чалавек з дзяцiнства адчуе дабро, ён i ў дарослым жыццi будзе шукаць дабро ў iншых. Я ўдзячна лёсу, якi падарыў мне дзве пуцяводныя зоркi — любоў да роднай зямлi i любоў да педагогiкi. I абедзве гэтыя зоркi, кожная па-свойму, адкрылi мне самую незвычайную з’яву, якая ёсць на свеце, — цуд падрастаючай чалавечай душы. I з таго часу тварыць Прыгажосць, Дабро i Справядлiвасць стала маiм прызваннем.
Фiласофiя дабрынi
У Мiкалая Гiро — свая фiласофiя: “Калi да дзяцей адносiцца з захапленнем i пахвалой, яны вучацца бачыць станоўчае ў iншых”. У дырэктара таксама свая “педагогiка” i свае метады, каб заўважыць i раскрыць здольнасцi кожнага маленькага чалавека.
Рабочы дзень Мiкалая Мiкалаевiча пачынаецца з газет i заканчваецца газетамi. А iх школьная бiблiятэка атрымлiвае багата — амаль сто дваццаць розных выданняў. Мiкалай Гiро на справе пераконвае, што той, хто валодае iнфармацыяй, валодае светам. З разнастайнай газетнай iнфармацыi ён чэрпае звесткi пра ўсё добрае, што дзеецца ў свеце, чым жыве адукацыя краiны. I, загараючыся новай iдэяй сам, заўсёды знаходзiць аднадумцаў сярод калег, вучняў i бацькоў.
Усё пачынаецца з маленькiх перамог
Педагогiка сцвярджае: кожнаму чалавеку ў падлеткавым узросце патрэбна самасцвердзiцца. I такую магчымасць знаходзiць кожны — калi не ў вывучэннi школьных прадметаў, то ў вiктарыне на лепшае веданне Балгарыi, Украiны, дыназаўраў альбо паэзii, у спартыўных мерапрыемствах або конкурсе самаробак, падчас работы ў школьным дэндрарыi, стварэннi эскiза мемарыяльнай дошкi цi ў мастацкай самадзейнасцi, у зборы макулатуры цi ў маляваннi. 
Кожная маленькая перамога вучня заўсёды заўважана i ацэнена. Цэлая сцяна на першым школьным паверсе ля ўваходу ператворана ў стэнд, якi адлюстроўвае дасягненнi вучняў i педагогаў. Няма тут толькi ўзнагароды самога дырэктара. А лесвiца на другi паверх ператворана ў “алею зорак”. Кожны месяц тут запальваюцца новыя зоркi — iмёны тых, хто вызначыўся.     
Самая вядомая школьная прыкмета сведчыць, што з”яўленне дырэктара ў школьным класе — не да дабра. У трэцяй школе ўсё наадварот. Тут дырэктар нярэдка выконвае ролю “Дзядулi Мароза”, бо прыходзiць у клас з падарункамi i вiншаваннямi. Такая завядзёнка ў яго ёсць — асабiста вiншаваць кожнага вучня, якi праявiў выключныя здольнасцi ў нечым звычайным цi незвычайным. А паколькi няздольных дзяцей у трэцяй школе няма, то кожны з вучняў хоць раз за адзiнаццаць гадоў вызначыўся ў чым-небудзь i прымаў асабiстыя вiншаваннi ад дырэктара. Перамагаць сваiм выхаванцам i настаўнiкам таксама дапамагае сам дырэктар.
На шляху да экалогii душы
Цэлае лета школьны двор здзiўляў гараджан i дагледжанасцю i незвычайнай кампазiцыяй. Клумбы з кветкамi, дэкаратыўныя кусты, кампазiцыi з камянёў i дрэва надавалi школьнай тэрыторыi надзвычайную прыгажосць i гармонiю. Развядзеннем кветак займаюцца ў асноўным пачаткоўцы. Яны вучацца падбiраць кветкавыя кампазiцыi па колеру, вышынi, а адначасова назiраюць за тым, якую глебу любiць тая цi iншая раслiна, колькi святла ёй патрэбна, з якiмi суседзямi яна “ладзiць”, а з якiмi жыць адмаўляецца. Школьны дэндрарый зусiм малады, але школьнiкi ўжо з задавальненнем i захапленнем расказваюць пра сваiх гадаванцаў.
А пакуль на школьным двары кветкам яшчэ холадна, зялёнае царства буйна радуе вока ў школьным будынку. Асаблiвая атмасфера цяпла i любовi ахiнае ў школьным будынку кожнага. Школа ўпрыгожана вырабамi самiх вучняў, iх бацькоў i педагогаў. Уздоўж лесвiцы — тэматычная выстава дзiцячых малюнкаў i творчых работ, выкананых у рознай тэхнiцы: вышыўка, выцiнанка, карцiны, намаляваныя алеем, акварэллю, клееныя з апiлак, фларыстыка. Карцiны i выцiнанкi на сценах — справа самiх вучняў, кветкi таксама яны даглядаюць.
Цэлыя аазiсы зялёных пакаёвых раслiн у цесных школьных рэкрэацыях створаны рукамi юных бiёлагаў i эколагаў. У фае першага паверха вока лашчыць прыемны зялёны аксамiт пакаёвых раслiн. А восенню тут стракацела рознаколернасць фарбаў. Тое, што вырасцiлi на агародзе разам з бацькамi, дзецi шчодра аздобiлi сваёй фантазiяй, выдумкай. Старэйшыя, больш стрыманыя ў знешнiм праяўленнi пачуццяў, выступалi найбольш у ролi гледачоў кампазiцый з агароднага матэрыялу. Малодшыя, наадварот, радасцi не таiлi — падбягалi, абмяркоўвалi, з задавальненнем паказвалi свае работы.
У рэкрэацыi другога паверха на прыгожых падстаўках, у кадушачках, вазах, вазоннiцах — рэдкiя i прывычныя пакаёвыя раслiны.
Сярэдняя школа № 3 горада Вiлейкi з экалагiчным ухiлам у гэтыя днi святкуе саракагоддзе. У 1995 годзе тут пачаў працаваць спецыялiзаваны хiмiка-бiялагiчны клас. А вось прыстаўку “з экалагiчным ухiлам” школа атрымала ў 2000 годзе. З таго часу тут з’явiлiся зусiм новыя дзiцячыя фармiраваннi: школьнае ляснiцтва, экалагiчны цэнтр, экалагiчная дзiцячая арганiзацыя “Зялёны свет”. Летась вучнi працавалi над новым праектам ландшафтнага дызайну школьнага двара. Праект аказаўся ўдалым — адзначаны як пераможца конкурсу экалагiчных праектаў. Толькi заканчваюць у школе адзiн праект, прапанаваны вучнямi i настаўнiкамi, як тут жа распачынаюць мноства новых.
Штаб “баявых дзеянняў”
Экалагiчны цэнтр школы — у кабiнеце бiялогii. Пасля ўрокаў гэты кабiнет нагадвае хутчэй штаб “баявых дзеянняў”, дзе нараджаюцца самыя смелыя i неверагодныя iдэi, якiя потым становяцца жыццём i ўпрыгожваюць тое самае жыццё.
Пачаткоўцы спасцiгаюць узаемаадносiны з прыродай праз спецкурсы “Экаазбука”, “Экалагiчная школа”, “Пакаёвае кветкаводства”. Старэйшых вабiць экалагiчная сцяжынка, удзел у рабоце экалагiчнага аб’яднання “Зялёны свет”. Старшакласнiкi вучацца сябраваць з прыродай, адстойваць свой пункт гледжання, весцi дыскусii, паважаць чужую думку на экалагiчных канферэнцыях. Для дапытлiвай дзятвы бiблiятэкары афармляюць кнiжныя выставы “Экалогiя ад А да Я”, “Яе Вялiкасць Прырода”.
Экалогiя душы пачынаецца з экалогii акаляючага свету. Таму побач з пакаевымi кветкамi на сценах бiблiятэкi гарманiчна глядзяцца насценныя газеты “Здаровы лад жыцця”.
Цэнтр краязнаўча-пошукавай работы — у школьным музеi, якiм кiруе настаўнiца гiсторыi Алена Людзвiкаўна Дубовiк. Зараз пачаўся новы этап турысцка-краязнаўчай экспедыцыi “Наш край”, i кожны экспедыцыйны атрад атрымаў заданне. На змену ранейшым даследчыкам прыйшлi новыя  хлапчукi i дзяўчынкi, а ў школьным музеi з’явiлiся новыя матэрыялы пра землякоў. Асаблiва любяць займацца пошукамi дагэтуль нязведанага няўрымслiвыя неслухi-хлапчукi — захопленыя рамантыкай даследчыкаў, яны робяць для сябе новыя адкрыццi.
— Бачылi па тэлебачаннi, што вучнi старэйшых класаў навучылiся падрабляць грошы? I вынаходнiкамi былi, заўважце, навучэнцы таленавiтыя, здольныя. Iх толькi ў час не навучылi адрознiваць дабро ад зла, развiвалi розум, забываючы пра мараль, — тлумачыць Мiкалай Мiкалаевiч.
Школа ганарыцца, што большасць выпускнiкоў мiнулага года сталi студэнтамi, але больш за ўсё задаволены тым, што дапамаглi выхаванцам пераадолець першыя ступенькi на шляху да экалогii душы. 


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter