У Мінску прадставяць шэдэўры ювелірнага мастацтва Сярэдняй Азіі

Шэсце Залатога чалавека

Выстаўка шэдэўраў ювелірнага мастацтва Сярэдняй Азіі пачне працаваць у Нацыянальным мастацкім музеі з 2 снежня. Яна адбываецца ў ходзе міжнароднага праекта «Шэсце Залатога чалавека па музеях свету» і знаёміць гледачоў з культурнай спадчынай Вялікага стэпавага пояса Еўразіі. На выстаўцы будзе прадстаўлена сакскае золата эпохі ранняга жалеза — VII–ІІІ стст. да н. э.

Кожнае з упрыгажэнняў адзення Залатога чалавека — унікальны твор мастацтва.
У 1969 годзе ў кургане Ісык, што за 50 км на ўсход ад горада Алматы, археалагічнай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам вядомага казахстанскага археолага Кемаля Акішава была адчынена пахавальная камера з сакскім правадыром. Усе ўпрыгажэнні касцюма і галаўнога ўбору правадыра ляжалі некранутымі ў той паслядоўнасці, у якой яны былі нашыты на адзенне. Гэта дало магчымасць узнавіць унікальную мадэль «чалавека ў залатым адзенні».

Убранне насілі ў дні ўрачыстых прыёмаў і парадных аглядаў. Адзенне знойдзенага сакскага правадыра ўпрыгожвае складаная, поўная гармоніі кампазіцыя з бляшак з выявамі жывёл, раслінных матываў і геаметрычных фігур. Усе яны з’яўляюцца творамі мастацтва і належаць да помнікаў скіфа-сібірскага звярынага стылю.

Пахаваны ў кургане воін сапраўды быў «залаты». У пахавальнай камеры археолагі знайшлі 4800 упрыгажэнняў. Пасля фараона Тутанхамона гэта найбольшая колькасць залатых прадметаў, калісьці знойдзеных у могільніках.

Сёння «Залаты чалавек» вядомы ўсяму свету і з’яўляецца сімвалам Рэспублікі Казахстан.

Унікальнай знаходкай з гэтага кургана з’яўляецца таксама маленькі срэбны кубак, які змяшчае двухрадковы надпіс з 26 знакаў рунічнага пісьма. Раней лічылася, што пісьменнасць на тэрыторыі Казахстана з’явілася нашмат пазней, але гэты надпіс на срэбным кубку — доказ таго, што пісьмо тут з’явілася амаль на тысячу гадоў раней.

З дня адкрыцця кургана Ісык прайшло больш за 40 гадоў. За гэты час выдадзена некалькі кніг і дзясяткі навуковых артыкулаў. Па сённяшні дзень вядуцца гісторыка-аналітычныя, лінгвістычныя, мастацтвазнаўчыя, археолага-культуралагічныя даследаванні ісыкскай знаходкі.

На выставе таксама прадстаўлены вырабы, знойдзеныя ў кургане старажытных качэўнікаў Бярэль, што атрымалі сусветную вядомасць дзякуючы пахаванням знаці і высокамастацкім вырабам, якія выкананы ў скіфа-сібірскім звярыным стылі і захаваліся ў зоне штучна створанай мерзлаты.

Работа выстаўкі працягнецца да 28 снежня.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter