Шклянку чаю і... плюс 300 тон малака

Сакрэты станоўчых зрухаў ад жывёлаводаў Докшыцкага раёна
Жывёлаводы ААТ «Таргуны» Докшыцкага раёна за 10 месяцаў атрымалі 7742 тоны малака, або 104 працэнты да папярэдняга года. МТФ «Двор» выйшла ў верасні пераможцам у абласным спаборніцтве, а ў кастрычніку даярка гэтага калектыву Аксана ВІТКОЎСКАЯ стала лепшай сярод маладых аператараў машыннага даення Прыдзвіння. 

Калектыў МТФ «Двор» віншуе калегу Аксану ВІТКОЎСКУЮ з перамогай сярод маладых аператараў машыннага даення вобласці
Калектыў МТФ «Двор» віншуе калегу Аксану ВІТКОЎСКУЮ з перамогай сярод
маладых аператараў машыннага даення вобласці

Дойны статак ААТ «Таргуны» самы вялікі ў раёне — звыш 2500 кароў. І галоўная праблема — не кармы, якіх назапашана ажно на паўтара года, а цэлы дзясятак фермаў. Большасць — невялікія і аддаленыя, дзе мала рабочых рук. Напрыклад, на ферме «Загалоў’е» працуе толькі адна даярка з бліжэйшай вёскі. Астатніх даводзіцца вазіць за 10 кіламетраў з Гліннага. 

Праўда, як зазначыў дырэктар гаспадаркі Аляксандр Тулоўскі, абстаноўка мяняецца да лепшага. Сёлета закончана карэнная рэканструкцыя на ферме «Вецяры» на 360 кароў з мантажом абсталявання даільнай залы. Распачата будаўніцтва комплекса на 1000 галоў.

А пакуль што і ў гэтых умовах атрымліваюць больш прадукцыі. На ўзбраенне ўзяты два асноўныя прынцыпы: стваранне людзям умоў рабіць і зарабіць! Жывёлаводы падвозяцца на работу на аўтобусах. І галоўнае – яны зацікаўлены ў канчатковым выніку. Так, пры перавышэнні ўзроўню мінулага года і адпаведна высокім гатунку прадукцыі, захаванні працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны дабаўляецца да 50 працэнтаў да зарплаты. У сярэднім яна ў аператараў каля 5 мільёнаў. У асобныя месяцы ў некаторых дасягала да 8 і 10 мільёнаў. Асабліва на раздоі.

Усё гэта яскрава можна прасачыць на прыкладзе перадавой МТФ «Двор», дзе ўтрымліваецца 350 кароў. Загадчык фермы Іван Рубаняк не дае каманды слесару Руслану Дабравольскаму ўключаць дойку, пакуль тыя не вып’юць у чырвоным кутку шклянку гарачага чаю з цукеркамі і пячэннем:

— Рана ўсталі. Можа, некаторыя і не паспелі перахапіць што дома. Хай тут падмацуюцца!

Ён жа са старшай даяркай Ларысай Аліноўскай вызначае, каму якія каэфіцыенты паставіць па рабоце.

Увогуле ж калектыў тут стабільны, дружны, калі што не так, то разбіраюцца паміж сабой па-сямейнаму:

— Біць не б’ём, — паўжартам выдае тайну аператар Аксана Віткоўская, — але таму, хто правінаваціўся, не соладка.

Яно і вядома: не так зрабіў нешта адзін, недалічыўся ў зарплаце ўвесь калектыў. Між іншым гэта адносіцца не толькі да аператараў, але і да слесара Руслана Дабравольскага.

За 10 месяцаў МТФ «Двор» дала прыбаўку малака да мінулага года ў 329 тон!

Адзначаючы поспехі жывёлаводаў ААТ «Таргуны», нельга не назваць спецыялістаў і, у прыватнасці, сямейную пару Таццяну і Мікалая Латковічаў, заатэхніка і ветурача. Шчырыя і адказныя ў працы, яны імкнуцца на працягу амаль двух дзясяткаў год укараніць у гаспадарцы ўсё лепшае, перадавое. 

У малочнай галіне Докшыцкага раёна з пастаноўкай жывёлы на зімоўку ёсць станоўчыя зрухі. У гэтыя дні, згодна інфармацыі намесніка старшыні райсельгасхарчу Наталлі Зямчонак, раён выйшаў па сутачных надоях малака ад каровы на такі ж узровень, як летась, хаця ў верасні адставанне было да 5 працэнтаў. А ў ДП «АграСітцы» і ДП «АграБераснёўка» адпаведна 150 і 117 працэнтаў. Больш леташняга дояць і прадаюць малака ў КУП «Докшыцкі» і ААТ «Докшыцкі райаграсервіс».

Дасягаецца гэта ў многім дзякуючы збалансаванаму кармленню: у роўных долях выдаюцца сянаж і сілас, а камбікорм завозіцца спецыяльны, для кароў. Жывёла размеркавана па цэхах у залежнасці ад прадуктыўнасці.

У ААТ «Докшыцкі» запусцілі даільную залу, дзе сутачныя надоі цяпер – 15 кілаграмаў ад каровы. Такую ж залу мяркуецца адчыніць да канца года ў «АграБераснёўцы».

Станоўчыя зрухі па вытворчасці малака з пастаноўкай жывёлы на зімоўку і ў цэлым па вобласці. Сёння дояць 101,4 працэнта да ўзроўню мінулага года, а ў такіх раёнах, як Бешанковіцкі, Лёзненскі, Сенненскі, Дубровенскі – 113–115 працэнтаў. Рэалізацыя малака па вобласці да адпаведнага перыяду мінулага года – 110 працэнтаў.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter