Чаканнем новай вясны жыве перадавая ганцавіцкая даярка Марыя Радзюк

Шкада, што робаты выцясняюць моладзь

Чаканнем новай вясны жыве перадавая ганцавіцкая даярка Марыя Радзюк


АДЗІНАЯ з аднакласнікаў пасля заканчэння Круговіцкай сярэдняй школы Марыя РАДЗЮК пайшла ў даяркі на малочна-таварную ферму "Шашкі" ганцавіцкага калгаса імя Кірава, дзе жывёлаводамі працавалі яе бацькі, старэйшая сястра і браты. З малых гадоў дзяўчынка дапамагала маці даглядаць жывёлу, сама даіла кароў. Захапіла яе праца жывёлавода, і без ваганняў пасля атрымання атэстата сталасці прыйшла на калгасную ферму. Хутка пра поспехі маладой даяркі загаварылі не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне.



Марыя Аляксандраўна выбіралася ў Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў і ў Вярхоўны Савет рэспублікі. Узнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”, ганаровымі граматамі Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Малочна-таварная ферма “Шашкі” КСУП “Агарэвічы” лідыруе ў Ганцавіцкім раёне па вытворчасці малака. За сем месяцаў Марыя Радзюк надаіла ад кожнай каровы амаль па чатыры тысячы кілаграмаў малака і спадзяецца да канца года выйсці на сямітысячны рубеж.

ЯШЧЭ чытаць не ўмела меншая дачушка калгасных жывёлаводаў Марыі Піліпаўны і Аляксандра Адамавіча Радзюкоў, а з даёнкай смела падыходзіла да каровы. Калі чула, што пад’язджае да кароўніка старшынёўскі "ўазік", хавалася, каб строгі кіраўнік не ўбачыў яе за дойкай, баялася, каб не пакараў маці за тое, што маленькую дачку пускае кароў даіць.

На Шашкоўскай малочна-таварнай ферме з першых пасляваенных гадоў даіла кароў маці, а потым да яе далучылася і старэйшая сястра Ірына. Бацька і браты, Анатоль і Іван, даглядалі калгасную жывёлу. Каля родных бавіла час і падрастаючая Марыйка. У драўляных кароўніках, пабудаваных пасля арганізацыі калектыўнай гаспадаркі, жывёлаводы ўручную раздавалі кармы, чысцілі памяшканні, насілі напоўненыя малаком бітоны. Пакуль маці даглядала замацаваную групу кароў, дачушка знаходзіла сабе занятак. Пасябравала і паддойвала вялікую рахманую карову, якая падпускала яе да сябе. Засвоіла працу даяркі, і падчас школьных канікулаў падмяняла маці, якой хапала спраў па хатняй гаспадарцы.

Увішная ўнучка паспявала і з бабуляй Марыяй Казіміраўнай па ягады хадзіць, калгасныя буракі на полі апрацоўваць, лён церабіць. Не цуралася аніякай сялянскай працы. У школе вучылася паспяхова. Пасля заканчэння дзесяцігодкі аднакласнікі падаліся паступаць у вышэйшыя ці сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і прафтэхвучылішчы, абы толькі не заставацца ў вёсцы. Марыя без ваганняў вырашыла стаць даяркай. Сваё жыццё не ўяўляла без родных Шашкоў, дзе падворкі патанаюць у садах, палісаднікі да позняй восені палаюць стракатымі колерамі вяргінь, гладыёлусаў, астраў, флоксаў. Прыгожыя клумбы кветак красаваліся і перад Шашкоўскай пачатковай школай. З настаўніцай Ганнай Цітаўнай Мяшковай вучні старанна даглядалі кветнік. Даўно закрылі пачатковую школу. У вёсцы, дзе некалі было звыш ста падворкаў, засталася толькі трэцяя іх частка. Адзіная шашкоўская школьніца, дачка даяркі Алы Лелес, вучыцца ў Круговіцкай сярэдняй школе. Пераважна пенсіянеры засталіся ў неперспектыўнай вёсцы, дзе пусцеюць падворкі. У пакінутым старым бацькоўскім садзе Ра- дзюкі пасуць карову.


Марыя РАДЗЮК, 1975 г.
Сярод старых яблынь і груш засталася апусцелая бацькоўская хата, пабудаваная яшчэ да вайны. Гаспадыня гэтага падворка зведала сіроцкае дзяцінства. Старэйшая сястра Адарка прытуліла яе, а потым і замуж за аднавяскоўца Аляксандра Радзюка аддала. Маладыя збудавалі сваю хату ў Шашках, дзе перажылі нямецка-фашысцкую акупацыю, і як толькі Чырвоная Армія вызваліла мясцовасць ад гітлераўцаў, Аляксандр развітаўся з жонкай, трыма дзеткамі і пайшоў на фронт. Вызваляў беларускія і польскія гарады і вёскі. У адным з баёў з адступаючымі фашыстамі на тэрыторыі Польшчы атрымаў цяжкае раненне, і вярнуўся з вайны інвалідам другой групы. Без працы не мог, і ў арганізаваным калгасе пасвіў кароў, трымаў сваю гаспадарку. Старэйшым дзецям, якія займелі свае сем’і, бацькі дапамаглі будавацца. А малодшай Марыі да замужжа дыхтоўны дом у Шашках узвялі. Пасватаўся да яе аднавясковец Мікалай Радзюк, так што і прозвішча не трэба было пасля заключэння шлюбу мяняць. Вяселле зладзілі.

— У пасаг карову атрымала, а бацькі Мікалая падарылі падсвінкаў, — узгадвае пачатак сямейнага жыцця Марыя Радзюк. – Справілі ўваходзіны ў новым доме, вясною яблыні і грушы пасадзілі. Вуліца наша кароткая і завяршаецца неглыбокім ярком, за якім пабудавана новая жывёлагадоўчая ферма, абсталяваная па-сучаснаму. У старых пасляваенных памяшканнях пачынала сваю працу. Загадчык фермы Іван Высоцкі замацаваў за мною 14 дойных кароў, а цяпер мая група ў тры разы большая. У зімовы час даводзілася дзяжурыць на ферме ўсю ноч, распальваць дровамі кацёл і грэць ваду для мыцця вёдраў і бітонаў. Калгас пабудаваў новую малочна-таварную ферму, калі ўжо нарадзілася першая дачка. Лягчэй стала працаваць. Доўга ў дэкрэце не затрымалася. І пасля нараджэння другой дачушкі дэкрэт быў нядоўгім. Бацькі дапамагалі выхоўваць дзяўчынак.

— Прывучалі да сялянскіх справаў?

— Даіць калгасных кароў не вучылі, бо даенне стала аўтаматычным. А сваю кароўку дачкі даілі і мне дапамагалі навязваць жывёлу пасля вяртання з пашы. Парадак у доме наводзілі, агарод палолі, кветкамі падворак упрыгожвалі. Дзякуючы іх старанню і мае справы спорыліся.

У Ганцавіцкім раёне працаваў клуб чатырохтысячніц, і я ў ім была. На нашу ферму прыязджалі з іншых гаспадарак вучыцца атрыманню высокіх надояў. Пяць- дзясят кароў у маёй групе. Як да кожнай падыдзеш — такі і вынік атрымаеш. Бывае, што на непаслухмяную карову павышу голас, і яна замкнецца. Падсыплю камбікорму — і аддасць малако.

На старой ферме ўручную паілі жывёлу каля крыніцы з карыта. Нават у лютыя маразы вада не замярзала. З Ганцавіцкага гароднінасушыльнага завода прывозілі жом і параную бульбу, бручку. Перамешвалі з сенам і кармілі.

Летам выганялі статак на луг за вёску Красынічы. Там некалі праклалі вузкакалейку, па якой вазілі з бору лес да чыгуначнай станцыі. Па вузкакалейцы да летняй дойкі мы цягалі ваганетку, гружаную парожнімі пляшкамі для чатырнаццаці даярак. І назад загружалі іх малаком і цягнулі амаль кіламетр.

— Умовы працы ў вас з іншымі даяркамі заўжды аднолькавыя, а вынікі розныя. Чаму?


— Усё залежыць ад старання. Па 15 кілаграмаў малака надойвала ў суткі ад каровы. Гэта быў высокі паказчык. Мяне выбралі дэпутатам абласнога Савета, а потым і Вярхоўнага Савета рэспублікі. У поспеху заслуга не толькі мая, а ўсёй сям’і. Муж цягаў саракалітровыя бітоны з малаком, дачкі летам дапамагалі карміць і даіць кароў. Усёй сям’ёю працавалі на ферме.

— Ладна атрымлівалася?

— Па надоях першынствавала ў сацыялістычным спаборніцтве па калгасе і ў раёне. Граматамі, грашовымі прэміямі, каштоўнымі падарункамі ўзнагароджвалі. Атрымала права па-за чаргой купіць аўтамашыну “Масквіч”. Муж працаваў у раённым аб’яднанні “Сельгастэхніка”. Вярнуўся ў гаспадарку, і жывёлу на ферме даглядае. Шмат гадоў нам паслужыў той “Масквіч”, і дачкі ім карысталіся. Яны замужам, жывуць у Ганцавічах. На выхадныя прыязджаюць. Дапамагаюць з агародам упраўляцца.

— На вашым падворку цесна ад жыўнасці. Як паспяваеце з усім упраўляцца?

— Як у прымаўцы: хто рана ўстае, таму Бог дае. Карову, свіней, курэй, гусей гадуем. На досвітку ўстаю, каб паспець усіх накарміць, напаіць. Дапамагае муж Мікалай, які на год мала- дзейшы. Разам у школу хадзілі, у армію з сяброўкамі праводзілі. Вярнуўся са службы, і мяне замуж узяў. Больш за сорак гадоў разам. Пакуль я занята на ферме, Мікалай упраўляецца па гаспадарцы. Два вядры вячэрняга і ранішняга малака выстаўляе на вуліцу для малаказборшчыка. Продаж малака папаўняе сямейны бюджэт.

— Як у летні лагер дабіраецеся?

— Зараз статак пасецца паблізу ад вёскі. А так у палове пятай раніцы Сяргей Муха падвозіць нас на кані. Каровы круглыя суткі на пашы. У ліпеньскую спёку, калі травастой выгараў, ім выдавалі зялёную масу, і ўдоі трымаліся на ўзроўні.

— Які летні месяц выдаўся больш малочным?


— У чэрвені сакавіты травастой, і ад найбольш прадукцыйных кароў надойвала амаль па 30 кілаграмаў малака ў суткі. Кожную пястую, даглядаю як мае быць. Пастух Аляксандр Халецкі дапамог ноччу карове з маёй групы расцяліцца, напаіў цялятка малодзівам. Мне паведаміў пра прыбаўленне. Часта даводзіцца пастухам ноччу прымаць ацёлы. Маладняк утрымліваецца ў спецыяльных клетках, і кожнае цялятка поім малаком ад   каровы, якая ацялілася.

Амаль 670 галоў буйной рагатай жывёлы на нашай ферме. Трэцяя частка – дойныя каровы, якія даюць штодзённа чатыры тоны малака. На пачатку лета валавы надой быў большы. Травастой лепшы, і каровы пасля масавых ацёлаў. Пераводзім статак на канюшыну. Цудоўная маса, што ступіць нагою шкада. У жывёлы адразу павышаецца прадукцыйнасць.

— Высокія надоі залежаць і ад старання пастуха?

— У нас іх трое, і кожны імкнецца выбраць лепшую пашу. У любое надвор’е пільна глядзяць за статкам. Каровы сытыя — і вынікі добрыя.

— Марыя Аляксандраўна, вы амаль паўвека доіце кароў. А хто вас заменіць?


— Не толькі я, але і сяброўкі па ферме немаладых гадоў. Працуем амаль без выхадных. Знайсці замену не так проста. Хочацца і выхадны мець, і на свята ў царкву наведацца. На цэнтральнай сядзібе гаспадаркі па ініцыятыве былога старшыні Міхаіла Кунцэвіча паўстаў цудоўны мураваны храм Святога Уладзіміра.

У нашай вёсцы Шашкі моладзі няма, а з цэнтральнай сядзібы, аграгарадка Агарэвічы, наўрад ці хто захоча ездзіць за некалькі кіламетраў на працу. У перадавых гаспадарках рэспублікі даярак ужо замянілі робаты. Для таго каб імі абсталяваць ферму, неабходны вялікія сродкі. І ці выхад гэта? Варта ствараць умовы, каб моладзь імкнулася заставацца на вёсцы. У Агарэвічах пустуе шыкоўны новы катэдж, пабудаваны для галоўнага ветурача, пасада якога вакантная.

— А у вас не з’яўлялася думка атрымаць жывёлаводчую адукацыю?

— У гады дэпутацтва мела прапанову завочна вучыцца ў сталічным інстытуце. Заставалася толькі падаць дакументы і прыехаць на ўступныя экзамены. Ферму не магла пакінуць, і свая гаспадарка не адпускала. Але не шкадую, што не атрымалася вучыцца. Амаль паўвека даю кароў і задаволена, што выбрала такі шлях.

Вясковы ўклад мяняецца. У Шашках кароў не ўсе гаспадары трымаюць. Раней тры статкі пасвіліся вакол вёскі, а цяпер лічаныя жывёлы. Сенам, саломай гаспадарка забяспечвае. Толькі не лянуйся і клапаціся пра падворак. Арганізаваны закуп малака ў насельніцтва.

Уладзе, вучоным варта звярнуць увагу, каб зацікавіць селяніна трымаць гаспадарку. У савецкія часы дзейнічалі маральныя і матэрыяльныя стымулы. Цяпер матывацыя звялася да заробкаў, якія залежаць не толькі ад валавой вытворчасці малака, але і якасці прадаваемага на перапрацоўку. У нас, на жаль, яшчэ няма тэхналагічнай магчымасці выходзіць на экстра-клас. А па надоях лідыруем у раёне. У сярэднім па ферме штодзённа атрымліваем больш як па дваццаць кілаграмаў малака ад кожнай каровы. Доім тройчы ў суткі. Больш прадукцыйная жывёла даўжэй стаіць пад даільным апаратам, а значыць, больш ужывае камбікорму, што паступае ў кармушкі, і аддача адпаведная. Цяжкавата было ў сярэдзіне лета, калі даймала спякота. Паша выгарала. І летась з-за засухі жывёлу ўтрымлівалі ў балотным урочышчы "Доўгае". Калі перавялі статак у памяшканне, заўважылі, што ў адной каровы стала прападаць малако. Ноччу прыпаўзаў вужака і выпіваў яго.

Улічваючы мінулагоднюю засуху, сёлета пашырылі плошчы пад сеянымі травамі, і зялёнай падкормкай удосталь кармілі жывёлу. Дабіліся на тры кілаграмы большага сярэднясутачнага надою да каровы не толькі па нашай ферме, але і па гаспадарцы.

— Марыя Аляксандраўна, у які час года даярцы лягчэй працаваць?


— Аднолькава складана. Кожная карова са сваім норавам, і гэта варта ўлічваць, калі хочаш добрых вынікаў. Крыху лягчэй, калі статак на пашы. Не трэба памяшканне прыбіраць, кармы раздаваць.

А якое задавальненне для душы, калі вясновым золкам крочыш праз альхоўнік на ферму і наваколле заліваецца салаўінымі пералівамі. Жыву чаканнем новай вясны. Пра гэта расказвала аднакласнікам, калі збіраліся праз сорак гадоў пасля заканчэння школы. Мне пашчасціла на мужа, сям’ю і працу. Зяці харошыя, працавітыя. Траіх унукаў маем. Старэйшая ўнучка Настасся выдатніца ў школе, пастаянна ўдзельнічае ў алімпіядах, а меншыя Віка і Ягорка збіраюцца ў першы клас. Няхай і іх жыццёвы лёс будзе шчаслівым!

Ганцавіцкі раён

Фота аўтара і з архіва Марыі РАДЗЮК

Уладзімір СУБАТ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter