«Шклоўскi кірмаш» на зніжкі багаты

У мінулым годзе ён у Шклове праходзіў летам і восенню. У гэтым жа арганізатары выбралі тры вясновыя дні.

СЁННЯ ўніверсальны кірмаш- выстава збярэ ў горадзе аматараў танных тавараў — ужо ў трэці раз

У мінулым годзе ён у Шклове праходзіў летам і восенню. У гэтым жа арганізатары выбралі тры вясновыя дні.

— Увосень я спецыяльна ездзіла на гэты кірмаш — так расхваліла яе мая сяброўка. І невыпадкова: у рознічным продажы знайшла не толькі смачныя харчы, але і тэкстыль, тканіны, баваўняныя вырабы, абутак па цэнах без гандлёвых надбавак. Купіць у адным месцы ўсё, што неабходна — ад адзення да прадуктаў, — гэта добра! І для гаспадыні вельмі зручна. Так, мне не прыйшлося бегаць з аднаго канца горада ў другі, каб купіць дачцэ сукенку, пальчаткі і яшчэ паесці што-небудзь. Усё тут, і такое прыгожае! Я лічу, што наша прадукцыя не саступае ні па якасці, ні па дызайне сусветным брэндам. І калі зыходзіць з таго, які ажыятаж быў на кірмашы ў мінулы раз, гэта мэта дасягнута, — лічыць жыхарка вёскі Грамокі Тамара Паласкун.

Начальнік аддзела эканомікі Шклоўскага райвыканкама Таццяна Асіпёнак тлумачыць:

— Гандлёвыя рады будуць размешчаны ў цэнтры горада на плошчы, таму месца паўдзельнічаць хопіць усім жадаючым. У мінулым годзе пакупнікі, ды і я сама, былі здзіўлены, колькі ўсяго прывезлі. Нават мёд і прыправы прадавалі. Вельмі добры трыкатаж, шмат цікавых мадэляў. І цяпер Шклоў чакае кірмаш, як свята. Людзі ведаюць, што хаця кошт на некаторыя тавары будзе практычна аднолькавы з крамай, але выбар у разы большы. А для гандлёвых прадпрыемстваў гэта яшчэ і добрая магчымасць не толькі для рэкламы, але і для дадатковага заробку.

Многія гандлёвыя прадпрыемствы знізілі рознічныя цэны, гандлёвыя надбаўкі, каб прадаць больш і нарасціць таваразварот.

— У кірмашы мы будзем удзельнічаць ужо другі раз. Мінулы год для нас быў удалы — нагандлявалі на 30 мільёнаў беларускіх рублёў. У гэтым годзе, вядома, хочам прадаць больш, інакш і не ехалі б. На кірмашы карыстаецца попытам наша пячэнне, раскупляюць ўсё. Да таго ж і кошт прымальны: кіло ад 20 да 35 тысяч беларускіх рублёў. У гэты раз на некаторыя віды пячэння мы ўсталявалі зніжкі ў 15 працэнтаў. Падабаецца пакупнікам наш новы хлеб «Дамачай» з семкамі, цукеркі «Му-Му», «Птушка-сінічка». У пунктах гандлю будуць лістоўкі з нашым таварам, каб людзі ведалі, што мы можам прапанаваць, — падзялілася з карэспандэнтам «СГ» таваразнаўца фірменнага гандлю ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Дамачай» Валянціна Макаранка.

Усяго ў Шклове прадставяць прадукцыю больш за 45 арганізацый і фірмаў з усіх абласцей Беларусі. Тэкстыль — ААТ «Стужка», «Магілёўтэкстыльторг», ААТ «Элема», ААТ «Магатэкс». Новую калекцыю жаночага адзення — «Алеся». Каўбасы, малако, смятану і хлеб прывязуць «Аршанскі мясакансервавы камбінат», ААТ «Жлобінскі мясакамбінат», «Магілёўхлебпрам», «Гомельскі мясакамбінат». А на дэсерт свае ласункі прапануе «Дамачай» з Магілёва.

— Я вельмі люблю такія кірмашы, бо ёсць тут танныя рэчы, — кажа пенсіянерка Зоя Андрэеўна з вёскі Шастакі Шклоўскага раёна. — Шмат тавараў, што аж вочы разбягаюцца, выбар большы, чым у крамах. За адзін дзень усё і не разгледзіш, таму заўсёды імкнуцца і на другі дзень на кірмаш трапіць. У мінулым годзе ўнукам кашулькі прыгожыя купіла, носяць іх з задавальненнем. У гэты раз хачу абнавіць ім вясновы гардэроб, бо вопратку прадаюць сезонную, што таксама вельмі добра. А прадуктаў — на любы густ: каўбасы розных вытворцаў, малочныя вырабы, для гаспадыні — рай! А калі вытворцы прапануюць тавар са зніжкамі — ўдвая прыемна.

Асноўная ідэя — паказаць Шклоў як горад з развітым эканамічным патэнцыялам. Таксама кірмаш — добрая магчымасць развіцця гандлёвых сувязяў рэгіёна. На выставе запланаваны прэзентацыі фірмаў, асобных тавараў і паслуг, дэгустацыя прадукцыі.

Таццяна БІЗЮК, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter